Прививка действительно защищает от гриппа — убеждён главный санитарный врач Сергей Конышев

Актуалии Здоровье Общество

Адзін укол – і ніякіх бальнічных?
Сёння для многіх пытанне рабіць ці не рабіць прышчэпку ад грыпу нават і не стаіць. Толькі прышчапіўшыся, яны могуць адчуваць сябе ўпэўненымі ў сваім здароўі і здароўі сваіх блізкіх. Але ёсць і іншая катэгорыя – тыя, хто не прышчэпліваюцца ніколі, упэўненыя ці то ў шкоднасці вакцыны для арганізма, ці то ў яе неэфектыўнасці. Маючы на ўвазе менавіта другую катэгорыю, галоўны санітарны ўрач раёна Сяргей Конышаў накіроўваецца ў раённую паліклініку да прышчэпачнага кабінета для таго, каб сваім прыкладам падштурхнуць усіх, хто сумняваецца.
Бліжэй да 12 тут, як правіла, няма чаргі. Таму мы без перашкод трапляем у кабінет. Медсястра Зоя Арцем’ева сустракае пацыента пытаннем: “Вы пераносіце курыны бялок?”. (Справа ў тым, што вакцына робіцца на аснове курынага бялка.) З бялком у Сяргея Алегавіча ўзаемаадносіны нармальныя, таму ён смела закасвае рукаў (на здымку) і падстаўляе дэльтападобную мышцу для ін’екцыі. Імгненне – і працэдура скончана.
– Гэта абсалютна бязбольна. Каб я не ведаў, што мне робяць укол, то і не заўважыў бы, – падзяліўся адчуваннямі санітарны ўрач.
– Вы ж паглядзіце, якая тут тоненькая іголачка, нешта адчуць немагчыма, – паказала свой інструмент медсястра.
– А самі вы робіце прышчэпку ад грыпу? – гэта пытанне адрасавана ўжо медыцынскаму работніку.
– А як жа? Кожны год. І ніколі не хварэю. Я нават не магу ўявіць, як гэта застацца без прышчэпкі, – трывожна неяк. Я заўжды добра пераношу гэту працэдуру, ніякіх наступстваў не бывае.
– А за дзень прышчэпак 20 робіце?
– Намнога больш раблю. Асноўны наплыў жадаючых ужо спаў, але ж вось і арганізацыі штодня медагляд праходзяць, таксама прышчэпліваюцца. Сёння, напрыклад, лясгас. Мы ходзім і на ўчастак, робім прышчэпкі на даму. Многія людзі, як і я, робяць прышчэпкі з году ў год, не прапускаюць.
Прышчэпка ад грыпу каштуе 6 рублёў 84 капейкі. Для многіх катэгорый насельніцтва вакцына бясплатная. Для іншых яе аплачваюць арганізацыі і прадпрыемствы. Напрыклад, на ОКЗ яшчэ некалькі год таму даволі неахвотна ішлі на прышчэпкі. Цяпер жа, расказаў С. А. Конышаў, сітуацыя зусім іншая. Людзі зразумелі, што лепш папярэдзіць хваробу, чым потым доўга і марудна лячыцца, ды і наступствы могуць быць самымі сумнымі. Актыўна прышчэпачная кампанія праходзіць у калектывах ПМК-70, лясгаса, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і многіх іншых. Праблемным у гэтым плане пакуль застаецца калектыў ЖКГ, кіраўніцтва якога запэўнівае, што жадаючых рабіць прышчэпкі сярод работнікаў няма. У той жа час спецыфіка работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі мяркуе пэўную рызыку для работнікаў захварэць на грып.
Калі нехта думае, што рабіць прышчэпку ўжо позна, то памыляецца. Кампанія доўжыцца два месяцы: з 1 кастрычніка па 1 снежня. Але Сяргей Конышаў запэўніў, што і ў першы тыдзень снежня прышчэпку зрабіць будзе яшчэ не позна, антыцелы паспеюць выпрацавацца. Небяспечным медыкі называюць перыяд са студзеня па красавік – людзі шмат хварэюць. У мінулы эпідсезон у Расіі і Украіне былі зарэгістраваны лятальныя выпадкі, у Беларусі такіх  выпадкаў не было, нават школы на каранцін не зачыняліся. Усё таму, што 40% насельніцтва краіны прайшло вакцынацыю. Такая ж задача, сказаў С. А. Конышаў, стаіць і на гэты год. У Шуміліне па апошніх дадзеных вакцыну ад грыпу атрымалі 31,1% насельніцтва, кампанія працягваецца.
Што тычыцца якасці вакцыны, то яе гарантуе Міністэрства аховы здароўя. У раёне выкарыстоўваецца вакцына “Грыпол плюс-Белмед”. Прэпарат вырабляецца з расійскай сыравіны і выпускаецца ў Беларусі прадпрыемствам “Белмедпрэпараты”.
У цяперашні час рост захворваемасці на вострыя распіраторныя інфекцыі ў раёне не зарэгістраваны, інтэнсіўнасць эпідэмічнага працэсу знаходзіцца ніжэй за эпідэмічны ўзровень. Па словах галоўнага санітарнага ўрача, успышак грыпу ў надыходзячым эпідсезоне пакуль не прагназуецца. Але трэба мець на ўвазе, што сітуацыя можа развівацца непрадказальна. Спакой за сваё здароўе гарантаваць можа толькі зробленая прышчэпка.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №92 ад 25.11.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *