Юбілей Уладзіміра Мулявіна: “Я буду маліцца і сэрцам, і думамі…”

Актуалии Культура

Юбілей Уладзіміра Мулявіна: “Я буду маліцца і сэрцам, і думамі…”
Пасяджэнне народнай літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца”, якое прайшло 17 студзеня ў раённай бібліятэцы, было прысвечана творчасці Уладзіміра Мулявіна – 12 студзеня славутаму беларускаму песняру магло б споўніцца 75 год.
“Сёння мы адкрываем шэраг мерапрыемстваў, якімі будзе напоўнены 2016 год, аб’яўлены ў Беларусі Годам культуры”, – заявіў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук, які таксама ўзяў удзел у імпрэзе. Ён расказаў удзельнікам гасцёўні пра тое, якія культурныя падзеі чакаюць нас у гэтым годзе, заўважыў, што сімвалічна распачынаць іх з вечарыны, прысвечанай жыццёваму шляху і слаўнай творчасці Уладзіміра Мулявіна. Культурным сімвалам Беларусі назваў Алег Фёдаравіч ансамбль “Песняры”.
У чытальнай зале бібліятэкі сабраліся людзі, для якіх творчасць Уладзіміра Мулявіна – гэта не толькі прыгожая музыка, кранальныя песні, а яшчэ і маладосць, а значыць, радасць, натхненне, спадзяванні… Ніхто не стрымліваў слоў захаплення “Песнярамі”, многія бывалі на канцэртах славутай групы, дзяліліся ўражаннямі. Яны з радасцю спявалі песні пад акампанемент Рыгора Згірскага, “умешваліся” ў аповед вядучай Таццяны Іваноўскай для таго, каб расказаць пра свае пачуцці.
Беларусі сапраўды пашанцавала на Мулявіна. Сусвет быццам узнагародзіў краіну яго творчасцю, даў зразумець, паказаў, наколькі папулярным і запатрабаваным можа быць беларускае слова. Беларускі фальклор на ўсё жыццё захапіў свярдлоўскага хлопца, а разам з ім і класічная беларуская паэзія – Янка Купала, Максім Багдановіч, Пятрусь Броўка… Ён шчыра, самазабыўна, з  усіх сіл і без усялякіх кампрамісаў, прад’яўленых тым часам,  ішоў па сваёй дарозе – дарозе служэння Беларусі.
За гады свайго існавання вакальна-інструментальны ансамбль “Песняры” прадстаўляў Беларусь у 56-ці краінах свету, калектыў выпусціў 10 дыскаў-гігантаў агульным тыражом 12 мільёнаў экзэмпляраў, стаў першым уладальнікам “Залатога дыска” СССР – і гэта далёка не поўны спіс здабыткаў легендарнай групы. Яны шмат у чым былі першымі, і пакуль яшчэ нікому на беларускай сцэне перасягнуць іх геніяльнасці не ўдалося. Прафесіяналізм, прыгажосць і шчырасць найперш цаніў у музыцы Уладзімір Мулявін. Ён быў надзвычай патрабавальным да сябе і іншых артыстаў, ён не працаваў на сцэне – ён там жыў.
І сёння, калі вам патрэбна ін’екцыя патрыятызму, знайдзіце ў інтэрнэце “Малітву” Янкі Купалы, якую спявае, якую ўзносіць да неба за ўсіх нас Уладзімір Мулявін. І вам абавязкова захочацца зрабіць больш для сваёй краіны, для сваёй сям’і, для сябе самога як сына ці дачкі сваёй зямлі. Вось і ўдзельнікам імпрэзы быццам не па сабе стала ад таго, што дазволілі сабе ў гэты дзень гаварыць на рускай, а не на роднай мове. Яны шукалі сабе апраўданні, але іх цяжка знайсці, асабліва калі гаворыш пра Уладзіміра Мулявіна. Дык і дамовіліся наступную сустрэчу, прысвечаную 30-годдзю “Крыніцы”, правесці на беларускай мове.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 5 ад 19.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *