ОАО “Лежни” заняли второе место по производству молока

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Александр Прохоров и Ирина Жоголь

Ляжнёўскія прынцыпы работы
У гэтым годзе па выніках раённых спаборніцтваў сярод сельскагаспадарчых арганізацый па вытворчасці і продажы малака другое месца заняло ААТ “Ляжні”.Каб зразумець, у чым сакрэт поспеху жывёлаводаў, мы накіраваліся ў ААТ “Ляжні”.
Работнікі фермы Ляжні-1 расказалі, што дырэктар  В. В. Яцко –сапраўдны гаспадар. Да ранішняй разнарадкі яна абыдзе кожны хляўчук, сустрэнецца з даяркамі, і тыя праблемы, якія ўзнікаюць час ад часу, стараецца вырашыць на месцы. Тое самае ў абедзенную і вячэрнюю дойкі – усё пад кантролем. Больш таго, вартаўнікі расказалі, што дырэктар іншы раз прыязджае на ферму нават ноччу: праверыць, ці падкінуты сянаж каровам, указаць на недахопы ці пахваліць.
“Наша гаспадарка невялікая, і мне як кіраўніку лягчэй у тым плане, што ў нас толькі дзве малочнатаварныя фермы. Да таго ж яны не раскіданы па гаспадарцы, а знаходзяцца ў адным месцы, – расказала Валянціна Васільеўна. – Стараемся стварыць прымальныя і зручныя ўмовы для работы. У прыватнасці, на фермах Ляжні-1 і Ляжні-3 устанавілі ў мінулым годзе новыя малакаправоды. Дзякуючы гэтаму скарацілася колькасць даярак: адна  цяпер спраўляецца з 60-цю каровамі – гэта на 20 больш, чым пры даенні ў вёдры. Акрамя таго, на ферме Ляжні-1 нядаўна ўстанавілі новы транспарцёр для выдалення гною. Ды і ўвогуле ўсе каровы і цяляты ў нас дагледжаны, таму што кожны, пачынаючы  са спецыялістаў і заканчваючы вартаўнікамі, добра спраўляецца са сваімі абавязкамі. Наш прынцып работы: накарміць, падаіць, дагледзець. І аддача не прымусіць сябе чакаць, поспех абавязкова будзе”.
Валавая вытворчасць малака за студзень-кастрычнік гэтага года ў ААТ “Ляжні” склала 1469,3 тоны, продаж дзяржаве – 1297,3 тоны, прадукцыя вырошчвання –  127,6 тоны, выхад цялят на сто кароў – 61 (на 14 больш, чым у папярэднім годзе),  расказала галоўны заатэхнік гаспадаркі Н. Я. Васілеўская. На думку Наталлі Ягораўны, дабіліся такіх поспехаў дзякуючы своечасоваму асемяненню, прафілактычнаму лячэнню, добраму раздою першацёлак і штодзённаму догляду за жывёлай. Немалаважная заслуга ў гэтым жывёлаводаў. У прыватнасці, даяркі фермы Ляжні-3 Таццяны Голубевай (яна заняла трэцяе месца ў раённых спаборніцтвах сярод аператараў машыннага даення) і аператара па вырошчванні Ірыны Жогаль (ёй прысуджана першае месца ў раённых спаборніцтвах).
Да гонару ААТ “Ляжні”, высока адзначана работа галоўнага ветурача гаспадаркі А. М. Прохарава і галоўнага заатэхніка Н. Я. Васілеўскай – яны сёлета прызнаны пераможцамі раённых спаборніцтваў. “Аляксандр Міхайлавіч і Наталля Ягораўна на самой справе вельмі добрыя спецыялісты, – кажа Валянціна Васільеўна. – На іх магу спадзявацца як на самую сябе. А галоўнае, што мы –  калектыў аднадумцаў. Уся жывёла пад пільным наглядам заатэхніка і ветурача. Яны ведаюць пра надоі, прывагі і хваробы кожнай з 485 кароў. Штодзень гутараць з даяркамі, аглядаюць кожнае цяля. Адзначу, што ў нашых спецыялістаў няма выхадных. І ў будні, і ў святы яны на ферме”.
Яшчэ адзін сакрэт поспеху ў жывёлагадоўлі – гэта добрыя кармы. Кожны дзень каровам даюць камбікорм: у гаспадарку па заказу прыязджае млын з Полацкага КХП. А нядаўна закупілі дзесяць тон патакі.  Да таго ж,  уласных сіласу і сенажу нарыхтавана ўволю: у гэтым годзе ААТ “Ляжні” заняло першае месца па  вытворчасці кармоў –  нарыхтавалі 30,1 цэнтнера кармавых адзінак на  ўмоўную галаву жывёлы. І гэта нягледзячы на тое, што гаспадарцы падчас уборачнай не хапала тэхнікі. Выручыла КУСГП “Ульскі” – паслалі на прарыў кормаўборачны камбайн.
“І нашы механізатары малайцы: мужчыны працавалі, пакуль зоркі на небе не з’явяцца, вельмі стараліся, – кажа яна. – У нас нямнога механізатараў, але ж яны ўсе працавітыя – гаспадарцы проста пашанцавала!”
Расказваючы пра поспехі гаспадаркі, Валянціна Васільеўна перажывала, што ў лістападзе зменшыліся надоі па гаспадарцы – “упусцілі каля сямі тон малака з-за таго, што многа кароў былі ў запуску”. Работа спецыялістаў і жывёлаводаў зараз накіравана на тое, каб навярстаць упушчанае. І рэсурсаў для гэтага дастаткова: ёсць група першацёлак і нецеляў,  добрыя даяркі працуюць на раздоі, кароў кормяць якаснымі кармамі, даюць канцэнтраты.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №95 ад 09.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *