Як выгульваць сабаку?
«Мой сусед выгульвае на вуліцы коргі без павадка, я зрабіў яму заўвагу. Ён адказаў, што сабака маленькі, значыць павадок не патрэбны. Ці так гэта?» – пытаецца Аляксандр.
На пытанне адказвае адвакат юрыдычнай кансультацыі Шумілінскага раёна Наталля СІНКЕВІЧ:
– Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2001 г. № 834 зацверджаны Правілы ўтрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь. Дадзеныя Правілы змяшчаюць і абавязкі ўладальнікаў катоў і сабак. Згодна з пунктам 4 Правілаў уладальнікі сабак абавязаны выводзіць у выпадку патрэбы сабак з кватэр ці іншых ізаляваных памяшканняў у месцы агульнага карыстання на кароткім павадку і ў намордніку, за выключэннем шчанюкоў ва ўзросце да трох месяцаў і дэкаратыўных сабак ростам да 25 сантыметраў у карку, якіх можна выводзіць на павадку без намордніка.
Дадаткова падкрэслю, што ўладальнікі сабак абавязаны выгульваць сабак у месцах, адведзеных для гэтых мэт мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
Такім чынам, ваш сусед пры выгуле сабакі на вуліцы павінен АБАВЯЗКОВА выкарыстоўваць павадок.
Аляксандр ШЭДЗЬКО

