Советско-финская война: На высоте 67,0 Касьянов героически погиб

Общество

На вышыні 67,0  Касьянаў геройскі загінуў
Пакаленне беларусаў 50-60 гадоў нараджэння мінулага стагоддзя, да якога належу і я, у большасці не ведала сваіх дзядоў. Нашы дзяды паклалі свае жыцці на алтар Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, іх подзвіг услаўлены і ўшанаваны, іх памяць свяшчэнная. А вось тых, хто загінуў ці прапаў без вестак на забытай савецка-фінскай вайне 1939-1940 гадоў, не  славілі, гэтая старонка нашай агульнай гісторыі доўгі час заставала ў цяні. Сярод тысяч загінуўшых савецкіх салдат на той “Зімовай вайне” быў і мой дзед па матулінай лініі Пётр Сямёнавіч Касьянаў.
Публікацыя Анатоля Бруцкага “На забытай вайне” (“Герой працы” №19 ад 10.03.2015 г.) узрушыла нашу сям’ю. Мы прыехалі да мамы Надзеі Пятроўны Канстанцінавай (у дзявоцтве Касьянавай) у вёску Глушыца, прачыталі ёй нарыс.
І нахлынулі ўспаміны, закрытыя доўгімі гадамі, жыццёвымі падзеямі. Мама зноў і зноў вярталася ў той час. У 1939 ёй было 12, з трох сястрычак у сям’і яна была старэйшая. Памяць захавала момант развітання, калі бацька зайшоў у хату, абняў жонку, прыгарнуў да сябе дачушак. Дзяўчынкі абшчапілі бацьку, маленькія абнялі за ногі і не адпускалі, быццам адчувалі, што ніколі болей не ўбачаць яго.
Ён не вярнуўся. Доўгі час сям’я не ведала пра ягоны лёс, на шматлікія запыты атрымлівалі сухі лаканічны адказ: “Прапаў без вестак”.
У жніўні 1977 года з Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Савецкай Арміі прыйшла архіўная даведка, у якой паведамлялася:
“У картатэцы страт Савецка-Фінляндскай вайны значыцца мал. камандзір, санінструктар 49 стр. палка 50 стр. дывізіі ЛВО Касьянаў Пётр Сямёнавіч, 1907 г. нараджэння, ураджэнец Віцебскай вобл. Сіроцінскага р-на, прызваны Сіроцінскім РВК.
Забіты 8 лютага 1940 г.
У дакументальных матэрыялах ЦДАСА ёсць узнагародны ліст, складзены 17 сакавіка 1940 г. на санінструктара 2 батальёна 49 стр. палка 50 стр. дывізіі  Касьянава Пятра Сямёнавіча, прадстаўленага да медаля “За адвагу”.
Кароткі спіс заслуг: у баях з белафінамі т. Касьянаў паказаў геройства, смеласць і адвагу.
Пры наступленні на вышыню 67,0 8 лютага 1940 г. т. Касьянаў, нягледзячы на ўраганны агонь праціўніка, не шкадуючы свайго жыцця, смела і энергічна аказваў дапамогу раненым байцам і камандзірам, эвакуіруючы раненых і забітых з перадавой лініі бою.
8 лютага 1940 г. на вышыні 67,0 т. Касьянаў геройскі загінуў.”
У 1940 годзе майму дзеду было 33 гады. Сям’я да гэтага часу не ведае, дзе ён пахаваны, ці ёсць магілка, ці паклаў хто на яе скупы букецік кветак.
А ён не бачыў, як цяжка было яго асірацелай сям’і, не ведаў і таго, што ў яго нарадзілася багата ўнукаў і праўнукаў. А можа, і ведаў, можа, з той вышыні, адкуль чуецца жураўліны крык, усё гэта бачыла ягоная душа…
Надзея КАНСТАНЦІНАВА.
Надрукавана ў №25 ад 31.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *