В Шумилино будет продолжен ремонт улиц

Актуалии Общество Президент

Рамонт вуліц у райцэнтры будзе весціся
У мінулую суботу праводзілася “прамая лінія” са старшынёй Віцебскага аблвыканкама М. М. Шарстнёвым. За тры гадзіны 36 жыхароў вобласці паспелі выказаць свае праблемы і пытанні кіраўніку Віцебшчыны. Дарэчы, каля 30 пытанняў было ад жыхароў абласнога цэнтра. Пытанні тычыліся даволі шырокага кола праблем: жыллёва-камунальная гаспадарка, і, у прыватнасці, уключэнне дамоў у спіс на капітальны рамонт, выплата зарплаты (як у дзяржаўных, так і ў прыватных прадпрыемствах, на сяле і ў горадзе), транспартнае забеспячэнне, добраўпарадкаванне і іншыя. Кіраўнік вобласці паставіў задачу вырашаць узнятыя на “прамых лініях” праблемы на працягу тыдня, каб яны не назапашваліся. Адзін званок быў і з Шумілінскага раёна: жыхар аграгарадка Слабада звярнуўся з просьбай падсыпаць участак дарогі, які вясной “правальваецца”. Праблема вядомая раённаму кіраўніцтву, гэты ўчастак падсыпалі ў мінулым годзе і пяском, і шчэбенем, але пасля зімы зноў спатрэбіўся рамонт. Адпаведныя раённыя службы атрымалі заданне правесці абследаванне і зрабіць рамонт дарогі.
Адначасова з абласной праводзіў “прамую лінію” старшыня райвыканкама У. П. Куранны. Тэлефанавалі кіраўніку раёна і вяскоўцы, і гараджане з райцэнтра, і нават з Віцебска.
Самыя значныя пытанні былі звязаны з рамонтам вуліц Шуміліна, якія маюць грунтовае пакрыццё. “Нам вельмі хацелася б заасфальтаваць усе вуліцы, – сказаў  Уладзімір Пятровіч. – Але зараз гэта дорага і не па сілах бюджэту. Таму прынята рашэнне падсыпаць вуліцы, дзе патрэбна, і ўмацоўваць дарожнае пакрыццё шчэбенем. Гэта больш танны варыянт, які дазволіць палепшыць стан вуліц.” Зараз падсыпка вуліц шчэбенем праводзіцца ў раёне былога торфапрадпрыемства. Адтуль патэлефанавалі са словамі падзякі, але прасілі навесці парадак на ўзбочынах і ў асобных мясцінах, дзе пасля грэйдзіравання ёсць пэўныя пытанні. Кіраўнік раёна адзначыў, што работы ў гэтым раёне яшчэ вядуцца, абавязкова будзе праведзена прыкачванне шчэбеню, пасля дарожныя і камунальныя службы навядуць парадак на ўсіх вуліцах, дзе праведзена ўмацаванне дарожнага пакрыцця.
Потым камунальнікі і дарожнікі пачнуць праводзіць такую ж работу на вуліцах райцэнтра, размешчаных за чыгункай (адтуль таксама быў тэлефонны званок на “прамую лінію”). Як заўважыў У. П. Куранны, там шмат вуліц, якім патрэбны неадкладны рамонт, таму ў гэтым мікрараёне работа па падсыпцы шчэбеню запланавана і сёлета, і на наступны год.
Пенсіянер з Шуміліна прасіў старшыню райвыканкама падрамантаваць “сцежку здароўя”, што калісьці была вакол Шумілінскага возера, але зараз месцамі стала непраходная. Адпаведныя даручэнні адрасаваны камунальнай службе і меліяратарам.
Старшыня жыллёвага кааператыву з райцэнтра прасіла ўладкаваць дадатковую стаянку для аўтамабіляў. Ёй патлумачылі, што неабходна звярнуцца ў райвыканкам, спецыялісты аддзела архітэктуры і будаўніцтва разам з землеўпарадкавальнай службай аформяць дакументы і на месцы правядуць разметку, а вось уладкоўваць стаянку члены кааператыву ці вадзіцелі, якім яна патрэбна, павінны за ўласны кошт.
Жыхарка вёскі Непароты паскардзілася на тое, што ў яе няма пад’езду да ўласнага агарода. Землеўпарадкавальная служба і старшыня сельвыканкама на месцы разбяруцца ў праблеме і адкажуць заяўніцы.
Жыхар Лескавіч папрасіў дапамагчы з апрацоўкай вінаградніку. Для гэтага патрэбны маленькі трактарок. Кіраўнік раёна даручыў упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання дапамагчы заяўніку з выдзяленнем тэхнікі.
З Будобалі паскардзіліся на тое, што некуды здаць бутэлькі. Праблему вывучаць спецыялісты аддзела эканомікі райвыканкама і давядуць інфармацыю да жыхароў раёна. Хаця, праблемы быць не павінна, бо прыём шклатары ажыццяўляюць як стацыянарныя крамы, так і аўтамагазіны.
Віцяблянка, якая часта прыязджае да бацькоў у вёску Бубалі, прасіла арганізаваць аўтобусны прыпынак ля дарогі, што вядзе да вёскі. Зараз бліжэйшыя прыпынкі знаходзяцца на павароце да вёскі Гусінцы ці ў Мікалаеве, а гэта даволі далёка ад Бубаляў. Старшыня райвыканкама даручыў  накіраваць адпаведныя запыты дарожным і аўтатранспартным службам, каб станоўча вырашыць просьбу вяскоўцаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №23 ад 24.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *