Тереза Кехое со штата Калифорния попала на свою родину в Шумилинский район через 70 лет

Векапомнае Край шумілінскі Людзі і лёсы

Шлях даўжынёй у 70 год
У панядзелак наш раён наведалі Тэрэза Кехое са штату Каліфорнія (ЗША) з сынам Эрыкам (выкладчык  універсітэта ў Паўночнай  Каліфорніі) і  сястра Валянціна (цяпер жыве ў Ліепаі, Латвія). Тэрэза Кехое нарадзілася да вайны ў вёсцы Лоўша і была тады Тамарай Шарковай.
…Вайна паламала не адзін чалавечы лёс.
Еўфрасіння Міхайлаўна Ушакова з Лоўшы гадавала дачок – Тамару 1940 году нараджэння і Валянціну 1936 году нараджэння. Вайна памяняла ўсе. Еўфрасіння Міхайлаўна адразу падалася ў партызанскі атрад “Грозны” брыгады Кароткіна. Прайшла ўсе нягоды жыцця пры акупацыі, толькі вось самае страшнае здарылася з ёй у пачатку 43-га. Партызаны адступалі, пры пераходзе ракі ў Расонскім раёне трохгадовая Тамара згубілася. І з таго часу маці больш нічога не ведала пра сваю дачушку.
Тамару знайшла літоўская сям’я, узяла малую да сябе. Перабраліся ў Германію. Пасля вайны жыла на тэрыторыі так званай амерыканскай зоны, трапіла ў амерыканскую сям’ю.
Еўфрасіння Міхайлаўна адразу пачала пошукі дачкі. Але ўсё было дарэмна. “У 1968 годзе Е. М. Ушакова звярнулася ў таварыства “Веды” за дапамогай у пошуках Тамары, – расказвае член рэспубліканскага праўлення таварыства “Веды” В. М. Грузневіч. – І з гэтага часу пачало займацца гэтай праблемай”.  Віктар Міхайлавіч рабіў шмат запытаў у Расію, Германію. Часам адказ прыходзілася чакаць і год. Але надзею не губляў.  Падчас пошукаў трапіўся часопіс “Огонёк” за 1951 год, а там публікацыя пра суд, на якім вырашаўся далейшы лёс Тамары-Тэрэзы. Суд стаў на бок амерыканскай сям’і, якая неўзабаве і выехала ў ЗША. “Фактычна гэты часопісны артыкул і быў адзінай крыніцай звестак пра Тамару», – падсумоўвае В. М. Грузневіч.
Свае пошукі В. М. Грузневіч не спыніў і пасля смерці Е. М. Ушаковай. І толькі ў 1999 годзе, нарэшце, была знойдзена Тэрэза…
Сустракалі ў раёне гасцей з ЗША і Латвіі прадстаўнікі райвыканкама і грамадскіх арганізацый. Напачатку адбылася сустрэча ў райвыканкаме, на якой Тэрэза Кехое і В. М. Грузневіч расказалі прысутным пра лёс сям’і і пошукі, што праводзіліся. Затым госці накіраваліся на Гарбузоўскія могілкі, дзе пахавана  Е. М. Ушакова. Дочкі ўсклалі кветкі на магілу маці.
Чуллівай атрымалася сустрэча на малой гістарычнай радзіме – у Лоўшы. Напачатку наведалі месца, дзе раней быў дом, у якім жылі сваякі Тэрэзы Кехое.  Тэрэза і Валянціна сустрэліся з мясцовай жыхаркай Л. П. Пушняковай, якая памятае іх маленькімі дзяўчынкамі. Наведалі мясцовыя могілкі, дзе пахаваны  сваякі.
Узнёсла і пачуццёва пачаў свой аповед ля Лаўжанскай школы В. М. Грузневіч.
Шмат уражанняў у гасцей пакінуў наш Дом рамёстваў. Гасцей з ЗША і Латвіі пазнаёмілі з традыцыйнай беларускай культурай, пачаставалі стравамі беларускай нацыянальнай кухні.  Дарэчы, падчас частавання адбыўся своеасаблівы абмен культурамі – В. М. Грузневіч выканаў раманс на рускай мове, Тэрэза Кехое – прыпеўкі на англійскай, а намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая праспявала беларускую народную песню “Касіў Ясь канюшыну”.
Тэрэза Кехое выказала шмат цёплых слоў пра сваю зноў вернутую малую радзіму. На памяць у іх застануцца не толькі добрыя ўспаміны пра Беларусь, а і сувеніры ад Дома рамёстваў,  і каштоўныя падарункі ад раённай ветэранскай арганізацыі, якія падарыла старшыня раённай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава (дарэчы, Кацярына Фамінічна таксама выканала песню для гасцей).
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана  ў  №58  ад 01.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *