Председатель райисполкома В. А. Подлещук провёл приём граждан в агрогородке Слобода

Актуалии Общество Президент

“Усе запісваюць, але нічога не рашаюць”
Работнікі Слабадской СШ, а таксама мясцовыя жыхары, якія паспяшылі ў школу, каб трапіць да старшыні райвыканкама на аб’яўлены пасля дня інфармавання прыём грамадзян, не скупіліся на пытанні.
Найпершая праблема слабадчан – транспарт. Здаецца, Шуміліна пад рукой, а дабірацца лягчэй да Віцебска, а да Шуміліна нязручна, у выхадныя ж дні аўтобус не ходзіць зусім. Апроч гэтага, жыхароў аграгарадка турбавала тое, што фельчар мясцовага ФАПа не мае права выпісаць бальнічны ліст, і людзі часта пераносяць хваробу на нагах. Незадаволены і тым, што райспажыўтаварыства закрыла прамтаварны магазін. Былі і прыватныя пытанні, пераважна камунальнага характару, а таксама пытанні нарыхтоўкі дроў, якасці будаўніцтва жылля, газіфікацыі прыватнага сектара, іншыя. Адчувалася, што людзі давяраюць кіраўніку раёна і ахвотна ідуць на размову з ім, скардзіліся, што “ўсе запісваюць, але нічога не рашаюць”, спадзяваліся, што менавіта старшыня райвыканкама, якога яны падчас будаўніцтва аграгарадка прывыклі бачыць у Слабадзе і на досвітку, і позна ўвечары,  усё рашыць аператыўна і станоўча.
Вальдэмар Антонавіч быў уважлівы да кожнага, дзякаваў людзям за тое, што не ўтойваюць праблем. Вядома ж, многія пытанні ён ведае,  як, напрыклад, па аўтатранспарту. Тым не менш не дае тых абяцанняў, якія не можа выканаць. Так, па аўтобуснаму руху  хацелася б дапамагчы, але раён не мае сваёй аўтабазы, а сетка руху 12-ці аўтобусаў, што курсіруюць па раёне і якіх у кожным кутку чакаюць,  шчыльна адпрацавана, падладжана пад чыгунку. Таму раптам нешта памяняць не атрымаецца. Пытанне будзе вывучацца. Не ў кампетэнцыі раёна і пытанне па бальнічных лістах, гэта прэрагатыва Міністэрства аховы здароўя. Хаця гэта пытанне неаднаразова мы ўзнімалі на розных узроўнях. А вось па рабоце прамысловага магазіна ў Слабадзе, дзе звыш тысячы жыхароў, пазіцыя кіраўніка раёна адназначная: магазін павінен працаваць, яго трэба ацяпляць, каб і прадаўцу, і пакупнікам было зручна. На вырашэнне гэтых праблем кіраўніцтву райспажыўтаварыства дадзены тэрмін да 1 сакавіка.
В. А. Падляшчук адзначыў, што пра паляпшэнне ўмоў свайго пражывання і самім людзям трэба клапаціцца. Размова найперш пра газіфікацыю.  Слабада мае прыродны газ, і ў кожнага з жыхароў ёсць магчымасць скарыстаць дзяржаўную падтрымку, а сёння дзяржава бярэ на сябе 70% усіх выдаткаў па газіфікацыі прыватнага жылля плюс льготныя крэдыты, каб чалавек мог аплаціць тыя 30% выдаткаў. Але тут трэба самім шавяліцца, не чакаць, пакуль нехта гэта зробіць.
Ад прыватных пытанняў старшыня райвыканканкама перайшоў да агульных. Так, ён адзначыў, што пытанні развіцця беларускай вёскі вырашаюцца на дзяржаўным узроўні, у краіне прынята Праграма развіцця сельскіх тэрыторый на 2011—2015 гады, будзе працягвацца аднаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскай гаспадаркі, будаўніцтва аграгарадкоў, далейшае развіццё сацыяльнай сферы на вёсцы. Разам з тым перад аграпрамысловым комплексам краіны стаіць задача павысіць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ў 2-2,5 раза, а гэта магчыма толькі пры ўкараненні сучасных тэхналогій, строгай эканоміі матэрыяльных рэсурсаў, захаванні працоўнай дысцыпліны, жаданні кожнага зрабіць жыццё краіны і сваё лепшым.
Аліна ПЯТРОВА.

P.S. “Хочацца падзяліцца прыемнай навіной, – пазваніла ў рэдакцыю загадчыца Слабадскога ФАПа Ісачэнка Аляксандра Максімаўна, – мы зноў маем права выдаваць бальнічныя лісты. Літаральна на наступны дзень пасля правядзення Дня інфармавання нас сабралі ў раённай бальніцы і паведамілі аб гэтым”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *