Накануне профессионального праздника прокурор Шумилинского района Сергей Зайцев дал интервью

Актуалии Общество

На варце законнасці і правоў грамадзян

А. А. Дзергачоў, С. У. Зайцаў, Н. І. Гаўрылюк, Л. М. Барысава і І. І. Рубайла.

Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў пракуратуры пра гісторыю станаўлення пракуратуры і сённяшні дзень яе работнікаў размаўляем з  пракурорам Шумілінскага раёна Сяргеем Уладзіміравічам ЗАЙЦАВЫМ.
– Сяргей Уладзіміравіч, думаю, будзе правільна пачаць нашу гутарку з невялікага гістарычнага экскурсу, бо сёлета спаўняецца 95 гадоў з дня ўтварэння пракуратуры Рэспублікі Беларусь.
– 26 чэрвеня 1922 года Пастановай Трэцяй  сесіі Цэнтрвыканкама БССР была заснавана дзяржаўная пракуратура і прынята Палажэнне аб пракурорскім наглядзе ў БССР. Першым пракурорам, наркамам юстыцыі БССР стаў А.У. Гелнер.
У 1938 годзе ўтварылася Віцебская вобласць і была створана абласная пракуратура. На жаль, дакументаў, якія паказвалі б даваенную дзейнасць пракуратуры, амаль не захавалася. Зразумела, што і ў гады вайны пракурорскія работнікі працягвалі свае абавязкі, выконвалі спецзаданні ў тыле ворага, расследавалі крымінальныя справы.
На жаль, няшмат захавалася інфармацыі і пра пракуратуру раёна ў даваенны і пасляваенны час. Фактычна, аднавіць гісторыю пракуратуры Шумілінскага раёна можна толькі з 1966 года, калі быў адноўлены Шумілінскі раён. Значны ўклад у развіццё раённай пракуратуры ўнеслі пракуроры Міхаіл Садковіч, Сяргей Баравік, Аляксандр Багамолаў, Валерый Трашчоткін, Антон Закрэўскі і многія іншыя.
Пракуратура Шумілінскага раёна для многіх пракурорскіх работнікаў стала прыступкай для кар’ернага росту: Віктар Лапцэвіч быў пракурорам Лепельскага і Талачынскага раёнаў, Андрэй Вецюгоў зараз пракурор Шаркоўшчынскага раёна, Сяргей Галімбоўскі – намеснік пракурора Браслаўскага раёна, Вячаслаў Андрэеў – намеснік начальніка ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Вячаслаў Бабашынскі – старшы пракурор упраўлення Генеральнай пракуратуры.
– А якая роля пракуратуры ў суверэннай беларускай дзяржаве?
– Пасля ўтварэння Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы, з’явілася неабходнасць фарміравання органаў пракурорскага нагляду, вызначэння іх функцый у новых умовах.  29 студзеня 1993 года быў прыняты Закон “Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь”, які пацвердзіў непахіснасць, вяршэнства законнасці ў дзяржаве, унёс істотныя карэктывы ў прававы змест дзейнасці пракуратуры, вызначыў напрамкі яе дзейнасці і паўнамоцтвы пракурораў.
Пракуратура Рэспублікі Беларусь – гэта сістэма органаў, на якія Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь ўскладзена ажыццяўленне асаблівай формы дзяржаўнай дзейнасці: нагляд за дакладным і аднолькавым выкананнем нарматыўных прававых актаў. Пракуратура прымае меры да ліквідацыі любых парушэнняў закона, ад каго б гэтыя парушэнні ні зыходзілі. Разам з тым, яна спрыяе ўзаемадзеянню галін улады, іх функцыянаванню як адзінай дзяржаўнай улады, умацаванню законнасці. Бо без законнасці не можа быць моцнай дзяржавы.
– Раскажыце больш падрабязна, якія функцыі выконвае пракуратура. Як ажыццяўляецца нагляд за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў?
– Не памылюся, калі выкажу здагадку, што ў прадстаўленні многіх грамадзян работнікі пракуратуры паўстаюць выключна як дзяржаўныя абвінаваўцы ў судовых працэсах. Між тым, велізарны пласт нашай працы – гэта праверкі выканання юрыдычнымі асобамі працоўнага, жыллёвага, антыкарупцыйнага, прыродаахоўнага, падатковага і банкаўскага заканадаўства, выканання патрабаванняў Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”, №2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату”, №3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”, Закона “Аб зваротах грамадзян” і іншае.
Яшчэ адным напрамкам дзейнасці пракуратуры з’яўляецца крымінальна-судовы нагляд і нагляд за грамадзянскімі справамі, якія разглядаюцца ў судзе без удзелу пракурора.
– Пры разглядзе якіх спраў удзел у працэсе пракурора абавязковы?
– З удзелам пракурора разглядаюцца найбольш важныя грамадзянскія справы:  высяленне без прадастаўлення іншага жылога памяшкання, пазбаўленне бацькоўскіх правоў,  аднаўленне на працы,  вызваленне маёмасці без акта апісання арышту і іншае, а таксама каля 90% крымінальных спраў. Выступаючы ў працэсе ў якасці дзяржаўнага абвінаваўцы, пракурор вывучае справу, выказвае суду меркаванне па кваліфікацыі злачынства і па пакаранні. Па заканчэнні суда ён вывучае пратакол судовага пасяджэння, прысуд і, калі бачыць парушэнні, апратэстоўвае судовую пастанову.
– Відавочна, поспех у рабоце па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў шмат у чым залежыць ад узаемаразумення і ўзаемадзеяння пракуратуры, праваахоўных органаў, следчага камітэта, органаў улады, грамадскіх фарміраванняў, розных зацікаўленых службаў. Што вы можаце сказаць пра стан злачыннасці ў нашым раёне?
– Безумоўна. Мы ўсе разумеем значнасць работы па папярэджанні супрацьпраўных дзеянняў грамадзян і імкнемся ўсе пытанні вырашаць разам. Бо цана пытання – бяспека насельніцтва, парадак на тэрыторыі раёна. Трэба адзначыць, што па выніках пяці месяцаў на Шуміліншчыне адбылося зніжэнне злачыннасці. Зарэгістравана 88 злачынстваў, што на 8 менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. У цэлым, у раёне стабільная сітуацыя, паказчык злачыннасці – 48,4 на 10000 насельніцтва (у 2016 годзе гэты паказчык складаў 52,2).
– Як часта і з якімі пытаннямі звяртаюцца ў пракуратуру простыя людзі?
– Работа са зваротамі грамадзян у нас стаіць на адным з першых месцаў. Людзі ідуць у пракуратуру, як у апошнюю інстанцыю. І нам важна такі давер апраўдваць. Так, толькі з пачатку года да нас звярнуліся 63 чалавекі. Пытанні самыя розныя, але большасць усё ж звязана з парушэннямі працоўнага заканадаўства.
– Сяргей Уладзіміравіч, многія людзі ўдзячныя супрацоўнікам раённай пракуратуры за дапамогу, аднаўленне справядлівасці і законнасці. У якім складзе сустракае ваш калектыў прафесійнае свята?
– На дадзены момант у нашым калектыве акрамя мяне працуюць яшчэ два пракурорскія работнікі. Намеснік пракурора Андрэй Дзергачоў у пракуратуры з 2012 года. Гэта прынцыповы і граматны спецыяліст. Яго работу адзначалі як пракурор вобласці, так і  Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь. Памочнік пракурора Наталля Гаўрылюк, нягледзячы на невялікі працоўны стаж, не толькі спраўляецца са сваімі абавязкамі, а і пастаянна займаецца самаадукацыяй. Не магу не адзначыць  ўдзячным словам і тэхнічных работнікаў пракуратуры:  загадчыцу канцылярыі Лілію Барысаву, прыбіральшчыцу Ірыну Рубайла і вадзіцеля Аляксея Іванова.
Віншую са святам калег-юрыстаў, сённяшніх работнікаў і ветэранаў пракуратуры, усіх, хто тут працаваў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №48 ад 23.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *