Калі хайп даражэй за страх і сумленне

Общество

Калі хайп даражэй за страх і сумленне

Злавіць хайп на сітуацыі, якая датычыць кожнага чалавека на планеце, нескладана. Не цяпер, дык калі? Другі такі шанц можа і не здарыцца. А тут хуценька зняў свае голыя ногі, даючы зразумець, што ляжыш на бальнічным ложку, заліў фота ў Instagram, зрабіў адпаведны подпіс тыпу: «Захварэў на каронавірус, шпіталяваны. Падпісвайцеся на мой акаўнт і даведаецеся, як працякае лячэнне», – і ўсё. Нясі лухту, збірай лайкі, павялічвай ахопы.


Адны прадаюць блакатары ад вірусаў (гэта, самі разумееце, не каралі з часнаку, але па эфекце нешта накшталт таго). Іншыя майструюць абярэгі і амулеты з падручных матэрыялаў, якія нейкім чароўным чынам абароняць ад хваробы. Трэція абяцаюць зрабіць загавор, ну, скажам, на солі, каб канчаткова і беззваротна засцерагчыся.
Але часам жаданне блогераў хайпануць пераходзіць усе магчымыя межы. Некаторым дзеля гэтага і дзіця роднае не шкада. Як, напрыклад, адной віцебскай блогерцы (многія шумілінцы ведаюць яе па скандальных відэа пра наш райцэнтр). Яна пацягнула свайго сына ў супрацьтуберкулёзны дыспансер. А там не толькі аналіз на каронавірус не ўзялі, але яшчэ і міліцыю выклікалі. Па шчаслівых вачах і радаснай усмешцы блогера становіцца зразумела, што менавіта за гэтым яна туды і ішла.
Як і звычайна, узброіўшыся відэакамерай, прыхапіўшы хворае дзіця як уваходны білет, як сцяг, жанчына накіравалася ў заведама небяспечнае месца, якое кожны нармальны чалавек цяпер без вострай патрэбы абыходзіць бокам. Вядома, яна ж маці, яна пра здароўе дзіцяці клапоціцца і ўжо толькі гэтым правая.
Пачала з таго, што стала здымаць людзей у чарзе. На натуральнае ў такой сітуацыі абурэнне з іх боку заявіла, што бальніца – гэта грамадскае месца, і здымаць яна мае права. Праўда, у судзе потым казала, што на самой справе яе стэнды цікавілі, а людзі ў аб’ектыў трапілі толькі тады, калі сталі да яе звяртацца. І тут яна ўжо ніяк не магла выключыць камеру – хто яго ведае, чым справа скончыцца. У народзе гэта завецца «ўключаць дурнічку». І мяркуючы па ўсім, гэта галоўны талент дадзенай дзяячкі.
У кабінет доктара наведвальніцу з сынам запрасілі без чаргі, і там яна працягвала весці відэаздымку, нягледзячы на просьбы доктара, якому зусім не хацелася станавіцца героем ютуба, выключыць камеру. Маўляў, давайце, прыступайце да сваіх прамых абавязкаў, а я паздымаю. Досыць доўга спрачалася, шчыра правакавала медыкаў, фактычна паралізавала работу кабінета (а ў чарзе за ёй, прынамсі, чалавек дзесяць засталіся) і ўсё ж дамаглася, каб доктар выклікаў міліцыю.
Мы не будзем зараз разбірацца, мела яна права на здымку ці не мела. Відавочна адно – здароўе ўласнага дзіцяці – гэта апошняе, што ў дадзенай сітуацыі хвалявала маці. Дарэчы, калі тлумачыла ў судзе, з якой мэтай яна вяла здымку, жанчына, ізноў выкарыстаўшы вышэйапісаны талент, заявіла, што баялася не паспець запісаць усе рэкамендацыі доктара. І зноў жа, мала як сябе павядуць гэтыя людзі, а так заўсёды ёсць відэа як доказ. Складваецца адчуванне, што блогер проста не выходзіць з дому без камеры. А то раптам што…
Вядома, за ўсіх маці не скажу, але калі гаворка ідзе пра зда-роўе майго дзіцяці, я на дактароў маліцца гатова.
Праўда, на пачуццях падзякі ў наш час наўрад хайпанеш.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №31 ад 21.04.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *