Да 70-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Актуалии

Пра цяжкія баі і генеральскі партфель
8  ліпеня 1941 года немцы захапілі Шуміліна, а значыць, увесь  Сіроцінскі  раён аказаўся пад ціскам акупацыйнай фашысцкай Германіі. У мястэчку Сіроціна была створана ваенная камендатура, дзе камендантам служыў нямецкі афіцэр Шпігель. Яму ўдалося скалаціць невялікі, чалавек на 20, атрад паліцаяў, якім камандаваў вядомы ў мясцовых краях кат Даніла Баравікоў. Паліцаі шукалі сем’і партызан, бралі іх у заложнікі, а затым расстрэльвалі.
Нямала жахаў расказвалі пра гэтага Шпігеля. Былы палітрук ўзвода партызанскага атрада “За перамогу” брыгады імя Кароткіна С. Е. Семянчэнка прыгадваў, як збіраў камендант мужчын для рамонту шашы Віцебск-Полацк, а ён разам з В. І. Улюценкам з Казаногава адмовіўся працаваць на немцаў. Старшым групы мужчын фашысты паставілі нейкага дзядка з суседняй вёскі. Камендант распарадзіўся да вечара з рамонтам закончыць. Маладыя, Улюценка і Семянчэнка, вядома ж, узбунтавалі, маўляў, не пойдзем, а дзядок і кажа: “Вось вечарам прыедуць фрыцы і расстраляюць за сабатаж”. А вечарам прыехаў  Шпігель і ў ярасці пачаў біць неслухаў гумавай палкай, а салдаты стралялі чэргамі над іхнімі галовамі. Страшна было так, што хоць не жыві. Больш за ўсіх, вядома, дасталася дзядку. Вяртаюцца яны дамоў, а дзед і просіць: “Хлопцы, вы мне дастаньце гранату, такую, з ручкай, я Шпігеля разарву на мэтлахі”.
Праз паўгода, калі Улюценка і Семянчэнка сталі  партызанамі, узгадалі тую непакору, калі дзеда збілі немцы да непрытомнасці, і ім сорамна стала за тую кплівасць пра гранаты. “Дзядок жа праўду казаў, – згадзіліся партызаны. – Шпігель даўно, як костка ў горле”. І іхні ўзвод партызан, якім камандаваў Ігнаценка, учыніў на яго засаду. Так у лістападзе 1942 года пакончылі са Шпігелем…
Тым часам распраўляў плечы партызанскі рух. Лістападаўскай ноччу 1942 года партызаны-кароткінцы ўварваліся ў вёску Сіроціна і акружылі нямецкі гарнізон. Куль і гранат не шкадавалі. Фашысты, бачачы нявыкрутку, звязаліся з Шумілінам і папрасілі адтуль дапамогі. Групу варожых бронемашын партызаны спынілі бліз вёскі Тропіна. У засадзе быў узвод палітрука І. П. Шчукіна. Адна бронемашына была знішчана. Астатнія прарваліся да Сіроціна. Там яшчэ працягваўся бой, зацяты і адчайны. Аднак сілы былі няроўныя, і партызанам давялося адысці ў тутэйшыя лясы.
Тады ж, восенню 1942 года, узвод Ігнаценкі здзейсніў дыверсію на чыгунцы ў раёне ст. Лоўша і вяртаўся  на базу ў казьянскія лясы. Недалёка ад вёскі Сіроціна, на шашы Віцебск-Полацк, якраз побач са спаленым партызанамі мостам мсціўцы заўважылі легкавушку, якая спрабавала аб’ехаць гразкую лагчыну і забуксавала.
У машыне сядзелі трое нямецкіх афі-цэраў і генерал. У партызан ажно заняло дух: вось вам і важны “язык”. Аднак узяць у палон іх аказалася не так лёгка. Афіцэры пачалі адстрэльвацца, кінуўся ў бок хмызнякоў, прыхапіўшы пузаты партфель, нямецкі генерал. Але і там, за кустамі, яго знайшла партызанская куля. У партфелі аказаліся каштоўныя сакрэтныя дакументы.
6 кастрычніка 1943 года савецкія войскі прарвалі абарону праціўніка і вызвалілі горад Невель, а затым справа ад Гарадка выйшлі глыбокім клінам да вёсак Роўнае, Старыновічы, мястэчка Сіроціна. Аднак да вызвалення ўсяго Сіроцінскага раёна ад фашысцкіх войскаў заставалася яшчэ  8 доўгіх ваенных месяцаў…
Антон ПАРАСКЕВІН.
Надрукавана ў №86 ад 01.11.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *