Л. Павлов: Подарить людям праздник

Актуалии Культура Людзі і лёсы

Лёня Паўлаў. Штрыхі да партрэта
Няхай прабачыць Леанід Васільевіч за такі загаловак. Прызнаемся, што разлічваем адразу прыцягнуць увагу чытача на звычнае для ўсіх прозвішча. І проста прадчуваем добрую рэакцыю на імя чалавека, які не змяніў свайму прызванню, на імя, якое ў нейкай ступені ўжо стала брэндам шумілінскай культуры.
Упэўнены, многія ведаюць, хто такі Лёня Паўлаў, нягледзячы на тое, што пра яго амаль нічога за гэты час не пісалі газеты, не часта прадстаўлялі гучна і на адпаведных мера-прыемствах. Толькі, напэўна, такія адданыя справе людзі як Леанід Васільевіч Паўлаў пра гэта і не думаюць.
Па жыцці сціплы, вытрыманы, ён адначасова  валодае моцнай харызмай сапраўднага, творчага работніка культуры. Папрасіце любога, хто ў 70-х ці 80-х праводзіў выхадныя вечары на адкрытай танцпляцоўцы пад музыку вакальна-інструментальнага ансамбля “Шанс”, успомніць гэту групу. Упэўнены, першым назавуць Лёню Паўлава. Таго самага Лёню, які стаяў ля вытокаў стварэння ВІА на Шуміліншчыне. І тады, і сёння кіраўнік ансамбля “Шанс” застаецца верным справе.

ВІА «Шанс» (злева направа): А. Мацвяйчук, В. Папоў, Л. Паўлаў, Т. Філіпава, А. Сініцын, М. Лаўрыновіч, Л. Зуева, В. Навуменка. Здымак (пачатак 80-х) з архіва Леаніда Паўлава.

З 1970 года працуе Леанід Васільевіч у Шумілінскім ГДК. Пачынаў баяністам, быў інжынерам-тэхнікам па апаратуры, кіраўніком эстраднага аркестра. Больш сарака год ён душой і сэрцам звязаны з раённай культурай. Не дзіва, што яны ўжо зрадніліся. Леаніда Паўлава можна бачыць практычна на кожным мерапрыемстве, дзе ён прафесійна забяспечвае гукавое афармленне, у тым ліку і сваім падапечным – пятнаццаці салістам-вакалістам ансамбля “Шанс”. Пра кожнага з іх гаворыць з захапленнем, пад рэпертуар кожнага скрупулёзна падбірае аранжыроўку, за кожным уважліва сочыць на канцэрце. Ганарыцца тым, што салісты “Шансу” – чаканыя госці ў раённых Дамах культуры і сельскіх клубах, што заваявалі сэрцы слухачоў у Лётцах, Полацку, Віцебску, Оршы, Пскове. Радуецца, што ў ансамблі працуе тры пакаленні салістаў-вакалістаў, і кожны з іх адметны і сваім голасам, і рэпертуарам, кожны мае сваіх паклоннікаў.  І сёння на сцэне  прадстаўнікі старшага пакалення «Шансу» – са стажам ад 30 да 20 гадоў – Ларыса Дземідовіч, Мікалай Аляксеенка, Мікалай Куляшоў.
Кіраўнік ансамбля адзначае, што з чарговым вітком часу мяняецца густ на музычныя творы, стылі. Прыходзіцца не адставаць, вывучаць сучасныя накірункі. Але вакальна-інструментальнаму ансамблю з багатым вопытам і гісторыяй нельга губляць свайго, адметнага, – упэўнены Леанід Васільевіч. Таму часта ў выкананні ВІА гучаць шлягеры розных гадоў, якія радуюць даўніх і знаходзяць новых паклоннікаў. Дарэчы, ВІА “Шанс” у раённай культуры мае статус калектыву з самай вялікай канцэртнай дзейнасцю. У студзені бягучага года кіраўнік групы Л. В. Паўлаў быў узнагароджаны ганаровай граматай раённага аддзела культуры за шматгадовую добрасумленную працу ў галіне культуры і самую вялікую канцэртную дзейнасць калектыву ў раёне.
Але галоўнае, што адзначаюць калегі і ўсе, хто ведае Леаніда Васільевіча, – гэта яго чалавечыя якасці. Добразычлівы, сумленны, сардэчны, ён заўсёды гатовы дапамагчы. Нават калі трэба ўмацаваць дэкарацыі ці ўзнікне праблема з электрапрыборамі, усе ведаюць, што ёсць у калектыве чалавек, які ўсё ўмее і не будзе шукаць прычын, каб адмовіць. Ідзе насустрач ён і дзіцячым, і ветэранскім арганізацыям, дапамагае праводзіць дабрачынныя мера-прыемствы. Вельмі ўдзячныя Леаніду Васільевічу члены раённай арганізацыі таварыства інвалідаў, бо ні адна вечарына, ніводны юбілей не праходзяць без яго дапамогі.
І вось чарговы канцэрт. Апаратура, мікрафоны працуюць без збояў. І ўсё, дзякуючы прафесійнаму гукарэжысёру, які выконвае такую нябачную для простага гледача работу заўжды якасна. Спакойна настройвае Леанід Васільевіч мікрафоны, віртуозна кіруе пультам і ветліва ўсміхаецца людзям – разам з імі радуецца тым святочным светлым хвілінам, якія шчыра дорыць ім ад сэрца.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №42 ад 7.06.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *