“Чарнобыль. Учора. Сёння. Заўтра”

Общество Экология

“Тут на дрэвах не раса, а зямлі маёй сляза”

“Чарнобыль. Учора. Сёння. Заўтра”, – пад такой назвай 26 красавіка, у дзень 30-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, прайшло мерапрыемства ў раённым цэнтры культуры.
Узгадаць, як гэта было, ушанаваць хвілінай маўчання тых, хто пакінуў свае жыцці, выратоўваючы краіну ды і ўвесь свет ад нябачнага, але страшэннага ворага, усвядоміць тонкую грань паміж жыццём, смерцю, любоўю…
Праходзяць гады і дзесяцігоддзі, а Чарнобыль не дае забыцца на сябе. Мы, беларусы, як самыя пацярпелыя ў той трагедыі, з асаблівым болем успрымаем усё, што з ёй звязана. Гэты боль адчуваўся ў кожным радку, у кожным слове, у кожным руху танца… А яшчэ радасць – жыццесцвярджальная, усёпераможная радасць ад таго, што кожны з нас жыве, дыхае, назірае за зоркамі.
Ліквідатарам 1987-88 гадоў была Марына Аляксеенка, памочнік урача-эпідэміёлага РЦГЭ, якая выступіла перад маладзёжнай аўдыторыяй. Яна была ў складзе групы медыкаў, якія займаліся абследаваннем ліквідатараў аварыі. Таму дакументальныя кадры, што дэманстраваліся, для жанчыны яшчэ і частка яе біяграфіі, асаблівыя памяць і боль.
Спецыяліст паведаміла, што радыяцыйнае становішча ў Беларусі і ў Віцебскай вобласці ў прыватнасці стабільнае вось ужо на працягу многіх год. Па краіне працуе 45 кантрольных кропак маніторынгу, якія штодня робяць пробы глебы, паветра, атмасферных ападкаў. 10 такіх кропак працуюць на Віцебшчыне. Інфармацыя акумулюецца ў спецыяльную базу, і кожны жадаючы на спецыяльна створаным сайце ў інтэрнэце, можа пацікавіцца радыяцыйным узроўнем у любой кропцы краіны.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №34 ад 29.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *