ОАО «Приозёрный мир» планирует продавать гусят

Сельское хозяйство Экономика

У “Прыазёрным міры” будзем купляць гусянят
З мінулага года ў ААТ “Прыазёрны мір” займаюцца птушкагадоўляй, дакладней, вырошчваюць гусей.  “Зараз 1680 гусей нясуцца, таму мы задумалі вывесці маладняк, – кажа дырэктар ААТ “Прыазёрны мір” А. М. Пытко. – Каб купіць уласны прамысловы інкубатар (ён каштуе 500 мільёнаў рублёў), пакуль няма грошай. Таму і вырашылі арандаваць яго на птушкафабрыцы “Веляцічы”, што ў Мінскай вобласці”. Першыя дзесяць тысяч гусіных яек павязуць у інкубатар ужо ў красавіку. Гэта значыць праз трыццаць дзён (столькі выводзяцца гусі) можна будзе прадаваць першы маладняк. Ужо ўстаноўлена і цана – 80 тысяч рублёў за сутачнае гусяня. Пытаемся ў Аляксея Мікалаевіча, ці па кішэні гэта будзе для людзей. “Канешне, – упэўнены А. М. Пытко. – Наша птушка ліндаўскай пароды, яна непераборлівая і непатрабавальная. Выжывальнасць маладняку складае 96%. Больш таго, птушка хутка расце і за 100-140 дзён набірае вагу да шасці кілаграмаў. Думаю, з рынкам збыту праблем не будзе. Спадзяемся, што першую партыю поўнасцю прададзім у Мінскай вобласці – там многія прыватнікі разводзяць дамашнюю птушку”.
ААТ “Прыазёрны мір” плануе арандаваць на птушкафабрыцы “Веляцічы”  два інкубатары. Толькі за адзін з іх трэба плаціць за арэнду 18 мільёнаў рублёў, расказаў Аляксей Мікалаевіч. Але гэта ўсё роўна выгадна, упэўнены кіраўнік гаспадаркі, бо эканамісты падлічылі: з аднаго вывадку, улічваючы дарожныя і іншыя выдаткі, атрымаецца 200 мільёнаў рублёў чыстага прыбытку.  А за сезон (з 15 красавіка па 5 жніўня) мяркуюць атрымаць чатыры вывадкі гусянят па дзесяць тысяч кожны.
Якім чынам можна будзе жыхарам раёна купіць у “Прыазёрным міры” гусянят? “З заяўкамі трэба звяртацца ў нашу гаспадарку, – кажа Аляксей Мікалаевіч. – Скажу больш: зараз мы прадаём і дарослых гусей. Калі гусь не нясе за сезон 65 яек, яна выбракоўваецца. Але ж гэта не значыць, што гэта птушка дрэнная. Яна здаровая, і знясе, скажам, 25-30 яек за сезон. Вясковую гаспадыню, магчыма, задаволіць і гэта. Акрамя  таго, мы распрацавалі для вяскоўцаў памятку, як трэба даглядаць гусей і чым карміць”.
Нядаўна “Прыазёрнаму міру” выдзелена з раённага бюджэту 500 мільёнаў рублёў – за гэтыя грошы мяркуюць правесці рэканструкцыю двух былых кароўнікаў у Дабеі. Сюды дадаткова паставяць шэсць тысяч гусянят. “Да канца года бацькоўскі статак гусей павялічыцца да васьмі тысяч,” – расказаў Аляксей Мікалаевіч. І ў наступным годзе гаспадарка зможа адправіць у інкубатар (спадзяемся, да таго часу ён ужо будзе ўласным) яек у два разы больш, чым сёлета.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №25 ад 31.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *