Размышления. Бывает, правда глаза колет…

Общество

Бывае, праўда вочы коле…
Люблю зазірнуць на сайт “Литературной газеты”. Добрая, шаноўная газета, для тых, хто цікавіцца літаратурным працэсам, проста незаменная. Раней выпісваў яе па пошце, затым купляў у кіёсках, але яна аказалася дарагой, не па кішэні. А тут газетны сайт, і бясплатны. Ну, чаму ж не выкарыстаць такі шчаслівы шанц?
Да чаго ж хілю гаворку?  Нядаўна ў анатацыі на адну з апошніх кніг галоўнага рэдактара газеты Юрыя Палякова  “вывудзіў” выраз, які ўразіў мяне выключнай трапнасцю: “Праўда – гэта прадукт, які хутка псуецца і не можа доўга захоўвацца”.
Гэта вобраз. Мы можам здагадацца, што ці каго  меў на ўвазе вядомы расійскі пісьменнік, відаць, тых, хто жыве, як флюгер: куды вецер, туды і стрэлка. Але ж кажуць: у кожнага свая праўда. Дык што – флюгерам, прыстасаванцам  быць не так ужо і крыўдна, і абразліва?
Помню, падарылі мне брашурку пра тое, як павінен сябе паводзіць чалавек, словам, пра этыку паводзін, пра тое, як кажуць, што такое добра, а што – не вельмі. Брашурка была карыснай любому класнаму кіраўніку ў школе.
Было гэта даўно. Думалася, нормы этыкі – катэгорыя калі не вечная, то на некалькі пакаленняў. Вучылі, вучылі дзяцей, а тыя – сваіх дзяцей, а ўвогуле культуры паводзін у людзей не прыбыло. Еду ў дызелі. Народу бітком, многія стаяць. Побач са мной стаіць немаладая жанчына, побач з ёй – сівы дзед. Я  спрабую ўзняцца з лаўкі, каб пасадзіць жанчыну, але тая раптам  адмаўляецца: “А чаму вы ўстаяце? Вось тут, на месцы, дзе малая, я і сяду”. І яна прымасцілася на край лаўкі і, каб самой ямчэй сесці,  паціснула людзей да акна.
Вы не ўяўляеце, што тут пачалося! Жанчына, якая сядзела побач з дзяўчынкай, ускочыла з месца і вызверылася на старую так, што хоць не глядзі – сорамна і брыдка! Яна крычала, што і ў “дачуркі” білет, што і яна мае права сядзець, а не ехаць стоячы. Нейкі мужчына паспрабаваў спыніць гэты напор, давесці, што матуля памыляецца, што дзіця павінна паважаць старога і нямоглага чалавека, але і яму дасталася на арэхі.
Ну, скажыце, каго выхоўвае гэтая     маці-крыкуха? Такую ж, як і сама. Адкуль гэты “вірус”? Што, у яе свая праўда? Не, за ёй не праўда, за ёй горла, за ёй нахрапістасць, якая пераходзіць у  хуліганства. Такіх трэба спыняць сілаю закона. Вось калі б за лаянку ў грамадскім месцы яна выняла з кашалька і раз, і другі, можа, і прысмірэла б. Гэта за лаянку. А хто можа змусіць яе ўзяць “дачурку” на калені, вызваліўшы месца старому чалавеку?.. За  “праколы” ў этыкеце паводзін не судзяць. Хаця гэты “вірус” не менш страшны, чым любая інфекцыя па лініі медыцыны.
Вось, кажуць, рэзаць праўду-матку.
Хто ў нас любіць яе, гэтую праўду? І дзе тая мяжа, якая падзяляе праўду і звычайную абразу ці тую ж  лаянку? Адзін навучыўся прыгожа і гладка гаварыць, умее прыстасавацца да абставін.  Знаёмы, ведаючы, што чалавек умее падстроіцца пад любога начальніка, горача даводзіць:” Малайчына, так і трэба!” Каму трэба і навошта? Для чаго ён мяняецца, як скура ў хамелеона? Для таго, каб жыць самому. Каб выжыць. І пра тое, што не этычна гэта, нават непрыстойна, гаворкі ніхто не вядзе. А дарэмна. Куды ж падзяваўся наш бунтарскі дух? Дух Кастуся Каліноўскага і  Васіля Быкава, дух Барыса Пастарнака і Міхаіла Булгакава? Чаму мы знішчылі ў сабе гэтае змаганне за тое, каб жыць лепш. Дзе нашы прафсаюзы – абаронцы рабочага чалавека? Помню, прачытаў у “Звяздзе” пра тое, што яны “акрысіліся”, калі ўрад увёў аплату па часовай непрацаздольнасці на 80% сярэдняга заробку. Калі на рабоце скразнякі, калі пыл і смурод, у выніку чалавек захварэў – дык што, губляць яму ў зарплаце, якая і без таго сухотная?    Такая была пазіцыя прафсаюзаў. Але духу хапіла ім усяго на адну публікацыю. Або вось цыркаюць са студзеня па кроплі павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду і трубяць пра гэта ўсе газеты як клопат пра чалавека. Ну, дабавілі 50 тысяч да зарплаты.  Усё было б нічога, калі б замарозілі цэны. Але яны ніяк не могуць “угаманіцца”: на электраэнергію паднялі тарыфы і са жніўня, і з верасня, не кажам пра дарагое мяса,  пра дзіцячае адзенне (хто збіраў дзіця ў школу, той ведае). У рэдакцыю 27 жніўня патэлефанавала ўсхваляваная жанчына. Яна даярка ААТ “Лаўжанскае” і разлічвала, што атрымае за ліпень зарплату і збярэ дачку ў школу. Не атрымліваецца. Яшчэ горш з гэтым у КУСГП “Мішневічы”, адкуль званіў занепакоены мужчынскі голас.  Што будзе далей,  адну Богу вядома. Такая няпэўнасць раздражняе, не надае аптымізму. І яшчэ – і жанчына, і мужчына пабаяліся назваць сваё імя: баяцца “рэпрэсій”. Дык што, чалавек у нас такі зацюканы?..
Вось такая праўда, ад якой прыкра на душы. Але яна праўда, і з ёю трэба лічыцца. Усім, хто сапраўды дбае пра чалавека працы, пра яго будучыню.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №71 ад 10.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *