В ответе за безответственность

Общество

У адказе за безадказнасць
Чым даўжэй жыву, тым больш пераконваюся ў тым, што самая карысная якасць у характары чалавека – гэта безадказнасць. Вядома, гэта не пра забыць дзіця ў садзе, а калі – за ўсё чалавецтва.
Спытайце ў любой маладой пары з каляскай, якога чалавека яны збіраюцца выхаваць са свайго немаўляці. Паверце, катэгорыя “шчаслівы” будзе ў большасці выпадкаў далёка не на першым месцы. Адказнага, прыстойнага, мэтанакіраванага, разумнага, працавітага – такога з усіх бакоў ідэальнага члена грамадства.
А ён ляжыць сабе ў калясцы, перабірае пальчыкі і не ведае, што так многа ўжо павінен. Хаця, напэўна ж, ведае, скурай адчувае гэтыя трохпавярховыя бацькоўскія на яго спадзяванні. Ён, вядома, рана ці позна ўзбунтуецца. А можа і не. Магчыма, будзе з усіх сіл старацца апраўдаць гэтыя надзеі. Ён нават стане гэтым самым ідэальным членам грамадства, зробіць усё, каб бацькі ім ганарыліся.
Мы наогул шмат чаго робім не для сябе, вы заўважалі? Прывітанне бацькам. Мы ідзем вучыцца на юрыста, а тое што маляваць з дзяцінства любім, што атрымліваецца гэта добра – гэта няважна, гэта ж не прафесія. Мы ідзем замуж за Колю – Коля добры, працавіты, а Вася твой можа і не пазаве. Мы цвёрда ведаем з дзяцінства, што якія б глупствы ні рабілі бацькі, гэта ўсё толькі дзеля нас, ад вялікай любові. А яны ціхай сапай “лепяць” з нас зручных спачатку для сябе, а потым і для грамадства людзей. На пэўным этапе да іх падключаюцца і педагогі. А гэта ўжо страшная сіла.
Вось Іван Іваныч – ну, такі добры чалавек, такі адказны, усім дапамагае, пасля работы застаецца, што ні папросіш – зробіць. А хто-небудзь спытаў у Іван Іваныча, ці шчаслівы ён? Больш таго, ці задумваўся сам Іван Іваныч, чаго ён хоча на самой справе? Галоўнае, каб ніхто не паставіў пад сумненне такія яго чалавечыя характарыстыкі, як адказнасць, прыстойнасць, сумленнасць. А яшчэ яму абавязкова трапіцца жонка, якая хуценька выкарыстае ў сваіх інтарэсах усе гэтыя яго якасці. І начальнік ці сусед, якія стануць бязбожна эксплуатаваць яго “адказнасць”. Яму ж самому нічога і не трэба, гэта ж не высакародна – думаць пра сябе. Усё дзеля людзей, дзеля бліжняга.
Грамадскасць вельмі не любіць эгаістаў. Не таму што яны такія шкодныя, а таму што яны нязручныя. Як у Ігара Губермана:
Душой своей,
отзывчивой и чистой,
Других мы одобряем
не вполне.
Весьма несимпатична
в эгоистах
К себе любовь сильнее,
чем ко мне.
І атрымліваецца, што ты або эгаіст і аўтаматычна не вельмі добры чалавек, або самаахвярны і адказны і пры гэтым абавязкова вельмі добры. А дзе залатая сярэдзіна? Чаму нельга зыходзіць з пасылу, што любоў і павага ў першую чаргу да сябе, сваіх інтарэсаў, нараджае адпаведныя адносіны і з сусветам?
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №85 ад 04.11.2014 г.



1 комментарий по теме “В ответе за безответственность

  1. вывод такой: плохо быть Иван Иванычем, но хорошо, когда в окружении одни Иван Иванычи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *