От фундамента до крыши: Шумилинская ПМК-70 строит прочно!

Главное Общество Экономика

Слова – дырэктару Шумілінскай ПМК-70 Аляксею КРЫЎКО:

  – Асноўнымі напрамкамі дзейнасці Шумілінскай ПМК-70 на сённяшні дзень з’яўляюцца будаўніча-мантажныя і спецыяльныя работы як у раёне, так і на тэрыторыі Віцебскага, Ушацкага, Бешанковіцкага і Полацкага раёнаў.

Сёлета работнікі нашага прадпрыемства мадэрнізавалі адміністрацыйна-спальны корпус ДАЦ «Дружба» ў Амбросавічах, зрабілі капрамонт жылога дома № 78 па вуліцы Сіпко ў Шуміліне і пабудавалі 40-кватэрны жылы дом па завулку Угнявёнка, д. 9 у Шуміліне.
У партфелі заказаў прадпрыемства на 2025 год – і будаўніцтва панэльнага дома ў г. п. Ушачы. У планах на наступны год – будаўніцтва двух панэльных дамоў у Шуміліне і Гарадку.
Зараз работнікі прадпрыемства працуюць на будаўніцтве 40-кватэрнага жылога дома ва Ушачах, робяць капітальны рамонт жылога дома № 16 па вул. Юбілейнай у Шуміліне і двух жылых дамоў у Лётцах.
Прадпрыемства трымае высокую планку дзякуючы камандзе прафесіяналаў, высокай якасці выкананых работ, захаванню тэрмінаў будаўніцтва і разумным коштам. Вялікая ўвага надаецца ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы. Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 901 тыс. рублёў. Набыты бетонны завод, пагрузчык франтальны колавы, сядзельны цягач.
Асноўныя вытворча-эканамічныя паказчыкі КУБП «Шумілінская ПМК – 70» за першае паўгоддзе 2025 года: аб’ём падрадных работ склаў 8121 тыс. руб. (за адпаведны перыяд мінулага года – 5822 тыс. руб., 139,5%), выручка ад рэалізацыі прадукцыі – 12031 тыс. руб. (140,5%), рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг – «плюс» 9,2%, сярэднямесячная зарплата – 2,2 тыс. руб. (летась – 1,7 тыс. руб.). Спісачная колькасць работнікаў на 1 жніўня складае 182 чалавекі.
У 2024 годзе на прадпрыемстве ўведзена надбаўка «За адданасць прадпрыемству». Яе памер залежыць ад тэрміну бесперапыннага стажу на прадпрыемстве, максімальны памер складае 15% ад фонду зарплаты за справаздачны перыяд.
Сёлета на прадпрыемстве ўведзена прэмія «Ударнік». Сутнасць яе ў наступным: пры перавышэнні парогавага значэння па прадукцыйнасці працы кожны зароблены рубель аплачваецца ў двайным памеры.
У мэтах падтрымкі і матэрыяльнага стымулявання маладым спецыялістам штомесяц выплачваецца даплата ў памеры да 4 БВ.
На прадпрыемстве актыўна вядзецца экскурсійная работа. Сёлета ўсе жадаючыя бясплатна змаглі наведаць дэльфінарый у Мінску, спаборніцтвы па рыбнай лоўлі, Нясвіжскі замак, забаўляльны цэнтр «Містэрыя», ілюзійнае шоу Ільі Кахановіча, аквапарк «Лябяжы», парк гісторыі «Сула», канцэрт на Славянскім базары, Брэсцкую крэпасць, гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна».
Напярэдадні прафесійнага свята хочацца выказаць словы ўдзячнасці кожнаму работніку. Вы – сімвалы стабільнасці, сваёй адданай працай вы паказваеце, што ў Шумілінскай ПМК‑70 ёсць надзейная перспектыва і стабільная будучыня, сваім прыкладам вы паказваеце, што і дома пры жаданні можна зарабляць добрыя грошы.

Апарат кіравання
Вытворча-тэхнічны аддзел узначальвае Лідзія Быкава, бухгалтарскага ўліку – Святлана Мацюшчанка. Плённа працуюць спецыялісты аддзела па арганізацыі кадравай і прававой работы, эканамічнага аддзела (работу курыруе намеснік дырэктара па фінансава-эканамічнай дзейнасці Наталля Краўчанка), дыспетчарскай службы, сектара па маркетынгу. Спецыялісты займаюць розныя пасады, але аб’яднаны адной справай – працуюць на карысць прадпрыемства. З гонарам адзначаюць, што ёсць добрыя паказчыкі ў рабоце.

«Задаволены, што ў Шуміліна трапілі»
У Арцёма Жукава і Ільі Тхорава на гэтым тыдні пачалася самастойная працоўная дзейнасць. Хлопцы закончылі Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, атрымалі спецыяльнасці плітачніка, муляра і абліцоўшчыка і па размеркаванні прыехалі ў ПМК‑70. «Задаволены, што ў Шуміліна трапілі, – кажа Арцём за дваіх. – Я родам з Віцебска, дабірацца лёгка. Ілья з Багушэўска, але яму таксама спадабалася Шуміліна». Хлопцам адразу прадаставілі жыллё ў інтэрнаце, пасялілі ў адным пакоі. Вопытныя будаўнікі навучаць іх тонкасцям работы.

Майстры будбрыгад
Майстры прадпрыемства, якія непасрэдна падпарадкоўваюцца намесніку дырэктара – галоўнаму інжынеру Раману Карасёву, кіруюць работай сваіх брыгад і кантралююць яе. Яны ў адказе за людзей і своечасовую пастаўку будматэрыялаў. А работы сёлета дастатковы – капітальна рамантуюцца два жылыя дамы ў Лётцах і адзін у Шуміліне, будуецца 40-кватэрны жылы дом ва Ушачах. Шумілінскія будаўнікі ў пашане не толькі ў нашым раёне.

Плінтусы, растворы, блокі
Падсобнай вытворчасцю кіруе старшы майстар Мікалай Ушал. У яго падпарадкаванні – работнікі цэха дрэваапрацоўкі, жалезабетонных вырабаў і раствора-бетоннага вузла. Тут робяць матэрыялы для крокваў, дошкі для падлог, драўляныя дзверы, аконныя рамы – усё неабходнае для будаўніцтва і рамонту дамоў. Адсюль забіраюць на аб’екты блокі, пліты, цэментныя растворы, бетон. Уласны будматэрыял значна змяншае кошт рамонтаў.

Будаўнічы аб’ект: узвядзенне дома
У красавіку шумілінскія будаўнікі пачалі ўзводзіць 40-кватэрны панэльны жылы дом ва Ушачах. Зараз тут шчыруюць брыгада Віталя Баранава і штукары з мясцовай ПМК. Узведзены першы паверх. Работы ідуць згодна з планам. «Для нашай брыгады будаўніцтва панэльнага дома – новая справа, – адзначае Віталь Баранаў. – У наступным годзе возьмемся за будаўніцтва панэльнага шматкватэрнага дома ў Шуміліне».

Будаўнічы аб’ект: капрамонт дома
Працягваецца капрамонт дома № 16 па вуліцы Юбілейнай у Шуміліне. У асноўным тут працуюць рабочыя з брыгады Аляксея Васкоўскага. Зроблены даволі вялікі аб’ём, у тым лік і дах. Зараз устанаўліваюцца дзверы ў месцах агульнага карыстання, агароджваецца дах.

За рулём
Вадзіцелі аддзела транспарту і механізацыі (начальнік аддзела Аляксей Жураўлёў) пастаянна ў руху. Дастаўляюць да аб’ектаў людзей і будаўнічыя матэрыялы. Ад іх спрытнасці і прафесіяналізму залежыць хуткасць работы брыгад. Усе вадзіцелі тут вопытныя, некаторыя засталіся працаваць пасля выхаду на заслужаны адпачынак.

Сантэхнікі
Брыгаду сантэхнікаў, якую ўзначальвае Яўген Картыннік, мы заспелі каля дома № 78 па вуліцы Сіпко ў райцэнтры, дзе вядзецца капітальны рамонт. Сантэхнікі ставяць у падвалах новыя ацяпляльныя і водаправодныя трубы, мяняюць у кожнай кватэры сушылкі для ручнікоў і стаякі. Таксама ўсталявалі два цеплавыя вузлы, новыя помпы. І калі раней жыльцы дома злівалі ваду, каб дачакацца гарачай, то цяпер яна цячэ гарачая адразу.

Будаўнічы аб’ект: капрамонт двух дамоў. 

Шумілінскія будаўнікі не першы год робяць капітальны рамонт шматкватэрных дамоў за межамі раёна. У мінулыя гады былі Віцебск, Полацк, Гарадок. Сёлета «дэсанціраваліся» ў Лётцы і адразу рамантуюць два дамы. На аб’ектах працуюць брыгады Леаніда Братава, Валерыя Чарвянкова і Аляксандра Шабулдаева.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *