Радости и проблемы детского дома семейного типа

Образование Общество

“Напэўна, з такім падвалам і звякуем…”
Руслан Церахаў з дзіцячага дома сямейнага тыпу, што па вуліцы Дабееўскай у Шуміліне, ахвотна ідзе на кантакт з журналістамі. Яму ёсць што расказаць, ёсць чым падзяліцца. Ён з жонкай Наталляй узваліў на свае плечы нялёгкі груз. Хаця чаму ўзвалілі, запярэчыць нехта, і, вядома ж, будзе мець рацыю: ніхто не прымушаў іх ісці на такую працу.
Не, ні Руслан, ні Наталля не каяцца, што адбыўся такі віраж у іхнім лёсе, што акунуліся ў болі і радасці чужых па сутнасці дзяцей.
Што ж, самі выбіралі. І выбіралі свядома. Ведала ж Наталля, як жывецца ў Віцебскім раёне яе маці, якая вось ужо 26 гадоў прафесійна займаецца дома выхаваннем чужых дзяцей. Так, як сёння і самі Церахавы. Дарэчы, калі сапсавалася ў маладых аўто (а машыне 27 гадоў – што вы хочаце), Наташыны бацькі выручылі, далі пакарыстацца сваім “Фальксвагенам”. Як-ніяк, а па-ранейшаму Руслан Церахаў выязджае за прадуктамі ў Смаленск.
І  гаража, у якім павінна гэтае аўто стаяць, у іх няма. Збіраецца Руслан прыстасаваць пад гэта будынак, у якім, як  разлічвалі праектанты,   сям’я будзе трымаць скаціну.  Не трымаюць. Няма ахвоты. Тое ж па прысядзібным участку. Той, што пры сядзібе, не гатовы, над ім яшчэ трэба шмат “папацець”, сюды трэба яшчэ сотні машын пяску і грунту. Прасцей купіць і бульбы, і капусты, і морквы.  Летась куплялі сабе дзве тоны бульбы, трохі не хапіла, падкуплялі. Тое ж будуць рабіць і сёлета. Бо шмат часу ідзе на дзіцячыя клопаты, на тое, каб не ўпусціць каторага, хочацца даць дзецям столькі ўвагі, колькі трэба. Як выхавальнікі, як прыёмныя бацькі.
У жніўні 2014 г. споўніцца два гады, як наняліся Церахавы ў дзяржавы выхавальнікамі дзіцячага дома сямейнага тыпу. Газета не раз пісала пра тое, што і месца для дома абралі няўдалае, і пра праблемы падвала. З падвалам засталося тое ж, што і з самага пачатку. Так жа, як і раней, гаспадар кожную раніцу заходзіць туды, каб адпампаваць ваду. Аддае кожны дзень на гэтую аперацыю гадзіны па дзве. “Там жывуць жабы, жывуць трытончыкі, – горка смяецца Руслан. – Напэўна, з такім падвалам і звякуем…” А там жа, у падвале, сям’я захоўвае бульбу (неяк засцерагае яе ад сырасці?!), там, дзе пастаянна вада, стаяць закруткі на зіму.  Узрадаваў Церахавых нядаўна званок з аддзела адукацыі, з бухгалтэрыі папрасілі падабраць сабе газавую пліту – ім выдзелена 3,5 мільёна рублёў. А патрэба такая наспела даўно, даўно прасілася на кухню больш умяшчальная пліта, каб можна было паставіць адразу тры ці нават чатыры ёмістыя каструлі: усё-такі сям’я  з 12 душ. Руслан паехаў у магазін, потым патрэбна была дамова з райгазам, яшчэ нейкія дакументы – словам, аддаў нямала асабістага часу. А пасля звоняць і кажуць: казначэйства плацежнае даручэнне не прапусціла, маўляў, раз такая пліта па праекце, на такой і гатуйце. “Паспрабавалі б у казначэйстве прыгатаваць на такую сям’ю!”, – уздыхнуў тады Руслан Церахаў. Давялося  браць за свае грошы – у растэрміноўку. А тут Руслан нечакана сустракае дырэктара Шумілінскага райаграсэрвісу У. А. Арлова. Выслухаў Уладзімір Антонавіч мнагадзетнага тату і выклікаўся дапамагчы, сказаў, пішы заяву, дапаможам. І дапамог. На такіх, як У. А. Арлоў, лічыць Руслан Церахаў, трымаецца зямля.
Праўда, ні ён, ні Наталля не чакаюць манны нябеснай. Хацелася ў хаце трэці камп’ютар, і Руслан знайшоў калым. Зарабіў 300 долараў, купіў з рук. Адзін з сямейства, Лёшка, захапляецца. Ва ўсіх дзяцей ёсць свае захапленні, свая справа.  Напрыклад, Дзіма, брат той дзяўчынкі Каці, якая паступіла ўжо і вучыцца за сакратара-рэферэнта ў Віцебску, ходзіць у валейбольную секцыю, Алег – на баскетбол, дзяўчынкі заняты сваім, дзявочым.
Дарэчы, пра Кацю, самую старэйшую ў сям’і, якая ў жніўні “вылецела” з сямейнага гнязда.  Звоніць яна ў прыёмную сям’ю, хаця і рэдка. Заходзіць і родны іх бацька, кажа сыну Дзіму: “Я вас з Кацькай люблю, але я п’ю гарэлку, таму не магу вас забраць”. Вось так, гарэлка перамагла,  атрута стала даражэй за родных дзяцей.
А тут чужыя бацькі, маладая сям’я Церахавых  узяла на сябе клопаты падбіраць, даруйце за такое параўнанне, тое, што пакінулі пасля сябе такія вось  гора-бацькі. Дык  дапаможам ім у гэтым.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №28 ад 11.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *