Жанчына, можна вас на хвіліначку…

Культура Общество

Жанчына, можна вас на хвіліначку…
Неяк так атрымалася, што ў нашым грамадстве, ва ўсялякім разе, на постсавецкай прасторы, звярнуцца да незнаёмага чалавека і вытрымаць пры гэтым нормы этыкету проста немагчыма. У таварышах  нам ужо цеснавата, а да спадароў і іншых шаноўных асоб мы гэтак і не дараслі. Таму, выходзячы ў свет, мы непазбежна “агаляемся” да мужчыны і жанчыны. Ну ці ў крайнім выпадку, да дзяўчыны і маладога чалавека. Што ў некаторых абставінах яшчэ больш недарэчна.

У тым, што нарадзілася жанчынай, я, вядома, ніколькі не сумняваюся, нават ганаруся. Толькі да 38 гадоў я так многа паспела і ўмею, што вылучаць мяне з натоўпу толькі па гендарнай прыкмеце неяк няправільна.
– Так, і мне гэты зварот таксама не вельмі падабаецца, – кажа сяброўка Таццяна. – Але ж альтэрнатывы, на жаль, няма. Даводзіцца адклікацца.
Чамусьці сярод нас, прадстаўніц прыгожага полу, распаўсюджана думка, што дзяўчынай усё ж быць лепш, чым жанчынай. Натуральна, звязана гэта з вечнай барацьбой за маладосць і прыгажосць. Дзяўчына ў любым выпадку маладзей за жанчыну. І таму многія з нас, проста кроўна крыўдзячыся на кабету, нічога не маюць супраць дзяўчыны. Хоць, на мой пагляд, розніцы мала: усё адно вызначальнымі застаюцца гендарна-ўзроставыя характарыстыкі асобіны.
Ладна, тады давайце высвятляць, да якога ўзросту можна заставацца дзяўчынай? Можа, па БРСМаўскі – да 31 года? Ці пакуль дзеці не з’явяцца? Так, дарэчы, адна мая знаёмая глыбока пераканана, што пакуль у яе не наро-дзяцца наследнікі, яна будзе заставацца дзяўчынай. Хоць да 80 гадоў. І з гэтым цяжка паспрачацца, асаблівае калі гаворка ідзе пра фізіялогію. Але, прабачыце, няўжо кожны сустрэчны павінен быць у курсе такіх інтымных дэталяў твайго асабістага жыцця? Ёсць яшчэ варыянт (на крайні выпадак) – дзяцей з сабой нікуды не браць, ну каб крый божа…
А што рабіць, калі шчасце стаць мамай з табой здарылася ў 18? Адразу – жанчына? Глупства нейкае атрымліваецца. Выходзіць, што выпрацаваць нормы ў гэтым пытанні не атрымаецца. Таму некаторыя і ў 50 яшчэ дзяўчыны, а некаму ўжо ў 25 на жанчын даводзіцца адклікацца. Часта бывае так, што  паспяхова абмінуўшы  перыяд “жанчыны”, ты ў пэўны момант з “дзяўчыны” ператвараешся адразу ў “бабулю”.
Бывае, перад тым, як звярнуцца, на цябе яшчэ некаторы час даволі пільна глядзяць, быццам ацэньваюць, і, нарэшце,  вызначыўшыся, выдаюць што-небудзь тыпу: “Жанчына, вы апошняя?”. А яшчэ бывае, што той самай “жанчынай” хочуць задзець, абарваць, паставіць на месца і нават пакрыўдзіць.
Гэта блытаніна са зваротамі робіць камунікаванне з незнаёмымі нейкім скамечаным, вымушае адчуваць няёмкасць. Прытым, датычыць гэта абодвух бакоў камунікацыі. Вось я, не самага нясмелага дзясятка дама, і слоў, быццам, шмат ведаю, але зварот да незнаёмага чалавека, звычайна, пачынаю з “прабачце”, “падкажыце”, “будзьце ласкавыя” і так гэтак далей, і да таго падобнае. Шчыра прызнаюся, што без крайняй патрэбы я зусім не стану ўступаць у гутарку з чалавекам, чыйго імя не ведаю.
Тое, што гэта сапраўды праблема, я выразна ўсвядоміла ў той момант, калі сын нядаўна ўзяўся пераконваць, што, нягледзячы на тое, што я кабета, я жудасна прыгожая і стройная. Так, таварышы, з намі ўсё зразумела, але хоць бы дзеля дзяцей трэба неяк вызначыцца. Не ведаю, як гэта зрабіць і хто за гэта возьмецца, але пачынаць нешта рабіць дакладна трэба.
Нешта мне падказвае, што ўсе гэтыя “лэдзі”, “пані” і да таго падобнае таксама не для нас. Іронія нейкая адчуваецца ў гэтых словах, нават падвох ва ўмовах сучаснай рэчаіснасці.
“Лэдзі, а вы не ведаеце, гэтыя памідоры на акцыі?” – глупства, праўда? Ну, праўда, дзе лэдзі, а дзе памідоры? Дарэчы, зварот тыпу “прыгажуня”, прабачыце, асабіста мяне таксама не задавальняе. Гэтым часта грашаць мужчыны, упэўненыя, што такім заходам яны адразу зробяць даме прыемна незадорага. Але гэты зварот аддае фамільярнасцю, парушае асабістыя межы. Так што трымайце, калі ласка, сваю “прыгажуню”, “мілачку”, “даражэнькую” і іншых пры сабе.
Дарэчы, пра мужчын. Не ведаю чаму, але мне здаецца, што на іх палове ўсё неяк спакайней. Ва ўсякім разе, я ні разу не чула, каб на адпаведны зварот у свой адрас нехта з іх сказаў нешта накшталт: “Які я вам мужчына?”.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №37 ад 14.05.2019 г.