Детские страхи. Как помочь своему ребёнку?

Семья

Бацькоўскі вопыт: Як утаймаваць монстраў?
Здаецца, зараз ужо не засталося бацькоў, якія б абыякава ставіліся да дзіцячых страхаў. Сітуацыя “паспі са мной, я баюся монстраў, якія прытаіліся пад ложкам” у той ці іншай варыяцыі рана ці позна ўзнікае ў многіх сям’ях, дзе ёсць дзеці. Пры гэтым яны могуць смела спускацца з самай вялікай горкі ў аквапарку, хадзіць па краі балконнай агароджы ці гладзіць сабаку з сябе ростам – карацей кажучы, ніякай нашай дарослай смеласці не хопіць перажыць тое, на што з лёгкасцю ідуць нашы дзеткі. І ўсё гэта для іх проста жартачкі ў параўнанні з нечым, што пачынае гаспадарыць у пакоі, як толькі там выключаецца святло. Ніякія перакананні дарослых пра тое, што ўсё спакойна, што прывідаў, монстраў і іншых пачвар не бывае, што ўсё пяць разоў праверана, а дзверы зачынены, не дапамогуць. І дзеці ніколі не змогуць зразумець, чаму бацькі, якія пераводзяць іх праз дарогу за руку, цёпла апранаюць, каб не захварэлі, робяць разам з імі ўрокі – адным словам, з усіх сіл пра іх клапоцяцца, у сітуацыі з монстрамі проста «кідаюць іх на вілы». Чаму не абароняць? Для дзяцей гэта небяспека такая ж відавочная, як для нас, скажам, загараць на чыгуначных рэйках.
Вядома, што кожны раз засынаць побач з дзіцяці – не варыянт: а як жа ўсе іншыя дарослыя справы, якія робяцца менавіта тады, калі дзеці засынаюць?.. Ды гэта і не будзе вырашэннем праблемы: монстры ж так і застануцца пад ложкам, проста буяніць не стануць пры дарослым. Вынаходлівыя бацькі прыдумваюць розныя рытуалы, якія дапамагаюць змагацца з гэтымі страхамі. Можна пасадзіць побач з падушкай любімую цацку і, надзяліўшы яе цудоўнымі ўласцівасцямі, даць заданне ахоўваць маленькага гаспадара да самай раніцы. Можна прыдумаць іншыя, але не менш казачныя ахоўныя рытуалы. Нам, напрыклад, дапамог такі. Мы намалявалі самых ненавісных пачвар на аркушы паперы, скамячылі яго і ўрачыста спалілі. Па-першае, думаецца, намаляваць свае страхі – гэта ўжо палова шляху ў барацьбе з імі (якімі ж нікчэмнымі яны выходзяць на паперы). Ну, а агонь давяршае справу: ён сапраўды ў нейкай ступені чароўны. Не ведаю, як яно там дзейнічае з пункту гледжання псіхалогіі, але дапамагло з першага разу, у адрозненні ад іншых спосабаў.
Вядома, што і тут трэба быць асцярожнымі, каб не пагоршыць сітуацыю. Адна жанчына ўспамінала, як маці для яе супакойвання абвязала ложак вяроўкай, каб “ніводны монстр не прайшоў”. Яна прачнулася пасярод ночы ад кашмару, хацела пабегчы да маці, а вакол ложка – вяроўка, ля якой “адны монстры”. У выніку і спаць немагчыма, і дабрацца да бацькоў таксама. Вось і выходзіць, што выстройваць абарону супраць монстраў – гэта вам не жартачкі, а самая сур’ёзная справа.
Вядома, многія могуць сказаць, што не трэба дзяцей дапускаць да камп’ютарных гульняў ці фільмаў, якія і могуць справакаваць страхі. Але ж, каб усё было так проста… Іх жа неўтаймаваная фантазія – гэта проста Хічкок адпачывае. І гэта нармальна. А калі чэсна прызнацца, то я і сама зусім не так даўно змагла спакойна засынаць, высунуўшы з пад коўдры нагу. А вы?
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №23 ад 22.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *