А мама говорила: «У меня нет времени»

Общество

«У мяне няма часу”
Як вядома, бацькоў не выбіраюць. І не ўсім пашчасціла ў жыцці мець мамку і татку. Хоць адзін бы нехта быў, клапаціўся пра цябе, любіў – і то добра, лічыў Генадзь. Яму, сёння здароваму дзяціне, у гэтым плане не вельмі пашанцавала. Так лічыў ён сам, бо большую частку дзяцінства правёў у бабулі з дзядулем. Татку свайго ён не помніць,  нават сумняваецца, ці быў ён калісьці ўвогуле. Ну, а маці ўвесь час спрабавала ўладкаваць асабістае жыццё. Генадзь памятае, як у доме час ад часу з’яўляліся незнаёмыя мужчыны. Бабуля цярпець іх не магла, і ў чарговы раз забірала Генку да сябе. У гасцях ён затрымліваўся на тыдні і месяцы, а потым – на гады. Бабуля хадзіла на бацькоўскія сходы, купляла ўнуку алоўкі і сшыткі, красоўкі і курткі.
Маці наведвалася да сына, прыносіла грошы бабулі. Але ўжо тады, у дзяцінстве, яны з сынам былі чужымі людзьмі. Матуля цалавала сына і казала чарговыя дзяжурныя словы: “Ну, я пайшла. У мяне няма часу.” Знікала надоўга. Яна не ведала, чаму ў Генадзя праблемы з правапісам, за што ён пасварыўся з сябрамі і прыйшоў дадому з разбітымі каленкамі. Маці зноў і зноў спрабавала наладзіць асабістае жыццё. А хлопчык прывык жыць без яе. Аднойчы нават сказаў у школе, што маці яго не любіць. Тады жанчына пасароміла сына за такія словы, пагладзіла па галаве і сказала: “Я ж люблю цябе, пакуль у мяне проста няма часу, але хутка мы будзем жыць разам”.
Гэта “хутка” наступіла, калі Генадзь вырас. Ён жаніўся, мае сваю дачку. А ягоная маці так і не сустрэла таго адзінага мужчыну, з кім бы хацела звязаць свой лёс. Цяпер у жанчыны з’явілася шмат вольнага часу, і ёй хацелася навярстаць упушчанае. Але Генадзь сустракаў маці холадна. І калі яна  ў чарговы раз спрабавала з ім пагаварыць,  кідаў кароткае: “У мяне няма часу”.
Жанчына ўсё зразумела. Цяпер яна бывае ў сына рэдка, тэлефануе толькі для таго, каб дамовіцца забраць да сябе ўнучку на выхадныя. А ў душы ўсё ж спадзяецца, што сын аднойчы патэлефануе і дазволіць ёй вярнуцца ў ягонае жыццё…
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №17 ад 01.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *