Перед шумилинскими аграриями на 2011 год стоят высокие рубежи

Сельское хозяйство Экономика

Задачы стаяць высокія
Перад раёнам сёлета стаяць высокія задачы –  атрымаць 68 тысяч тон зерня.
Каб атрымаць такі важкі каравай, лічыць начальнік раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін І. Д. Сукач, трэба не проста многа працаваць, але дакладна захоўваць тэхналагічны працэс. Важна браць курс на інтэнсіфікацыю. Так, у раёне мінулагодняй восенню пасеяна 8850 гектараў азімых зерневых. Пад яравыя зерневыя і зернебабовыя  адведзена  8550 гектараў. Але гэтая колькасць гектараў дасць 68 тон зерня толькі пры ўраджайнасці 40 ц/га. Адкуль жа яе браць, калі прыродная ўрадлівасць нашых зямель у сярэднім 12,6 ц/га? І тут на дапамогу прыходзяць угнаенні, гербіцыды, новыя тэхналогіі. За кошт ўнясення азотна-фосфарна-калійных угнаенняў можна атрымаць 18 ц/га, агратэхнічныя прыёмы (якасная апрацоўка глебы, аптымальна раннія тэрміны сяўбы, добры насенны матэрыял) дадуць дадаткова яшчэ 3-4 ц/га, за кошт якаснай хімпраполкі ўраджайнасць павялічыцца на 5 ц/га, прыкладна на столькі ж – за  кошт ўнясення фунгіцыдаў.
У раёне завершана падрыхтоўка насення зерневых да сяўбы. План засыпкі перавыканалі на 14%. Можна дадаткова засеяць каля 2800 гектараў.
Іван Данілавіч паведаміў, што ўсяго ў гаспадарках раёна назапашана 2100 тон насення яравых зерневых і зернебабовых. Яно поўнасцю ачышчана, праверана, адпавядае патрэбным кандыцыям.  Ажыццяўляецца міжгаспадарчы абмен насеннем. Напрыклад, у ААТ “Лаўжанскае” могуць падзяліцца пшаніцай, у “Сіроцінскім” і “Прыазёрным” – ячменем.
Зерне насеннага фонду сёлета павінна быць не ніжэй другой рэпрадукцыі. І калі летась наконт гэтага ў гаспадарках былі пытанні, то ў гэтым годзе зерне больш якаснае, адзначыў Іван Данілавіч.
Павялічваецца сёлета і колькасць бульбяных палеткаў. Як расказаў намеснік начальніка райсельгасхарчу па раслінаводству В. У. Коваль, стаіць задача атрымаць 13500 тон бульбы, ураджайнасць павінна быць каля 270 ц/га. Сёлета ў СФГ “Крыніца” будуць садзіць 200 гектараў бульбы, што на 40 гектараў больш, чым у мінулым годзе. А “Прыдзвінскі”, “Мішневічы” і “Райаграсервіс” узялі на сябе абавязацельствы вырасціць па сто гектараў другога хлеба. Адназначна, што уласных клубняў, што пакінулі на захоўванне ў арачніках, не хопіць. Але  “Крыніца” можа прапанаваць элітнае насенне.
Лёну сёлета ў раёне будуць сеяць 800 гектараў. Насенне (усяго 88 тон) дастаткова. Яно поўнасцю ачышчана і праверана. Пры добрым доглядзе льняных палеткаў і ўраджайнасці не менш як 10 ц/га рэальна атрымаць 800 тон льновалакна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №18 ад 11.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *