Уверенно идти вперёд пожелал глава Витебской области Александр Субботин новому председателю Шумилинского райисполкома Николаю Будневичу

Власть Главное Край шумілінскі Новости Общество

У Шумілінскім раёне новы старшыня райвыканкама. «Упэўнена ісці ўперад»

24 лістапада на пазачарговай 17-й сесіі Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў на пасаду старшыні Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта зацверджаны Будневіч Мікалай Аляксеевіч. 20 лістапада яго кандыдатура была ўзгоднена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам.

У рабоце сесіі бралі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Уладзімір Юргевіч. Былі запрошаны члены раённага выканаўчага камітэта, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Дзяніс Захарэвіч адзначыў, што старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык звольнены з пасады па ўзгадненні бакоў.

Прадстаўляючы кандыдатуру на пасаду новага кіраўніка раёна, Дзяніс Віктаравіч зазначыў, што Мікалай Будневіч не мае патрэбы ў прадстаўленні, бо да сённяшняга дня займаў пасаду старшыні Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў і ўсе яго добра ведаюць як кіраўніка, які здольны эфектыўна ўпраўляць, які мае добрыя арганізатарскія якасці, умее працаваць з людзьмі. Ён прапанаваў дэпутатам зацвердзіць рашэнне кіраўніка вобласці аб назначэнні Мікалая Будневіча на пасаду старшыні раённага выканаўчага камітэта.

У падтрымку гэтай прапановы выступілі дэпутаты Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў – дырэктар ААТ «Обальскі керамічны завод» Сяргей Ляўшоў, начальнік Шумілінскага ўчастка электрычнай сувязі РУП «Белтэлекам» Юрый Маскалькоў, начальнік участка паштовай сувязі Шуміліна РУП «Белпошта» Алеся Новікава.

Дэпутаты раённага Савета аднагалосна шляхам адкрытага галасавання зацвердзілі назначэнне Мікалая Будневіча на пасаду старшыні Шумілінскага райвыканкама. Пасведчанне М. А. Будневічу ўручыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

— Мікалай Аляксеевіч, раён для вас не чужы, вы тут нарадзіліся, вас тут усе ведаюць. Менавіта таму на вас выпаў выбар. Вы не толькі вялікі прафесіянал, але ведаеце глыбіню праблем Шуміліншчыны і ўмееце знаходзіць агульную мову з людзьмі. Спадзяюся, што з вашым прыходам раён і далей упэўнена пойдзе ўперад, – адзначыў кіраўнік вобласці, віншуючы Мікалая Будневіча. – Шуміліна – гэта спадарожнік Віцебска, адзін з самых блізкіх гарадоў. І тут больш інтэнсіўна павінны развівацца вёска, прамысловасць. Я думаю, што ўсё ў вас павінна атрымацца!

Мікалай Будневіч у сваёй прамове падкрэсліў, што новую пасаду ў першую чаргу ацэньвае як вялікую адказнасць, падзякаваў усім за аказаны яму высокі давер і паабяцаў працаваць сумленна, старанна і самааддана, прыносіць карысць малой радзіме.

Прысутныя цёпла развіталіся з былым кіраўніком раёна Сяргеем Галынчыкам, які падзякаваў усім за сумесную работу і выказаў спадзяванне, што прынятае рашэнне будзе правільным і ключавым.

.

Губернатар вобласці ўручыў Сяргею Аляксандравічу Ганаровую грамату Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў.

Алена КАРПУШЭНКА.

Даведка “ГП”

БУДНЕВІЧ Мікалай Аляксеевіч 1973 года нараджэння, нарадзіўся ў г. п. Обаль Шумілінскага раёна. Мае вышэйшую адукацыю. У 1995 годзе закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці «аграхімія і глебазнаўства», у 2011 годзе – Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «кіраванне органамі ўнутраных спраў», у 2025 годзе – Академію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “дзяржаўнае і мясцовае кіраванне”.

   Пасля заканчэння БДСГА з 1995 да 1997 года М. А. Будневіч працаваў аграномам калгаса «Обальскі» Шумілінскага раёна, у 1997-1998 гг. быў намеснікам дырэктара Обальскага вытворчага камбіната «Інфра-Вёска» Шумілінскага раёна. У 1998-1999 годзе ўзначальваў калгас «Обальскі». Пасля зноў вярнуўся ў Обальскі вытворчы камбінат «Інфра-Вёска» і год адпрацаваў там інжынерам-тэхнолагам.

  З 2001 да 2010 года служыў у органах унутраных спраў.

  З 2010 да 2021 года працаваў старшынёй Обальскага сельскага  Савета дэпутатаў.

 З 4 лютага 2021 года займаў пасаду старшыні Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў.

  24 лістапада 2025 года зацверджаны на пасаду старшыні Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *