Ответственность за урожай в «Сиротинском» берёт молодёжь

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Тэхніка ў надзейных руках моладзі
Механізатары КУСГП “Сіроцінскі” аднымі з першых ў раёне адсеялі зерневыя і зернебабовыя.
“Проста старанна працавалі, – кажа дырэктар гаспадаркі М. У. Прыгодзіч. – Механізатары шчыравалі на палетках да ночы, засеялі 720 гектараў зерневых і зернебабовых. Прычым, 27 гектараў элітнай пшаніцы і 24 га элітнага аўсу, насенне якіх закупілі ў “Альгоўскім”.  Вельмі дапамаглі нашы шэфы з прадпрыемства меліярацыйных сістэм, якія вывезлі на палеткі 3470 тон арганікі. На пасяўной спраўляемся ў асноўным сваімі сіламі. Праўда, на тэхніку не вельмі багатыя, дык дапамагае ДРБУ-204: выдзелілі нам машыну, на якой падвозім на палеткі ўгнаенні і насенне рапсу”.
Едзем на поле за  вёску Чысці, дзе на мінулым тыдні вялася сяўба рапсу. Тут працуе  малады механізатар Аляксандр Антонаў: за дзень засявае паўтары нормы – 35 гектараў. Аляксандр прыйшоў у гаспадарку адразу пасля школы, а ў старэйшых класах дапамагаў бацьку на камбайне. Так што за плячыма ўжо немалы вопыт. У час нашай размовы на палеткі пад’язджае галоўны аграном  “Сіроцінскага” У. А. Федаськоў. Ён правярае якасць ворыва і сяўбы, адзначае, што на гэтым полі аптымальная глыбіня задзелкі 5-6 сантыметраў. Па ўсяму бачна, аграном застаецца задаволеным.
“Наш Аляксандр Антонаў малайчына, – кажа Уладзімір Аляксандравіч. – Адзін засеяў 600 гектараў зерневых, да гэтага дадасца яшчэ 225 га яравога рапсу”. У Аляксандра шыроказахопная сеялка, яна адзіная ў гаспадарцы. І даверылі яе маладому, надзейнаму і перспектыўнаму механізатару.
Галоўны аграном расказаў, што ў гаспадарцы робяць стаўку на маладых. Так, на трактары з сеялкай і плугамі працуе Аляксей Пабержын, параўнальна нядаўна ў гаспадарку ўладкаваўся Васіль Рыцараў, які падчас нашага прыезду працаваў з дыскамі на дальніх палетках ля лесу. Разам з Аляксандрам Антонавым на полі засталі і маладога брыгадзіра Уладзіслава Осіпава. Праз месяц ён заканчвае Лужаснянскі аграрны каледж, будзе кваліфікаваным аграномам. Хлопец расказаў, што прыйдзе працаваць у “Сіроцінскі” і аргументаваў свае словы: “Сам я мясцовы, і буду працаваць у сваёй гаспадарцы”.
“Не хочам пакрыўдзіць старэйшых калег, але моладзі разам працаваць цікавей, – кажуць хлопцы. – У нас агульныя інтарэсы. Мы можам спрачацца і нават вучыць адзін аднаго, не саромячыся”.
У механізатараў з “Сіроцінскага” наперадзе яшчэ нямала работы: трэба справіцца з яравым рапсам, потым засеяць 500 гектараў кукурузы – яе насенне закупілі ў Брэсце за кошт здадзенага малака. “А тут яшчэ азімы рапс дадаў работы, 130 гектараў якога вымерзла падчас бясснежнай зімы, – кажа У. А. Федаськоў. – Палеткі ж не будуць пуставаць, таму перасяваем іх зерневымі”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №36 ад 12.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *