«Оружие лучше сдать добровольно», – советует Руслан Марцинкевич

Грамадства Закон

А  зброю  лепш  здаць

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь выконвае шырокі спектр экспертыз, вынікі якіх выкарыстоўваюцца як дзяржаўнымі органамі, так і грамадзянамі, юрыдычнымі асобамі ў розных сітуацыях і сферах дзейнасці. Запатрабаванымі з’яўляюцца экспертызы і даследаванні, якія праводзяцца ў рамках грамадзянскіх спраў і гаспадарчых спрэчак.

Адным з напрамкаў у рабоце ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Віцебскай вобласці з’яўляецца правядзенне балістычных экспертыз. Дадзеная экспертыза займаецца даследаваннем агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў да яе,  вырашае пытанні аднясення аб’ектаў да агнястрэльнай зброі, зброі траўматычнага дзеяння, газавай, пнеўматычнай, сігнальнай зброі, вырабам, канструктыўна падобным з агнястрэльнай ці пнеўматычнай зброяй. Акрамя гэтага, вызначаецца прыналежнасць прадстаўленых аб’ектаў да боепрыпасаў; вызначэнне зброі па страляных кулях, гільзах, слядах стрэлу, а таксама вызначэнне прыдатнасці для стральбы зброі і боепрыпасаў і г.д.

Эксперты звяртаюць увагу, што нельга захоўваць зброю ці яе часткі, у тым ліку пашкоджаныя. За захоўванне, выраб, збыт і іншыя дзеянні з агнястрэльнай зброяй альбо яе часткамі і кампанентамі прадугледжана крымінальная адказнасць.

У мэтах процідзеяння незаконнаму абароту зброі, боепрыпасаў, выбуховых прылад і рэчываў праваахоўнымі органамі праводзяцца прафілактычныя спецыяльныя мерапрыемствы, пасля заканчэння якіх патрабуецца дапамога эксперта адпаведнай спецыялізацыі.

Часта людзі самі звяртаюцца ў міліцыю і паведамляюць пра наяўнасць зброі, яе частак ці прадметаў, якія нагадваюць зброю па выглядзе. І гэта абсалютна правільна. Па-першае, гэта небяспечна, таму як большая частка гэтых прадметаў адносіцца да перыяду часоў Вялікай Айчыннай вайны, адпаведна, у сілу даўнасці захоўвання заўсёды ёсць рызыка міжвольнага выбуху боепрыпасаў. Па-другое, добраахвотная здача не цягне ніякіх юрыдычных наступстваў. Іншая справа, калі дадзеныя прадметы знаходзяць праваахоўныя органы, а затым экспертыза вызначае іх прыналежнасць да агнястрэльнай зброі або боепрыпасаў. Тады чалавек нясе  адказнасць.

Так, да прыкладу, на дачы, якая  дасталася ў спадчыну ад сваяка, жыхар Шуміліна ў сакавіку бягучага года знайшоў  больш за 180 патронаў часоў вайны і гранату. Мужчына неадкладна паведаміў у праваахоўныя органы  пра сваю знаходку. Добраахвотная здача боепрыпасаў дазволіла пазбегнуць яму крымінальнай адказнасці.

З прыходам лета хочацца нагадаць пра кантроль з боку дарослых за дзецьмі. Бывае, што дзіця знаходзіць  патроны. Улічваючы той факт, што большая частка патронаў захавалася з сярэдзіны мінулага стагоддзя, яны пашкоджаныя карозіяй і абыходжанне з імі небяспечна. Неабходна тлумачыць дзецям небяспеку такіх «сувеніраў», нагадваць пра неабходнасць неадкладна паведаміць у міліцыю пра знаходку, а таксама знаёміць з мерамі асабістай бяспекі.

Так, пры выяўленні выбухованебяспечных прадметаў катэгарычна забараняецца браць іх у рукі, наносіць па іх удары, кідаць у вогнішча, закопваць у зямлю або кідаць у вадаёмы, рабіць спробы разабраць або распілаваць, спрабаваць  абясшкодзіць або выцягнуць з зямлі.

Руслан МАРЦІНКЕВІЧ, начальнік Шумілінскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Надрукавана ў№42 ад 02.06.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *