Вавёрчыны гісторыі

Общество Экология

Вавёрчыны гісторыі
Падарунак з дупла

Гэта гісторыя адбылася ў канцы мінулага года. Да знаёмых з Мішневіч прыехаў з горада сын – спецыяльна пайшоў у водпуск, каб нарыхтаваць бацькам дроў. Выпісаў дзялянку ў лясгасе і са стрыечным братам узяўся за работу.
“Пілавалі ўсе дрэвы, што былі на выдзеленай нам дзялянцы, – расказаў мужчына. – У асноўным гэта быў алешнік, трапляліся бярозы, зрэдку – елкі.
Спілаваў я адну напалову сухую елку, яна звалілася на зямлю. І  вось цуд – з дрэва нешта пасыпалася буйным дажджом. Што ж гэта можа быць? Якое ж было маё здзіўленне, калі ўбачыў, што на зямлі ляжаць арэхі і сушаныя грыбы. Агледзеў дрэва і ўбачыў там дупло. Цяпер стала зразумела, што гэта вавёрка назапасіла сабе харчы на зіму. А я, сам таго не падазраючы, спілаваў яе “кладоўку”. Крыху шкада было і нават неяк няёмка перад вавёркай. Грыбы я не стаў чапаць, бо вырашыў, што вавёрка наўрад ці іх перабірала. А вось добрую жменю арэхаў я сабраў, прынёс дачцэ і сказаў: “Гэта табе падарунак да Новага года ад вавёркі”. Дачка засмуцілася, што вавёрка застанецца галоднай. Але потым мы ў інтэрнэце прачыталі, што вавёркі хаваюць арэхі і грыбы на зіму не ў адным дупле, а ў некалькіх. Тады мы з дачкой супакоіліся: напэўна ж, наша вавёрка таксама запаслівая і мае некалькі такіх хованак.

Лясная госця
Нядаўна для кацельні аўтастанцыі райцэнтра прывезлі дровы і рабочыя ўзяліся распілоўваць двухмятроўкі, з-пад пілы нешта хутка мільганула і знікла. Мужчыны нават падумалі, што гэта ім здалося.
Але праз некалькі гадзін усё стала зразумелым. “Іду я да будынка аўтастанцыі і бачу: на дрывах сядзіць вавёрка, – кажа вадзіцель Юрый Карага. – Невялічкая такая, рыжая. А вочкі так і бегаюць. Калі падышоў бліжэй, лясны звярок спужаўся і пабег”. Першае, што прыйшло на розум вадзіцелям – пакарміць вавёрку. Яны паклалі каля дроў пячэнне і кавалак батона.  Да вечара ежы на дрывах ужо не было. Так некалькі дзён мужчыны і кармілі вавёрку.
Праз некалькі дзён, аглядаючы дровы, убачылі ў адным з бярвенняў дупло. Відаць, у лесе зрэзалі дрэва з дуплом, у якім была вавёрка. Напэўна, лясная прыгажуня перапужалася і затаілася ў сваім гняздзе, баючыся паварушыцца. Вось так бервяно з вавёрчыным гняздом і рыжай гаспадыняй разам з іншымі дрывамі прывезлі на аўтастанцыю.  Вавёрку бачылі ля аўтастанцыі некалькі дзён. А потым яна кудысьці знікла. Напэўна, пайшла шукаць сабе ў Шуміліне дрэва з дуплом – усё ж наперадзе яшчэ нямала марозных дзён.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №7 ад 26.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *