Шумилинский общепит планирует расширять услуги

Общество Экономика

“Прыбытку не дамагліся,  але ад заказаў няма адбою…”

В кафе "Фортуна"

Сталовыя, кафэ, бары, рэстараны — усё гэта аднаго поля “ягады”. Усе гэтыя аб’екты працуюць пад “эгідай” прадпрыемстваў грамадскага харчавання. А дадайце яшчэ кафетэрыі, магазіны, якія гандлююць мяснымі паўфабрыкатамі, кулінарыяй, кандытарскімі вырабамі. Чалавек без усяго гэтага ў сённяшнім жыцці абысціся наўрад ці зможа. Нягледзячы на назойлівасць нядзельных тэлепраграм пра тое, як можна на сваёй кухні прыгатаваць  і смачна, і з густам.
Аб тым, ці часта карыстаюцца ў нас паслугамі кафэ, сталовых, кафетэрыяў (на рэстаран, на жаль, мы так і не разжыліся), пра многае іншае з азначанай тэматыкі, наша размова з начальнікам аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства Л. Я. Ганчаровай.
— Людміла Яўгенаўна, ці ёсць попыт у раёне на аб’екты грамадскага харчавання?
— Не будзем параўноўваць з тым, як было раней, гадоў дваццаць таму,  скажу адну лічбу, якая сведчыць пра многае: за мінулы год тавараабарот у нас дасягнуў 3 мільярдаў 898 мільёнаў рублёў. Гэта 106% да задання. Ніхто не дазволіць нам таптацца на месцы, таму з кожным годам прырастаем з выручкай. Вядома, даводзіцца круціцца, больш вырабляць самім з тым, каб павялічыць аб’ёмы рэалізаванай прадукцыі. Уласная прадукцыя ў валавым тавараабароце дасягае 55%. Акрамя вырабу і рэалізацыі паўфабрыкатаў, арганізуем работу сталовых, кафэ і кафетэрыяў. Ад выручкі і залежыць зарплата нашых работнікаў.
— Ці рэнтабельная ваша галіна?
— Прыбытку пакуль што не дамагліся, але ад  заказаў няма адбою. Людзі святкуюць юбілеі і агеньчыкі, вяселлі і праводзіны на вайсковую службу, заказваюць жалобныя сталы. У апошні час практыкуецца застолле з нагоды хрышчэння дзяцей. Нашы кафэ “Блюз” і “Фартуна” ў выхадныя не пустуюць. Возьмем снежань мінулага года. У “Блюзе” за гэты месяц адзначалі тры юбілеі, пяць навагодніх агеньчыкаў і адно вяселле; у “Фартуне” святкавалі два юбілеі і восем пераднавагодніх застолляў. Больш сціплы поспех у сталовай мікрараёна СШ № 2, хаця і там заказы паступаюць. Бо добрая кухня. Повар 6 разраду А. Ф. Балаболава працуе там даўно, набыла заслужаную рэпутацыю. Увогуле ж у сталовай харчуецца штодня да 50 чалавек — камандзіровачныя, проста прыезджыя людзі. Не пустуе полуднем і па вечарах зала кафэ “Блюз”. Тут працуе малады, але перспектыўны  повар Наталля Быкава. Стараецца, ёсць у яе творчая фантазія, яна шчыра і аддана любіць сваю прафесію. Сёлета Наталля прыме ўдзел у абласным конкурсе повараў. Разлічваем на прэстыжнае месца.
Даўно здабыла павагу ў спажыўцоў сваім майстэрствам брыгадзір кандытарскага цэха З. Г. Канстанцінава. Самых ухвальных слоў заслужыла шматгадовай працай і невычэрпнай фантазіяй майстар-повар М. Я. Лебедзева. Марыя Ягораўна з гонарам трымае высокую марку прафесіі, па сутнасці дзякуючы яе “фірменнаму знаку” і карыстаецца кафэ “Фартуна” нязменным попытам.
— Людміла Яўгенаўна, наколькі лёгка даецца арганізацыя такіх застолляў? Маю на ўвазе забеспячэнне мясам, рыбай, іншымі прадуктамі.
— Клопатаў нямала, але дзякуючы цеснаму кантакту з нашым райнарыхтпрамам праблем няма. Нарыхтоўшчыкі закупляюць і мяса, і агародніну, і ягады. У адной запрэжцы працуем з імі для вырабу паўфабрыкатаў, заказаў на дом. Заказваюць часцей за ўсё рыбу ў цесце, заліўныя языкі, каўбаскі.
Навошта жанчыне аддаваць шмат часу на гатаванне некалькіх порцый, калі наш повар прыгатуе ўсё гэта хутка і смачна? Увогуле ж на кадры крыўдаваць грэх: нямала талковых повараў, у тым ліку і ў школьных сталовых, ёсць высокапрафесійныя кандытары, работнікі кафетэрый, прадаўцы. На іх работу няма ніводнай скаргі. З такой “гвардыяй” можна выконваць самыя напружаныя заданні і планы.
— Людміла Яўгенаўна, згадзіцеся, няма ўсё-такі больш-менш шыкоўнага выгляду ў будынка “Блюз”, не кажучы пра сталовую на “Брыкеце”. Ці чакаюцца змены да лепшага  ў гэтым плане? Ці робіцца што для таго, каб пашыраць колькасць пасадачных месцаў?
— Над будынкам кафэ “Блюз” чаравалі будаўнікі не раз, але знешні выгляд, мякка кажучы, застаецца сціплым. Хаця залы ўтульныя. Калі набудзе прэстыжнасць сталовая ў раёне СШ № 2? Відаць, з шырокім “прыходам” жылля ў мікрараён сама па сабе ўзнікла патрэба мець тут кафэ ці хаця б прыстойную сталовую. У 2009 годзе набыло мадэрны выгляд кафэ “Фартуна”. І хаця яно крыху аддалена ад цэнтра, попытам карыстаецца. Там добрая зала на 90 месцаў. Палепшылі ўмовы ў буфеце Дома Саветаў. На чарзе — “Беларускае бістро”, дзе збіраемся мяняць халадзільную вітрыну. Набылі яе за ўласныя грошы. У самай бліжэйшай перспектыве тут чакаюць спажыўца прыемныя перамены. У аграгарадку Слабада ў магазіне адкрыем кафетэрый. Упэўнена, ён будзе запатрабаваны.
Увогуле ж шчыра запрашаем да нас з любой нагоды: ці на сямейнае свята, ці на звычайны абед або каб добра адпачыць за вячэрнім сталом.
Гутарку правёў  Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №12 ад 15.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *