Народные традиции сохраняют и возрождают в клубах Шумилинского района

Край шумілінскі Культура

Газета змяшчае кароткія справаздачы клубных устаноў раёна, дзе па драбочку, па макавым зернейку збіраюцца і зберагаюцца народныя святы, абрады, словам, фальклор, на які так багаты беларускі народ. Мы расказалі чытачу пра тое, як святкавалі сватаўство і заручыны  ў Слабадзе,  на чарзе – расказ пра тое, як прайшло свята сямейна-бытавога календара  “Хрэсьбіны” ў Обалі, як аднаўляюць у Вялікіх Ляжнях  свята пастухоў – Юр’я.
Вядома,  пра ўсё, што дзеецца ў гэтым накірунку работнікамі культуры раёна,  у газетных артыкулах не раскажаш. Ірына Бондарава, рэжысёр  раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкама, ахвотна дзеліцца з журналістамі   плёнам творчых высілкаў сваіх калег на месцах.  Яна расказала, што пры правядзенні свята горада “Родная зямля” 3 ліпеня ў “Горадзе майстроў” будзе праходзіць конкурс з элементамі народных святаў і абрадаў “Каштоўныя драбніцы з роднай скарбніцы” з удзелам майстроў, асобных выканаўцаў, фальклорных гуртоў вёсак раёна. У гэты дзень пляцоўкі панадворкаў аформяцца ў народным стылі. Так што ва ўсіх, хто цікавіцца даўніной, будзе яшчэ  магчымасць  дакрануцца сэрцам да скарбаў нашых дзядоў.

Хрэсьбіны
Сцэна Обальскага ГДК уяўляе сабой прыбраную сялянскую хату. Дзве сяброўкі-парадзіхі збіраюць на стол. Тут жа і зыбка, у якой гушкае адна з іх сваё немаўля. Яны чакаюць куму і кума.  Неўзабаве дзверы хаты расчыняе бабка з сяброўкамі. Яны спяваюць песні. Гаспадары цалуюць гасцей, запрашаюць за стол. “Бабулечка-красунечка, пі ў мяне мёд-віно, каб маё малое шчаслівае было, вялікае расло”, – кажа бацька немаўляці. Тут жа на парозе з’яўляюцца кум і кума. Пачастункі. Бабка гаворыць кумам: “Бярыце нараджонага, а прынясіце нам хрышчонага”.
Неўзабаве хросныя бацькі прыносяць ужо хрышчонае дзіця. Усе зычаць яму шчаслівага лёсу. Кума спрабуе разбіць гаршчочак, але гэта ўдаецца куму. Госці падыходзяць да бабкі, кладуць грошы на талерку. Спяваецца песня “Кума мая, кумачка, дзе жывеш?”, усе кідаюцца ў скокі. І нарэшце – сцэна развітання, падчас якога хросныя бацькі дакляруюць даглядаць і гадаваць свайго хрэсніка.
Вось так коратка, без дэталяў. Гучала са сцэны  жывая гутарковая  мова, з вершамі, прыказкамі, прымаўкамі. Ролі выконвалі мясцовыя самадзейныя артысты. Бацьку ўдала сыграў Уладзімір Мулькоў, маці – Алена Кудлаева, бабку – Валянціна Сіценка, нядрэнна пераўвасобіліся ў вобраз кумы Людміла Якубовіч, кума – Міхаіл Гумінскі, ролю сябровак добра выканалі Жанна Курыленка і Таццяна Партная, гасцямі былі члены клуба “Ветэран”.
На Юр’еўскую расу
Юр’я  – свята, якое вельмі шанавалася нашымі продкамі. Яно звязана з выпасам хатняй жывёлы на Юрь’еўскую расу, якая, як лічылася даўней, валодала выключнымі гаючымі здольнасцямі. Адсюль і ход падзей, што разгортваліся на падворку Алены Галаўко з вёскі Вялікія Ляжні згодна са сцэнарыем, складзеным і ажыццёўленым арганізатарамі – Ляжнёўскім сельскім клубам – цэнтрам духоўнага выхавання (загадчыца Надзея Лазука). Трэба сказаць, нялёгка даўся прывод трох кароў на падворак, затое дзея, якая разгортвалася па святкаванні Юр’я, зачаравала многіх вяскоўцаў. Кароў выганялі галінкамі вярбы, асвячонай у царкве, качалі па іх спінах велікодныя яйкі, гаспадыня запальвала Грамнічную свечку. Яйкі качалі – каб кароўка, якая пераступала яйка, была круглая ды поўная. Клалі побач замок – як засцярогу ад ваўкоў. І нарэшце – зёлкамі, якія засталіся яшчэ ад мінулагодняга Купалля, абкурвалі хлеў, каб нячыстая сіла адышла ад каровы-карміліцы. Не забыліся на падворку і  на асвячэнне даёнкі.
Пастараліся арганізатары свята Юр’я, нагадалі маладым гаспадыням пра тое, як  выводзілі на Юр’еўскую расу жывёлу іх далёкія продкі. Шкада, што на кароў у хлявах вяскоўцаў  багацей не робіцца…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №45 ад 11.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *