Тэма тыдня: Шляхі развіцця сучаснай беларускай адукацыі

Образование Тема недели

Жураўкоў: павышэнне прэстыжу прафесіі настаўніка — гэта задача ўсяго грамадства

Аб гэтым заявіў 5 лютага ў час правядзення прамой тэлефоннай лініі і анлайн-канферэнцыі ў прэс-цэнтры і на сайце БЕЛТА міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў.

«Гэта задача не толькі Міністэрства адукацыі. Хачу падкрэсліць, што гэта задача грамадства ў цэлым. Аўтарытэт настаўніка заваёўваецца не толькі тым, што Мінадукацыі або розныя дзяржорганы будуць задумвацца над тым, каб павысіць зарплату, даць нейкія сацыяльныя даброты», — сказаў міністр.

«Трэба ствараць станоўчы вобраз настаўніка ў нашым грамадстве. Для гэтага трэба і СМІ прыцягваць, больш расказваць аб нашых выдатных педагогах, аб іх інавацыях, паказваць прыклады з жыцця педагогаў», — падкрэсліў ён.

Міхаіл Жураўкоў таксама адзначыў, што Міністэрства адукацыі са свайго боку будзе старацца стварыць самыя аптымальныя ўмовы для таго, каб педагог працаваў у творчай і камфортнай абстаноўцы. «Будзем клапаціцца, каб у яго было адпаведнае матэрыяльнае ўзнагароджанне, якое адпавядае жыццю людзей у нашым грамадстве», — дадаў Міхаіл Жураўкоў.

Жураўкоў мае намер разабрацца з выкананнем настаўнікамі неўласцівых функцый

Міхаіл Жураўкоў падкрэсліў, што праблемай выканання настаўнікамі дадатковых, неўласцівых функцый ён займаецца з першага дня свайго знаходжання на пасадзе міністра.

Паводле яго слоў, цяпер праводзіцца маніторынг школ, гімназій па ўсёй рэспубліцы. «Вывучаем статыстыку, глядзім структуру выконваемых настаўнікамі даручэнняў і высвятляем, хто іх дае. Акрамя таго, абмяркоўваем з настаўнікамі, дырэктарамі, прадстаўнікамі раённай улады пытанне аб тым, якім яны бачаць узаемадзеянне ў будучым, — сказаў міністр. — Пастараемся як мага хутчэй абагульніць гэтыя матэрыялы і сфарміраваць рэкамендацыі».

«Сапраўды, пытанне трэба вырашаць, але гэта не так проста. Больш таго, у кожным рэгіёне павінны ўлічвацца яго асаблівасці», — лічыць Міхаіл Жураўкоў.

У бліжэйшыя два гады абітурыенты не змогуць падаваць дакументы ў некалькі ВНУ адразу

Паводле яго слоў, на гэты час гэта пытанне не разглядаецца. «Інакш кажучы, у бягучым і наступным навучальным годзе абітурыент павінен падаваць дакументы ў канкрэтную ВНУ і здаваць канкрэтныя ўступныя экзамены ў тую навучальную ўстанову, якую ён выбраў. У перспектыве, можа, мы да гэтага прыйдзем і з’явіцца магчымасць падаваць дакументы ў некалькі ВНУ адразу, але пакуль не», — сказаў міністр.

Ён таксама адказаў на пытанне адносна ўзмацнення адбору абітурыентаў пры паступленні ў ВНУ: «Ёсць пэўныя рэйтынгі, балы, паступленне на аснове адбору… Таму, на мой погляд, цяпер ставіць пытанне аб узмацненні якіх-небудзь патрабаванняў не зусім  правільна», — сказаў ён.

Жураўкоў: пытанне аб аб’яднанні выпускных школьных экзаменаў і ЦТ ставіць дачасна

«Што датычыцца аб’яднання школьных і ўступных экзаменаў, то, мне здаецца, гэта пытанне цяпер яшчэ дачаснае, таму што экзамены ў школе павінны прадэманстраваць узровень засвоеных ведаў вучнямі па ўсіх прадметах за школьную праграму навучання. Пры паступленні ж абітурыент павінен прадэманстраваць пэўныя веды па пэўных прадметах, якія неабходна ведаць у ВНУ. Гэта крыху розныя задачы. Аб’яднаць іх, на першы погляд, вельмі проста, але на самай справе гэта складаная задача», — сказаў міністр.

Разам з тым ён адзначыў, што калі людзі задаюць такія пытанні ў ходзе анлайн-канферэнцыі, то гэта тэма будзе прааналізавана.

Жураўкоў не выключае павелічэння колькасці тэстаў ЦТ для аднаго чалавека ў будучым

«Не выключаю, што, можа, у далейшым мы да гэтага пытання вернемся, і будуць нейкія зрухі ў напрамку змянення колькасці тэстаў ЦТ. У бліжэйшую кампанію гэтага не будзе. Але будзем думаць, паколькі няма абсалютна правільнай і дасканалай сістэмы. Трэба заўсёды ўдасканальвацца і ісці наперад», — сказаў міністр.

Пры гэтым ён адзначыў, што ў любым выпадку правілы гульні будуць вызначаны загадзя. Аб новых правілах аб’явяць як мінімум за год.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *