Прафілактыка СНІД: Патрэбны новыя формы работы

Здоровье Общество

Прафілактыка СНІД: П0атрэбны новыя формы работы
16 снежня прайшла каардынацыйная нарада па пытаннях прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі, інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам.

На нарадзе, якую правяла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, абмяркоўваліся новыя формы работы, здольныя прыцягнуць увагу моладзі, паўплываць на самасвядомасць і зрабіць прывабнай і актуальнай звычку жыць здарова і прыстойна. Гэта работа павінна быць сістэматызавана, а ініцыятыва зыходзіць ад моладзі.
Першы сакратар БРСМ Аляксандр Хмарын прызнаў, што сёння, напрыклад, неактуальна раздаваць лістоўкі ці чытаць лекцыі, ён прапанаваў арганізаваць інтэрактыўны спектакль, дзе гледачы маюць магчымасць не толькі назіраць за тым, што дзеецца на сцэне, але і самі ўдзельнічаць у пастаноўцы. Таксама прагучалі прапановы наладзіць работу агітацыйнага аўтобуса, які будзе ездзіць па арганізацыях раёна. У гэтай сувязі асаблівая ўвага была акцэнтавана на тым, што зона дзеяння прафілактычнай работы павінна як мага шырэй ахопліваць працуючую моладзь, а не толькі школьнікаў.
На ўзаемасувязь паміж такімі заганамі грамадства, як алкагалізм, наркаманія, разбэшчаны лад жыцця і хваробамі, якія перадаюцца палавым шляхам, звярнула ўвагу ў сваім выступленні ўрач раённай бальніцы Ала Карапузава. Яна заўважыла, што ў бальніцы можна прайсці ананімнае абследаванне на ВІЧ, і што гэтай паслугай карыстаецца моладзь. Урач завастрыла ўвагу на тым, што апошнім часам такія хваробы як, напрыклад, сіфіліс і ганарэя, працякаюць без клінічных праяўленняў – у чалавека няма сімптомаў, ён і не ідзе ў бальніцу. І гэта трэба ведаць. Бывае, людзі і па дзесяць гадоў жывуць з хваробай і не ведаюць пра гэта, а таму і не лечацца.
Пра вынікі праведзенай работы ў рамках Сусветнай кампаніі і Сусветнага дня прафілактыкі СНІДу расказала памочнік урача-эпідэміёлага РЦГЭ Марына Аляксеенка. Яна заўважыла, што ўсё запланаванае было выканана.
Сямейныя каштоўнасці, прапаганда цнатлівасці, здаровы лад жыцця, напоўненасць жыцця цікавымі падзеямі і здзяйсненнямі ў большасці выпадкаў здольныя супрацьстаяць усім падобным непрыемнасцям са здароўем.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №99 ад 20.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *