О питьевой воде и качестве обслуживания

Актуалии

Пра якасць вады і якасць абслугоўвання
Тэму якасці пітной вады мелі найперш мы на мэце, калі арганізоўвалі 3 лістапада ў рэдакцыі газеты “Герой працы” “гарачую лінію” з удзелам намесніка старшыні райвыканкама В. А. Мядзвецкага, намесніка пракурора раёна А. Б. Вецюгова, начальніка аддзела ЖКГ райвыканкама В. С. Селязнёва, начальніка УП ЖКГ В. А. Коўзана, намесніка галоўнага санітарнага ўрача раёна К. М. Афанасьевай.
Тым не менш, па сутнасці зваротаў было мала, хіба толькі ад В. І. Жандарава з Язвіна, які ад імя жыхароў вёскі выказаў занепакоенасць, што жалеза ў пітной вадзе зашкальвае, дапушчальныя нормы перавышаюцца ў некалькі разоў.
Без экспертызы і адпаведных аналізаў аб гэтым цяжка меркаваць, зазначыў намеснік старшыні райвыканкама В. А. Мядзвецкі. Віктар Аляксандравіч даў даручэнне раённаму цэнтру гігіены і эпідэміялогіі зрабіць неабходныя замеры. Хаця гарантаваць, што заўтра ў Язвіне пабудуецца станцыя абезжалезвання, ніхто не бярэцца. У лепшым выпадку гэта можа здарыцца пры абустройстве ў наступнай пяцігодцы ў Язвіне аграгарадка, падкрэсліў В. А. Мядзвецкі.
Па-ранейшаму шмат пытанняў на “гарачую лінію” паступіла ў адрас жыллёва-камунальнай службы. Прычым многія з іх так ці іначай былі звязаны з вадой.
Так з дома № 77 па  вуліцы Юбілейнай скардзіліся, што ў кранах не бывае гарачай вады (не болей 37 градусаў), а па жыроўцы плацяць за 47 градусаў. В. А. Мядзвецкі даў распараджэнне стварыць камісію па дадзенаму пытанню і разабрацца ў сітуацыі.
Жыхарка Мішневіч скардзілася, што ў падвале дома стаіць вада, што работнікі камунальнай службы не тое, што не стараюцца вырашыць пытанне, але і грубяць. Аб некарэктных адносінах спецыялістаў ЖКГ гаварыла і жыхарка вёскі Прыазёрнай, кватэру якой залівае праз панельныя швы.
Не ўсе пытанні магчыма рашыць станоўча і хутка, зазначыў В. А. Мядзвецкі, але гэта не дае права работнікам УП ЖКГ паводзіць сябе груба, перавышаць свае паўнамоцтвы. Па ўсіх такіх выпадках будзе праведзена дадатковае расследаванне.
Наогул, большасць тых, хто званіў на “гарачую лінію” і прыйшоў у гэты час у рэдакцыю асабіста, турбаваліся рашэннем таго ці іншага пытання сферы ЖКГ. З дваццаці чалавек толькі двое мужчын з райцэнтра звярнуліся, карыстаючыся момантам, да прадстаўніка пракуратуры па аплаце працы. Астатнія 18 чалавек адрасавалі свае пытанні камунгасу раёна: марудна ідуць работы па перакладцы цеплатрасы (Шумілінская, 2); у пад’ездзе дзверы не закрываюцца, швы не задзеланы, няма казырка (Юбілейная, 57); тратуар з “гары” на вуліцу Лескавіцкую размываецца вадой, хутка абрынецца (жыхары “Верхняга горада”); у кватэры не працуе вентыляцыя (зноў Шумілінская, 2) і г. д.
Адна з жыхарак Шуміліна пыталася, куды ёй звярнуцца, каб замяніць згніўшыя дошкі падлогі. На гэты зварот начальнік УП ЖКГ паабяцаў выслаць спецыяліста па адрасе і пры ўмове аплаты выканаць усе неабходныя работы.
А вось жыхары вуліцы Мінчугова райцэнтра прыслалі на “гарачую лінію” свайго пасланца з пісьмовай скаргай за подпісам дзевяці чалавек. Сутнасць скаргі ў тым, што зімой на вуліцы перамярзае водаправод і людзі вымушаны насіць ваду з калонак. Скаргу, вядома ж, адрасавалі камунгасу, якому ў спадчыну дасталася ўсё гэтае “багацце”, праўда, у дадзеным выпадку няведама ад каго: на водаправод няма ніякай дакументацыі, ніхто не ведае, калі і хто яго будаваў.
Дарэчы, такая вуліца з “падпольным” водаправодам у Шуміліне не адзіная. Спецыялісты райвыканкама і УП ЖКГ, раячыся па гэтаму пытанню, прыйшлі да высновы, што па вялікаму рахунку ў даным выпадку трэба рабіць праект вулічнага водаправода, за кошт УП ЖКГ класці цэнтральную трубу ўздоўж вуліцы, а кожны з жыхароў будзе за ўласныя сродкі аплачваць увод у свой дом. Гэта тэарэтычна. А практычна на гэта няма грошай, і трэба працяглы час. Таму, як паведаміў начальнік УП ЖКГ В. А. Коўзан, камунальнікі правядуць частковы рамонт водаправода.
Аліна ПЯТРОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *