Наши земляки. Академик Владимир Чаплинский

Край шумілінскі Людзі і лёсы

Космас – яго стыхія
Галоўнаму навуковаму супрацоўніку НДІ касмічных сістэм імя А. А. Максімава – філіяла ФДУП “ДКНВЦ ім. М. В. Хрунічава”, Заслужанаму дзеячу навукі Расійскай Федэрацыі, Заслужанаму выпрабавальніку касмічнай тэхнікі, доктару тэхнічных навук, прафесару, правадзейнаму члену Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя К. Э. Цыялкоўскага Чаплінскаму Уладзіміру Сцяпанавічу ў маі 2013-га споўнілася 80 гадоў. З гэтай знамянальнай падзеяй яго павіншавалі калегі, сябры, вялікую публікацыю прысвяціла юбіляру  газета “Спутник” (Маскоўская вобласць Расіі), і нумар гэтай газеты ляжыць у мяне на рабочым стале.
Чаму ж, спытае шумілінскі чытач, мы ўзгадалі гэтае шаноўнае, але не прывязанае да нашага раёна імя? Аказваецца, прывязанае, бо У. С. Чаплінскі – наш зямляк. Нарадзіўся ён у вёсцы Мішкавічы ў сям’і настаўнікаў.
Пакуль падаць чытачу вехі біяграфіі нашага славутага земляка, раскажам аб тым, як адкрылася гэтае імя. Па-першае, адзначым, што У. С. Чаплінскі  доўгія гады займаўся (і, відаць, працягвае, нягледзячы на шаноўны ўзрост) засакрэчанай справай, бо займаецца сродкамі кіравання касмічнымі апаратамі, выконвае іншыя, не менш важныя задачы развіцця расійскага космасу. Таму, хутчэй за ўсё, і не было часу ў вучонага-земляка на частыя прыезды на маленькую радзіму, на трывалыя сувязі з ёй. Між тым, двойчы ён прыязджаў, і не так даўно, у Мішкавічы – на пахаванне бацькі і маці.   Пра ўсё гэта расказаў нам С. А. Аглушэвіч, які жыве ў вёсцы Галі, недалёка ад Мішкавіч, які добра ведаў у маленстве Уладзіміра. Той быў старэй за Сцяпана на тры гады, і тады, у час пахавання бацькоў, С. А. Аглушэвіч не падышоў да яго. Чаму? Можа, не дазволіла сціпласць. Словам, не падышоў, а сёння шкадуе, інакш пра сям’ю Чаплінскіх з вёскі Макаўе (яна далучылася да вёскі Мішкавічы ў 1977 годзе) ён расказаў бы куды больш. Тым не  менш ён помніць, што бацька  У. С. Чаплінскага працаваў пасля вайны дырэктарам Мішкавіцкай школы, маці вяла ў школе нямецкую мову. Сцяпан Антонавіч сказаў, што ў вёсцы Амбросавічы нібыта жывуць сваякі У. С. Чаплінскага. Калі так, то яны, напэўна,  адгукнуцца на публікацыю, раскажуць пра свайго славутага родзіча нямала цікавага і карыснага.
Адкрылася ж для шумілінцаў  імя У. С. Чаплінскага нечакана. У вёсцы Мікалаёва жыве У. М. Курганаў.   Ягоны зяць у свой час некалькі гадоў працаваў з У. С. Чаплінскім у адным аддзеле. А тут дачка У. М. Курганава Ніна Уладзіміраўна Цярэнцьева прывезла нядаўна бацьку газету з артыкулам “60 гадоў у страі”, змешчаным у газеце “Спутник”, у якім – здымкі земляка, сярод якіх – кіраўнік горада В. В. Кірпічоў віншуе У. С. Чаплінскага з нагоды  ягонага юбілею.
Вось мы і дайшлі да біяграфіі У. С. Чаплінскага (вехі жыцця і дзейнасці пачэрпнуты з публікацыі ў газеце “Спутник” Маскоўскай вобласці, № 32  за 12 мая 2013 г.). У артыкуле сказана, што “цяжкія гады фашысцкай акупацыі Валодзя Чаплінскі правёў у партызанскім атрадзе ў беларускіх лясах, куды ён трапіў са сваімі бацькамі…”  У 1947 годзе хлапчук заканчвае 7 класаў Мішкавіцкай сямігодкі і паступае ў Полацкі лясны тэхнікум. Адтуль   трапляе ў ленінградскую экспедыцыю, вучыцца ў Ленінградскім лесатэхнічным інстытуце. Служыць, заканчвае ў 1952 годзе Даўгаўпілскае ваеннае радыётэхнічнае вучылішча, служыць у франтавой авіяцыі. У 1960 годзе заканчвае Ваенную інжынерную акадэмію ім. А. Ф. Мажайскага. Пасля заканчэння акадэміі,  піша аўтар артыкула В. П. Канавалаў,  Уладзімір Сцяпанавіч ужо звыш пяцідзесяці гадоў знаходзіцца на перадавых рубяжах навуковай дзейнасці ў вобласці ракетна-касмічнай тэхнікі.
Працаваў у навукова-даследчых інстытутах Міністэрства абароны Расіі, вёў навуковую работу па развіцці і ўдасканаленні сродкаў кіравання касмічнымі апаратамі.
Прафесар, акадэмік Расійскай акадэміі касманаўтыкі, У. С. Чаплінскі аўтар 470 навуковых прац, у тым ліку 212 друкаваных. Фактычна ні адзін запуск касмічных апаратаў ракетаносьбітамі  вытворчасці касмічнага цэнтра імя М. В. Хрунічава не абыходзіцца без удзелу У. С. Чаплінскага, які працаваў у складзе Галоўнага балістычнага цэнтра.
У. С. Чаплінскі вядзе вя-лікую навуковую і выкладчыцкую работу, пад яго кіраўніцтвам штогод выконваецца 4-5 дыпломных праектаў, ён чытае лекцыі  аспірантам, уваходзіць у склад камісій па прыёме ўступных экзаменаў у аспірантуру і экзаменаў кандыдацкага мінімуму ў адным з Маскоўскіх ВНУ  і ў Каралёўскім інстытуце кіравання, эканомікі і сацыялогіі.
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, 12-ю медалямі СССР і РФ, іншымі ўзнагародамі.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №65 ад 20.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *