Аб пенсійных навацыях

Тема недели

Амаль 1 тыс. чалавек у 2015 годзе не выйдуць на сацыяльную пенсію з-за адсутнасці неабходнага страхавога стажу

Тым, хто не мае мінімальнага 15-гадовага (або ўстаноўленага для асобных катэгорый 5-гадовага) стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў, сацыяльная пенсія са студзеня 2015 года будзе назначацца на 5 гадоў пазней: мужчынам — пасля дасягнення ўзросту 65 гадоў, жанчынам — 60 гадоў. Гэтыя змяненні не закранаюць сацыяльна слабаабароненыя катэгорыі (дзяцей-інвалідаў, інвалідаў, у тым ліку інвалідаў з дзяцінства, дзяцей у выпадку страты карміцеля).

На пачатак лютага бягучага года ў Беларусі налічвалася 59,1 тыс. атрымальнікаў сацыяльных пенсій. У асноўным гэта дзеці-інваліды, інваліды з дзяцінства, дзеці, якія страцілі карміцеля. Памеры іх пенсій розныя — у залежнасці ад ступені страты здароўя або групы інваліднасці — ад Br1 млн 71,1 тыс. да Br1 млн 570,9 тыс. Сярэдні памер сацыяльнай пенсіі складае Br1 млн 296,4 тыс. У тых, хто не з’яўляецца інвалідамі і не мае мінімальнага стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў, памер пенсіі складае Br714,1 тыс., праінфармаваў Валерый Кавалькоў.

У Беларусі больш як 6 тыс. чалавек скарысталіся магчымасцю адкладзенай пенсіі

Паводле ацэнак, колькасць работнікаў, якія скарысталіся магчымасцю павысіць памер пенсіі, паступова павялічваецца. Паводле апошніх даных, пенсію з «прэміяй» атрымліваюць больш як 6 тыс. чалавек, праінфармаваў намеснік міністра.

Адказваючы на пытанне аб тым, ці плануецца пераглядаць умовы адкладзенай пенсіі «з-за іх непрывабнасці», Валерый Кавалькоў адзначыў: «Умовы «прэміравання» грамадзян за прадаўжэнне работы пасля дасягнення агульнага пенсійнага ўзросту без атрымання пенсіі прымаліся з улікам фінансавых магчымасцей пенсійнага фонду. Пытанне аб іх прывабнасці — дыскусійнае. У сярэднім перыяд работы пасля назначэння пенсіі складае пяць гадоў. За гэты час можна павялічыць памер сваёй пенсіі на 70 працэнтаў. Для параўнання: у Расіі за такі ж перыяд можна павялічыць памер сваёй пенсіі на 50 працэнтаў».

Мінпрацы і сацабароны праводзіць маніторынг прымянення гэтай нормы, ацэньваючы яе запатрабаванасць.

Рэзерваў для зніжэння тарыфаў узносаў на сацыяльнае страхаванне няма — Кавалькоў

«Сёння тарыф узносу на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне для большасці работадаўцаў складае 34 працэнты фонду заработнай платы, у тым ліку 28 працэнтаў — на пенсійнае страхаванне і 6 працэнтаў — на сацыяльнае страхаванне. Для работніка гэты тарыф складае 1 працэнт індывідуальнага заработку, — адзначыў намеснік міністра. — За кошт гэтых узносаў фінансуюцца працоўныя пенсіі (па ўзросце, інваліднасці, у выпадку страты карміцеля, за выслугу гадоў), дапамогі па часовай непрацаздольнасці, па цяжарнасці і родах, сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, па беспрацоўі і іншыя выплаты, прадугледжаныя заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні».

На думку Валерыя Кавалькова, гэты тарыф адпавядае патрэбнасцям Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на фінансаванне выплат пенсій і дапамог. «Рэзерваў для зніжэння тарыфаў узносаў няма. Таму пытанне змянення тарыфаў на сацыяльнае (пенсійнае) страхаванне для работадаўцаў цяпер не прапрацоўваецца», — рэзюмаваў ён.

Адказваючы на пытанне аб ільгатаванні сельгасвытворцаў, Валерый Кавалькоў праінфармаваў, што Законам Рэспублікі Беларусь «Аб абавязковых страхавых узносах у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь» зніжаны памер абавязковых страхавых узносаў на пенсійнае страхаванне (24 працэнты) устаноўлены для работадаўцаў, занятых вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі, аб’ём якой складае больш як 50 працэнтаў агульнага аб’ёму вырабленай прадукцыі. Памер абавязковых страхавых узносаў на сацыяльнае страхаванне (на выпадак часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родаў, нараджэння дзіцяці, догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў і інш.) аднолькавы для ўсіх работадаўцаў — 6 працэнтаў. Унясенне змяненняў у заканадаўства па гэтым пытанні цяпер не прадугледжваецца, падкрэсліў намеснік міністра.

Кавалькоў: добраахвотнае пенсійнае страхаванне пакуль шырока не запатрабавана

«Па назіраннях, добраахвотнае пенсійнае страхаванне пакуль яшчэ не мае шырокай запатрабаванасці ў работадаўцаў і работнікаў. У аснове гэтага — комплекс узаемазвязаных прычын, якія закранаюць як асаблівасці псіхалогіі нашых грамадзян, так і функцыянаванне нацыянальнай эканомікі ў цэлым і рынку страхавання ў прыватнасці», — адзначыў Валерый Кавалькоў.

Ён дадаў, што рэгуляванне добраахвотнага (дадатковага) пенсійнага страхавання ў страхавых арганізацыях не адносіцца да паўнамоцтваў Мінпрацы і сацабароны — гэта кампетэнцыя Міністэрства фінансаў. І параіў аўтару пытання за ацэнкай надзейнасці і перспектыўнасці гэтага віду страхавання звярнуцца да спецыялістаў фінансавага ведамства.

Як было адзначана 13 лютага на пасяджэнні калегіі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, немалаважным з’яўляецца развіццё добраахвотных праграм пенсійнага страхавання на рынку страхавых паслуг. Шэраг прадпрыемстваў рэспублікі ўжо ўдзельнічае ў карпаратыўных праграмах («Атлант», «БМЗ», «Гомсельмаш», «БелАЗ», «Беларуськалій» і іншыя).

Добраахвотнае страхаванне дадатковай пенсіі ажыццяўляюць 4 страхавыя арганізацыі, любы грамадзянін мае магчымасць самастойна фарміраваць накапляльную частку пенсіі ў дапаўненне да дзяржаўнай.

Змяняць пенсійнае заканадаўства ў Беларусі ў сувязі з утварэннем ЕАЭС не плануецца — Мінпрацы

З 1 студзеня 2015 года пачало дзейнічаць новае інтэграцыйнае аб’яднанне — Еўразійскі эканамічны саюз. У мэтах забеспячэння магчымасці для рэалізацыі пенсійных правоў, сфарміраваных на тэрыторыі дзяржаў — членаў гэтага саюза, сумесна з Еўразійскай эканамічнай камісіяй пачалася работа над праектам міжнароднага дагавора ў галіне пенсійнага забеспячэння, адзначыў Валерый Кавалькоў.

Асноўнай мэтай распрацоўкі праекта дагавора з’яўляецца забеспячэнне дзяржавамі — членамі саюза захавання аб’ёму набытых на іх тэрыторыі працоўным пенсійных правоў, падкрэсліў намеснік міністра.

Згодна з дагаворам аб ЕАЭС, пенсійнае забеспячэнне працоўных дзяржаў — членаў саюза рэгулюецца заканадаўствам дзяржавы пастаяннага пражывання, а таксама ў адпаведнасці з асобным міжнародным дагаворам паміж дзяржавамі-членамі.

Мінпрацы: праводзіцца работа па заключэнні пенсійных пагадненняў з Эстоніяй, Малдовай, Чэхіяй і Польшчай

У Беларусі рэалізуецца сем пагадненняў (дагавораў) у галіне сацыяльнага (пенсійнага) забеспячэння, з іх 6 — двухбаковых і 1 — шматбаковае. У ліпені 2014 года ўступіла ў сілу пагадненне з Азербайджанам, якое прадугледжвае забеспячэнне рэалізацыі пенсійных правоў, набытых на тэрыторыі Азербайджана або Беларусі, ідзе работа над адміністрацыйным пагадненнем аб прымяненні гэтага пагаднення.

У снежні 2014 года з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Расіі падпісаны пратакол аб унясенні змяненняў у адміністрацыйнае пагадненне аб прымяненні Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння. Яго рэалізацыя дасць магчымасць аптымізаваць адміністраванне працэсу выплаты пенсій, назначаных па дагаворы, растлумачыў Валерый Кавалькоў.



1 комментарий по теме “Аб пенсійных навацыях

  1. Итак берем средний показатель продолжительности жизни у нас, сравниваем с вышеозвученными требованиями для назначения пенсии. Вуаля, а назначать то и некому, издохли.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *