Вы не доверяете пластиковой карточке и по-прежнему рассчитываетесь наличными? Тогда эта статья для вас

Общество

Каб ацаніць – трэба паспрабаваць
Вось ужо не адзін год мы вучымся карыстацца пластыкавымі карткамі, якія ўвайшлі ў наша жыццё назаўсёды. Многія ўжо ацанілі перавагі картак перад наяўнымі грашыма. Аднак, нягледзячы на ўсе старанні банкаўскіх работнікаў, некаторыя працягваюць разлічвацца наяўнымі грашыма.
Здаецца, прычын тут некалькі. Найперш пытанне звычкі. У нашых людзей проста ў крыві закладзена захоўваць грошы ў кашальках, а буйныя сумы  – пад матрацам. Так, думаюць, надзейней і спакайней.  Ну, і яшчэ: як бы гэта ні парадаксальна гучала, але многія з нас проста-такі не ўмеюць альбо баяцца карыстацца пластыкавымі карткамі. Ці не жадаюць вучыцца і спрабаваць?
Хочацца ў чарговы раз нагадаць пра перавагі пластыку і безнаяўных плацяжоў.
“У  першую чаргу гэта надзейна і бяспечна, – кажа намеснік дырэктара ЦБП № 225 г. п. Шуміліна ААТ “ААБ Беларусбанк” Вольга Масько. – Што значыць захоўваць грошы ў кішэні, кашальку ці дома? Каб абараніць іх ад пажару, крадзяжу ці простай згубы, неабходна як мінімум трымаць іх у сейфе. А пластыкавая картка пазбаўляе ад неабходнасці насіць пры сабе буйныя сумы наяўных грошай. Па-другое, згубіўшы карту, вы не губляеце грошы, чаго не скажаш пра кашалёк.  У выпадку прапажы трэба проста звярнуцца ў кругласутачную сэрвісную службу банка і заблакіраваць аперацыі па картачным рахунку. Пры гэтым банк хутка адновіць згубленую картку”.
Часта даводзіцца бачыць у райцэнтры карціну, калі людзі, адстояўшы ў банкамаце чаргу (такое бывае падчас масавых выплат зарплат і пенсій), здымаюць грошы і ідуць адразу ў магазіны за пакупкамі ці ў банк альбо на пошту да аператараў. І там зноў выстройваюцца ў чэргі. “Навошта губляць свой час і нервы?” – хочацца спытаць у іх. Зараз кожны гандлёвы аб’ект абсталяваны плацёжнымі тэрміналамі. Тэрміналы цяпер ёсць і на аўтавакзале, і на чыгуначным вакзале, у аптэках, цырульнях і ў “Саюздруку” і інш. Нашы банкі ў поўным аб’ёме абсталявалі тэхнічнымі сродкамі райцэнтр, і цяпер у людзей адпала неабходнасць наведваць банкі і пошты, каб, скажам, аплаціць мабільную сувязь ці інтэрнэт, не кажучы ўжо пра магчымасць аплаты усіх неабходных плацяжоў і крэдытаў.
А зручнасці падключэння да інтэрнэт-банкінгу (аплата плацяжоў праз камп’ютар) ці М-банкінгу (правядзенне плацяжоў праз мабільны тэлефон)? У любы час чалавек можа, не выходзячы з дому, пры наяўнасці камп’ютара і падключэння да інтэрнэту, альбо ў дарозе, рабіць усе плацяжы, адным словам, усё, што чалавек робіць, ідучы непасрэдна ў банк ці на пошту. “Хочацца заўважыць, што плата за падключэнне да паслугі інтэрнэт-банкінгу ў “Беларусбанку” зараз амаль сімвалічная – усяго 10 тысяч рублёў”, – зазначае намеснік дырэктара. Падключэнне да гэтай паслугі не займае шмат часу, для гэтага трэба завітаць у банк з пашпартам і карткай.  Дарэчы, у нашым раёне такія зручнасці ацанілі каля дзвюх тысяч чалавек – кліентаў “Беларусбанка”.
Як бачым, адны перавагі. Цяпер засталося толькі пераканаць людзей і навучыцца ім самім жыць “па новых правілах” – больш сучасных і надзейных. І толькі ад нашага з вамі жадання залежыць, ці быць нам фінансава граматнымі людзьмі і карыстацца ўсімі тымі выгодамі, якія нам прапаноўваюцца. Бо сапраўды яны зручныя і эканомяць наш час. Каб ацаніць – трэба паспрабаваць.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №20 ад 13.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *