Районная благотворительная ёлка

Актуалии Общество

Ёлка, казка, падарункі і навагодняя генеалогія
А ў Дзеда Мароза, аказваецца, ёсць і жонка, і дзеці, а не толькі ўнучка Снягурка. Як высветлілася, жонка самага папулярнага снежнай парой персанажа – Матухна Зіма. І жыве яна не дзе-небудзь, а ў палацы ў Белавежскай Пушчы разам з законным мужам. І дзяцей у іх ажно трое: Сцюжа, За-віруха і Мяцеліца. Праўда, дзякуючы суроваму нораву, у Сцюжы і Завірухі дзяцей няма. А вось у Мяцеліцы са Снегавіком ёсць дачка, вядомая нам, як Снягурка. І яшчэ, менавіта ў Белавежскай Пушчы расце самая вялікая ў Еўропе ёлка (вышынёй больш за 42 метры). Такая вось навагодняя генеалогія.
На веданне гэтых фактаў дзяцей праверыў кіраўнік раёна Вальдэмар Антонавіч Падляшчук, пераадрасаваўшы ім пытанні ад сапраўднага Дзеда Мароза. Адбылося гэта на традыцыйным дабрачынным мерапрыемстве для дзяцей, якое прайшло ў гарадскім Доме культуры ў аўторак 28 снежня.
У гэты раз навагодняе свята запрасіла ажно 336 хлопчыкаў і дзяўчынак нашага раёна (у мінулым годзе іх было крыху больш за сотню), тых, радасць і ўсмешкі каму хочацца падарыць асабліва. Да дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, сірот у гэты раз далучыліся і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі.
Вальдэмар Антонавіч па-дзякаваў усім ім за добрую вучобу, добрыя ўчынкі, за дапамогу дарослым і ветэранам. Пажадаў  здароўя, спаўнення ўсіх мар і жаданняў. А бацькам і настаўнікам – вялікай радасці ад дзіцячых поспехаў. А навагоднюю праверку, пра якую мы ўжо гаварылі вышэй, закончыў ідэяй пра тое, што і на Шуміліншчыне добра было б пасяліць Дзеда Мароза. У раёне нямала  жывапісных мясцін, быццам спецыяльна створаных для казкі і чароўнасці.
Артысты Дома культуры прэзентавалі школьнікам спектакль-казку “Марозка”. Дзеці заварожана глядзелі на чароўнае дзейства – артысты шчыра выконвалі свае ролі. Пасля для ўдзельнікаў свята была арганізавана традыцыйная гульнявая праграма ля навагодняй ёлкі. Карагоды, гульні, вершы і песні, абавязковыя салодкія падарункі – свята атрымалася маштабным і цудоўным.
Наталля Чарнічэнка.
Надрукавана ў №102 ад 31.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *