Как компьютер помогает коров доить

Сельское хозяйство Экономика

Умовы працы і заробкі – добрыя
У мінулым годзе на ферме Амбросавічы  ААТ “Прыазёрны мір” была праведзена рэканструкцыя. І дзякуючы тэхнічнаму пераўзбраенню цяпер гэта ферма адна з лепшых у раёне.
За ўсім працэсам даення можна сачыць з камп’ютарнай. Тут табе і надой ад кожнай каровы бачны, і якасць малака. Побач размешчаны пакой для лабаранта, ёсць пральня. Загадчыца фермы Надзежда Яфімаўна Дарафеева прызнаецца: “Нават боязна было пачынаць тут працаваць. Такіх даброт нашы жывёлаводы не бачылі. Я адзінаццаць гадоў адпрацавала на ферме, дзе было бачкавое даенне. А тут  – даільная ўстаноўка германскай вытворчасці. Нічога, навучыліся. Умовы працы, зразумела, не параўнаць. У час рэканструкцыі рабілася ўсё з тым разлікам, каб аблегчыць ручную працу. Задаволены і заробкам  – даяркі атрымліваюць за месяц каля пяці мільёнаў рублёў”.
Цяпер малако па трубах адразу паступае ў вялізныя халадзільнікі, гэта дае магчымасць здаваць дзяржаве малако гатункам экстра-клас. І калі да мадэрнізацыі 168 кароў абслугоўвалі пяць даярак, то цяпер 420 кароў паспяваюць падаіць тры даяркі. У даільнай зале змяшчаюцца адразу сорак кароў.
На ферме Амбросавічы зроблены два памяшканні для кругласутачнага ўтрымання кароў. “Увогуле мадэрнізацыя абышлася ў 13 мільярдаў рублёў, – кажа дырэктар гаспадаркі В. В. Юхнавец. У асноўным гэта крэдыты банкаў. Але і аддача ад мадэрнізацыі ёсць. Зараз доім амаль па 17 кілаграмаў на карову. Настроены на 20 кілаграмаў, і гэта не мяжа”.
Пра ўмовы працы на ферме мы запыталіся ў маладога спецыяліста Яны Балашовай. “У мінулым годзе па накіраванні я прыехала працаваць у “Прыазёрны мір” ветурачом  –  кажа дзяўчына. – Аграгарадок Амбросавічы мне адразу спадабаўся: і ФАП ёсць, і магазін, і дамы з газавым ацяпленнем. А ферма дык увогуле ўразіла. Калі вучылася ў ветакадэміі, бывалі на практыцы і на іншых, горшых фермах. А тут сучаснае абсталяванне, даільная зала, душавыя кабіны, пакой адпачынку – усё новае. А чаму я асабліва ўзрадавалася, дык гэта асобнаму кабінету для ветурача. Адным словам, створаны ўсе ўмовы для добрай работы і адпачынку”. Дарэчы, у бліжэйшы час на ферму Амбросавічы збіраюцца паставіць яшчэ 200 кароў.  Іх перавядуць сюды з іншых ферм гаспадаркі.
Наконт фермы Амбросавічы ў кіраўніцтва  “Прыазёрнага міру” вялікія планы. Тут трэба пабудаваць станцыю абезжалезвання – новае абсталяванне ўсё ж трэба берагчы і прамываць якаснай вадой. А яшчэ ў бліжэйшай перспектыве – пабудаваць склад для захоўвання кармоў, расказаў дырэктар гаспадаркі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №14 ад 19.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *