Не только карету для Золушки можно сделать из тыквы…

Здоровье

Не толькі карэта для Папялушкі
Як нам вядома са знакамітай казкі вялікага Шарля Пяро, самы лепшы матэрыял для карэты – гэта гарбуз.   Гарбуз ўражвае не толькі памерамі, але і неверагодна яркай сонечнай афарбоўкай, фактурай лупіны.   Гэта гародніна верай і праўдай карміла, лячыла людзей, упрыгожвала жыллё больш за пяць тысячагоддзяў. Гарбуз шырока выкарыстоўвалі ў гаспадарчых патрэбах: з яго рабілі чашы, бочкі, бутэлькі, мякаць ужывалі ў ежу.  Трапіў ён  да нас у Еўропу разам з караблямі Калумба і адразу набыў папулярнасць (у адрозненне ад бульбы). Зараз няма патрэбы ў гарбузовым посудзе, але карысным прадуктам харчавання ён застаўся і па сённяшні час.
Гарбуз  – прыродны вітамінна-мінеральны комплекс. Чэмпіён сярод яго вітамінаў – бета-карацін. Прычым у аранжавых сартах гарбуза яго ў разы больш, чым у моркве. А яшчэ дадайце вітаміны С, В, В2, РР, Е, а таксама калій, кальцый, жалеза, магній, медзь, цынк, кобальт, крэмній, фтор. З-за нізкага ўтрымання ў мякаці грубай клятчаткі і арганічных кіслот гарбуз можна ўжываць нават і пры запаленчых хваробах страўніка і кішэч-ніка.  Гарбуз – нізкакаларыйны прадукт, таму рэкамендуюць яго пры лішняй вазе.
Гарбузова-тварожная запяканка – любімая асенняя страва для нашай сям’і.
Гарбуз – 500 г, тварог – 150 г, яйка курынае – 2 шт., цукар – 5-6 ст. л., крупы манныя  – 3 ст. л, разынкі — 50 г, масла сметанковае.
Гарбуз ачысціць, нарэзаць на буйныя кавалкі і запекчы ў духоўцы пры тэмпературы 180 градусаў 40-45 хвілін. Астудзіць   і здрабніць у пюрэ. Дадаць палову цукру, адно яйка, палову манных круп і змяшаць. Да тварагу дадаць яйка, манныя крупы, цукар, разынкі, змяшаць. Форму змазаць сметанковым алеем і выкладаць слаямі па чарзе гарбузовую масу і тварожную, пакуль не закончыцца. Выпякаць 50 хвілін пры тэмпературы 180 градусаў.
Раю пакаштаваць гарбуз па-французску. Гарбуз   ачысціць ад скуры і насення,  парэзаць на кавалачкі, абсмажыць на патэльні з алеем (да гатоўнасці), пасаліць, паперчыць. Потым засыпаць цёртым сырам – і ў разагрэтую духоўку. Як сыр расплавіцца – страва гатова! Смачна як у гарачым, так і халодным выглядзе.
Наталля БАРАНОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №80 ад 13.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *