В Ковляковском сельсовете на подворном обходе

Актуалии Сельское хозяйство

Пра водар ліпы і дарогі
8 ліпеня прайшоў падворны абход у вёсках Каўлякоўскага сельсавета. Група, у якую ўваходзіла  карэспандэнт раённай газеты, наведала аграгарадок Крывое Сяло, вёскі Зямкова, Бялянкава, Новае Сяло, Курылаўшчына і Палячкі.
У Новае Сяло нас прывяла роўная дарога, не ў кожнай вёсцы могуць пахваліцца такой.  Першы, каго сустрэлі, быў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Іван Мікітавіч Аўсянка. Ён сядзеў на лавачцы і нібыта чакаў гасцей. Ветэран, які размяняў дзявяты дзясятак, расказаў нам пра вёску і яе жыхароў. Пахваліўся, што разам са старэйшынам Л. А. Скітовым і дачніцай І. Я.  Шпакоўскай трымаюць на траіх каня: трэба ж апрацоўваць агароды.
“Новае Сяло зараз невялічкае – усяго шэсць сядзіб, – расказаў Л. А. Скітоў. – Калодзежы ў вёсцы глыбокія – так што праблем з вадой няма. У вёсцы адны пенсіянеры, але яшчэ змагаемся: і на падворках прыбіраем, і бульбу саджаем, і  парадак наводзім”.
Падчас абходу перш-наперш звярталася ўвага на добраўпарадкаванне дамоў і прылягаючых тэрыторый. Сапраўдных гаспадароў больш аказалася ў Крывым Сяле, і гэта зразумела: у аграгарадку пражывае шмат людзей працаздольнага ўзросту, ёсць і моладзь. Вось яны і фарбуюць дамы, абабіваюць сайдынгам, будуюць веранды, ставяць прыгожыя агароджы. На раней разбітых кветніках буяе прыгажосць лілей і рамонкаў. Жыхары аграгарадка і суседняй вёскі Бялянкава выказалі просьбу прагрэйдзіраваць  дарогу ад Крывога Сяла да Бешанковіч, бо “яна як пральная дошка: ні на машыне, ні на веласіпедзе ехаць немагчыма”.
А вось аддаленай вёсцы Курылаўшчына з дарогай пашанцавала: яна асфальтаваная. Ездзяць зараз тут нямнога, бо ў вёсцы ўсяго восем падворкаў. Старэйшынам тут Адам Браніслававіч Гімбіцкі. Ён, у былым інжынер-канструктар,  пасяліўся ў матчыным доме, разводзіць пчол, займаецца агародніцтвам. Кажа, што людзі ў вёсцы добрыя, дапамагаюць адзін аднаму.
Вёска Палячкі, што за Курылаўшчынай, сустрэла нас цвітучым скрыпенем (іван-чаем) і мядовым водарам ліпы.  Шкада толькі, што дыхаць гэтым водарам прыходзіцца толькі адной сям’і Бандарэнкаў, якія жывуць тут, нібыта на хутары. Дарэчы, мы наведалі і яшчэ адну маленькую вёсачку – Зямкова, дзе пражывае ўсяго адзін чалавек.
У падворным абходзе прымалі ўдзел і супрацоўнікі РАУС, якія ў Крывым Сяле склалі два адміністрацыйныя пратаколы за вырошчванне маку. За гэтае парушэнне законам прадугледжаны максімальны штраф да 20 базавых велічынь (3,6 мільёна рублёў).
Ларыса ЗАЙЦАВА.
На фота: старэйшына вёскі Новае Сяло Л. А. Скітоў з прадстаўнікамі райвыканкама.
Надрукавана ў № 53 ад 10.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *