В Шумилино прошла «летучка» главных редакторов районных газет области

Актуалии Новости

Раён вітаў галоўных рэдактараў
У мінулую пятніцу ў раёне на базе рэдакцыі газеты “Герой працы” прайшоў абласны семінар-лятучка галоўных рэдактараў Віцебскай вобласці. Тэма семінара — “Сучасная газета: змест, дызайн, вёрстка”, арганізатарам выступіла ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама. Праграма семінара была надзвычай насычаная. Перад пачаткам удзельнікі творчай нарады азнаёміліся з работай рэдакцыі газеты.
У малой зале пасяджэнняў райвыканкама адбылася дзелавая гутарка на вызначаную тэму. Найперш слова ў якасці гаспадара трымаў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Анатоль Мікалаевіч пазнаёміў прысутных з гісторыяй Шуміліншчыны, яе сацыяльна-эканамічнымі паказчыкамі.
Намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама П. У. Гнуценка спыніўся на сучасных формах і метадах работы рэдакцый па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі сярод насельніцтва.
Галоўны рэдактар газеты “Герой працы” А. І. Пятрова расказала, як пастаўлена работа ў рэдакцыі, якія ёсць напрацоўкі і як даводзіцца вырашаць нараўне з фінансавымі немалаважныя пытанні – гаспадарчыя. Выступленне падмацаваў фільм, які быў зняты да аднаго з юбілеяў газеты.
Выступіў рэдактар чашніцкай раённай газеты “Чырвоны прамень” М. М. Дзеравяга, які даў грунтоўны аналіз зместу газеты “Герой працы”, выдзеліў моцныя, вартыя пераймання, моманты ў афармленні і падрыхтоўцы матэрыялаў шумілінскай раёнкі.
Далей прысутных чакала факультатыўная частка мерапрыемства. З аналізам работы над загалоўкам у газеце, экскурсам па старонках раённых газет Віцебскай вобласці выступіла галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама С. У. Дзядзінкіна. Святлана Уладзіміраўна – вопытны журналіст, шмат год адпрацавала ў рэдакцыях газет (“Віцебскі рабочы”, “Народная газета”), таму яе слушныя парады былі вельмі каштоўныя.
Гаворачы пра сучасную газету, нельга не спынцца на тэме фотаілюстрацый. “Сапраўды, фотаздымкі – гэта вочы газеты”, – пачаў сваё выступленне намеснік начальніка ад-дзела ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама А. М. Гуцуляк. Анатоль Мікалаевіч указаў на тыповыя памылкі, якія дапускаюць журналісты пры падачы фотаздымкаў, на прыкладах прадэманстраваў, як рабіць трэба, і як нельга.
Варта адзначыць, што ўсе выступаючыя высока ацанілі работу рэдакцыі шумілінскай раённай газеты.
Галоўны рэдактар газеты “Голас Расоншчыны” В. У. Лебедзева расказала, як працуе рэдакцыя ва ўмовах штотыднёвага выхаду, якія плюсы і мінусы адчулі расонскія журналісты пры пераходзе раёнкі на адзін выхад у тыдзень.
Якраз у гэты дзень адбылося пасяджэнне райвыканкама, і кіраўнік раёна У. П. Куранны не меў магчымасці ўдзельнічаць з самага пачатку ў абласным семінары рэдактараў. Тым не менш Уладзімір Пятровіч далучыўся крыху пазней, выступіў перад прысутнымі, азнаёміў з бліжэйшымі планамі работы Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта, выказаў свае адносіны да раённай газеты і наогул вялікую зацікаўленасць у абмяркоўваемых тэмах.
Пасля пленарнай часткі ўдзельнікаў семінара чакалі экскурсіі ў Мікіціху, Обаль Амбросавічы.
*  *  *
Пасля тэарэтычнай часткі  ўдзельнікі нарады  прыступілі да ажыццяўлення практычнага блоку пытанняў парадку дня. Старшы навуковы супрацоўнік Шумілінскага   гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Іванова правяла экскурсію па мястэчку  Шуміліна, пазнаёміла са славутымі яго мясцінамі. Затым шаноўныя госці прыехалі ў Лаўжанскі Цэнтр культуры і вольнага часу ў аграгарадку Мікіціха, дзе  іх сустракалі  хлебам-соллю кіраўнікі Цэнтра і сямейны ансамбль “Забава”. Дэлегацыя азнаёмілася з работай  Цэнтра, завітала ў сельскую бібліятэку, для работы якой  створаны выдатныя ўмовы.
Пераезд у мястэчка Обаль быў прадыктаваны дзвюма, калі хочаце, умовамі – брэндамі абласнога, а то і рэспубліканскага маштабу. Галоўныя рэдактары раённых і абласных газет ведаюць прадукцыю Обальскага керамічнага завода – цэглу, з якой узводзяцца розныя аб’екты  вытворчага і сацыяльнага характару. Але мала хто з іх ведаў, што обальская цэгла ішла на ўзвядзенне Храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве, на будаўніцтва Аўгустоўскага канала.  Нямногія рэдактары ведалі, што керамічны завод у Обалі выпускае па сутнасці эксклюзіўныя, ручной работы  сувеніры ў выглядзе пано,  іншых барэльефных рэчаў. Таму выставачная зала ОКЗ, экскурсію па якой правяла намеснік дырэктара завода па ідэалогіі Наталля Будневіч,  зацікавіла ўсіх членаў дэлегацыі без выключэння. Тут госці атрымалі на памяць памятныя сувеніры з брэндам шумілінскай раённай газеты “Герой працы”.
Другі брэнд Обалі – музей камсамольскага падполля. Загадчыца ўстановы Лёля Лузгіна правяла   цікавую і змястоўную  экскурсію па залах музея.
На заканчэнні гаворкі намеснік галоўнага рэдактара шумілінскай раённай газеты “Герой працы” пісьменнік Мікалай Мароз наладзіў прэзентацыю сваёй кнігі “Папялішча – не тлен”, старонкі якой расказваюць пра дзейнасць Обальскай падпольнай арганізацыі “Юныя мсціўцы”, адказаў на пытанні, падарыў кіраўнікам СМІ вобласці кнігі з аўтографам.
Пад заслону  нарады  ўдзельнікі творчай лятучкі наведалі дзіцячы аздараўленчы цэнтр “Дружба”.
Алена КАРПУШЭНКА і Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №77 ад 01.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *