Через 70 лет стало известно, что за подвиг при освобождении Шумилинщины солдат был награжден орденом

Актуалии

Фрагмент приказа о награждении А. А. Тхагастова

Прадставіць да ордэна Айчыннай вайны II ступені…
Днямі ў раённы выканаўчы камітэт прыйшоў ліст Рамазана Аскер-біевіча Тхагаспава: “Піша вам сын удзельніка Віцебска-Аршанскай аперацыі, разведчыка Тхагаспава Аскербі Аліевіча. Мой бацька памёр у 1985 годзе кавалерам ордэна Чырвонай Зоркі, ордэна Айчыннай вайны I ступені (быў узнагароджаны да 40-годдзя Перамогі) і некалькіх медалёў. Доўгі час я шукаў апісанні яго подзвігаў і знайшоў матэрыялы і загад на ўзнагароджанне яго ордэнам Айчыннай вайны II ступені, пра што ён не ведаў… Прадстаўлены ён быў да гэтай узнагароды за гераічныя подзвігі, якія здзейсніў пры вызваленні вашага, а цяпер стаўшага і нам блізкім, Шумілінскага раёна Беларусі”.
Дарэчы, спачатку Р. А. Тхагаспаў напісаў у Оршу. Супрацоўнікі музея імя К. С. Заслонава ўдакладнілі баявы шлях 401-га артпалка і вызначылі, што вышыня 138,0, пра якую гаворка ідзе далей,  знаходзіцца на ўскрайку вёскі Мікалаева Шумілінскага раёна.
Малады чэркес Аскербі Тхагаспаў нарадзіўся ў 1922 годзе, быў прызваны ў армію Хабескім райваенкаматам Чэркескай аўтаномнай вобласці і з сакавіка 1942 года служыў у часцях 3-га Беларускага фронту. Чырвонаармеец Тхагаспаў быў разведчыкам 401 артылерыйскага палка 88 стралковай дывізіі. Разведчык заўжды на перадавой ці ў варожым тыле, таму на рахунку А. А. Тхагаспава шмат баявых раненняў і баявых узнагарод – ордэн Чырвонай Зоркі, медаль “За адвагу”… Ён быў цяжка паранены ў снежні 1942 года, атрымаў раненне ў ліпені 1943-га, ў кастрычніку таго ж года быў кантужаны.
З пачаткам аперацыі “Баграціён” войскі, у якіх служыў разведчык Тхагаспаў, удзельнічаюць у вызваленні Беларусі: Орша, Віцебск, Сіроцінскі раён, Полацк…  Дарэчы, 401-ы артылерыйскі полк і 88-ая стралковая дывізія за ўдзел у вызваленні Віцебска атрымалі ганаровае найменне Віцебскіх.
Да ордэна Айчыннай вайны А. А. Тхагаспава прадставілі за подзвіг, здзейснены на шумілінскай зямлі. Вось як апісваюць подзвіг разведчыка камандзір 401-га артылерыйскага палка падпалкоўнік Лук’янаў і начальнік штаба гвардыі маёр Таропін у прадстаўленні да ўзнагароды: “Разведчык А. А. Тхагаспаў адзін з вопытных разведчыкаў у аддзяленні разведкі. Ягоныя справы і подзвігі вядомыя не толькі артылерыстам. Пра яго ведае і пяхота, якую нам прыходзілася падтрымліваць, пачынаючы ад г. Орша. Яго заўжды можна бачыць разам з пяхотай, і нават наперадзе… Калі нашай пяхоце прыходзілася адваёўваць у немцаў вышыню 138,0, разведчык Тхагаспаў узброіўся 10 гранатамі, аўтаматам, перыскопам і разам з камандзірам узвода кіравання прабраўся праз возера і чароты. Яны абышлі гэтую вышыню і “на сябе” карэкціравалі па нямецкай пяхоце і мінамётнай батарэі артагнём. З 28.06.1944 года па 4.08.44 г. на яго рахунку 2 забітыя снайперы праціўніка, 5 наглядальнікаў, выяўлены, своечасова падаўлены і знішчаны  2 мінбатарэі, 3 самаходныя гарматы, 4 наглядальныя пункты, 4 кулямёты.
Асабіста сам мужны і храбры. У складаных абставінах ніколі не губляўся. Службу разведкі ведае і нясе выдатна. Дысцыплінаваны, спраўны. Сумленна нясе службу і выконвае доўг перад Радзімай. Заслугоўвае ўрадавай узнагароды – ордэна Айчыннай вайны 2-й ступені”.
Прадстаўленне падтрымаў камандуючы артылерыяй 71-ага корпуса гвардыі генерал-маёр Садоўнічы.
21 верасня 1944 года загадам камандзіра 71-га стралковага Нёманскага корпуса Героя Савецкага Саюза генерал-лейтенанта Кашавога радавы А. А. Тхагаспаў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны  II ступені.
Чаму ўзнагарода не знайшла свайго героя, можна толькі меркаваць: ці то ў баявых буднях загад згубіўся ў паперах, ці па нейкіх іншых прычынах – невядома. Але праз 70 гадоў стала вядома пра яшчэ адзін подзвіг, пра яшчэ аднаго гераічнага салдата.
Завяршаючы свой ліст Р. А. Тхагаспаў піша: “ У бацькі нас было сямёра, але ён ніколі нам не расказваў пра свае подзвігі, лічыў, што ён рабіў тое, што павінен быў рабіць кожны мужчына. У рамках святкавання 70-годдзя вызвалення Шумілінскага раёна лічу магчымым азнаёміць моладзь з подзвігам майго бацькі. Хачу падкрэсліць, што ён так і не даведаўся пра сваю ўзнагароду (ордэн Айчыннай вайны II ступені) за свае подзвігі ў Беларусі. Азнаямленне з подзвігам, здзейсненым салдатам з далёкага горнага аула, чэркеса па нацыянальнасці, пры вызваленні вашага раёна паслужыла б патрыятычнаму інтэрнацыянальнаму выхаванню.
Набліжаюцца юбілейныя ўрачыстасці, прысвечаныя 70-годдзю вызвалення Шумілінскага раёна і Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. У гэтыя святочныя дні хачу павіншаваць увесь брацкі беларускі народ з Днём вызвалення Беларусі”.
Падрыхтаваў
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №47 ад 20.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *