14 февраля – День влюблённых

Общество

Вернасць крэмавай ружы
Апошнім часам жыву паміж двума гарадамі: вакзалы, цягнікі, мітуслівыя пасажыры … Але аднойчы я адчула, што яднае пероны вакзалаў у розных гарадах. Цягнік прыбывае на канчатковую станцыю, змяншае ход. Узіраешся ў твары людзей не пероне і бачыш Яго – абсалютна шчаслівага чалавека. Ён выглядае як усе, толькі дзве дэталі выдаюць, што ён зусім з іншай планеты – крэмавая ружа ў руцэ і шчаслівыя вочы. Так выглядаюць тыя, каму ўсё роўна, што ў іх прамоклі ногі, што вісіць «хвост» (трэба здаць тэрмінова залік, каб дапусцілі да экзаменаў). Ён ведае, што тая, для каго ён прынёс ружу, зараз спусціцца з прыступак цягніка,  яна будзе шчыра радавацца сустрэчы з ім. І для яго цяпер гэта важней за ўсё на свеце. Мімаволі азіраешся, каб убачыць гэтую сустрэчу, каб парадавацца за іх. Вельмі хочацца, каб яны захавалі вернасць гэтай крэмавай ружы на доўгія гады …
Мы ўсе жывем надзеяй, што сустрэнем сваю палову і будзем шчаслівыя, што атрымаецца ўсё, аб чым марылі. Нават калі складана, калі цяжка і рукі апускаюцца, надзея ўсё роўна з намі. Мы верым, што зможам усё змяніць, дамовіцца, памірыцца. Каханне і надзея маюць вялікую сілу, яны падтрымліваюць, саграваюць і робяць кожнага з нас чараўніком. Мы пераадольваем перашкоды, ляцім у іншы горад, ладзім сюрпрызы або проста доўга сядзім абняўшыся…
Але праходзяць месяцы, гады. Сям’я, быт, клопаты… Дні становяцца даўжэй, а ночы карацей, прыемных сюрпрызаў усё менш, затое абавязацельстваў і адказнасці больш. Не стае часу быць героем і прынцэсай.
Яшчэ праз некалькі гадоў мы ведаем адзін пра аднаго ўсё, усе слабасці, звычкі. І ўжо цяжка дамовіцца, або ў кожнага свае погляды, жаданні і, вядома, свае амбіцыі. Надыходзіць такі момант, калі пачынаеш уяўляць, якім рэальна шчаслівым магло быць тваё жыццё, калі б …
Калі б ён не рабіў гэта, калі б яна зразумела гэта, калі б яны абодва не сядзелі, вобразна кажучы, у акопах тыднямі, а ішлі на перамір’е. І настае такі момант, калі людзі, якія пражылі шмат гадоў побач, гатовы прызнаць, што яны не такія ўжо і шчаслівыя…
Але аднойчы, пачуўшы ўслед ад адзінокіх бабулек на лавачцы кінутае: “Беражыце тое, што ў вас ёсць! Шануйце, што ў вашым доме шмат цяпла, што там чутны дзіцячы смех, бо ўсё, што вам трэба, у вас ужо ёсць”,  адразу цверазееш  і задумваешся, што яны сапраўды маюць рацыю. Можа  і ў іхнім жыцці была крэмавая ружа ці іншыя кветкі, можа, яны паболей за цябе ведаюць пра жыццё і каханне…
Наталля МАГІЛЕЎСКАЯ.
Надрукавана ў №12 ад 14.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *