Тэма тыдня: Моладзь Беларусі: адкрыты дыялог

Тема недели

Лукашэнка: Год моладзі павінен запомніцца многім пакаленням
У Беларусі 2015 год па ініцыятыве БРСМ аб’яўлены Годам моладзі. «Хацелася б, каб ён прайшоў прыкметна. Калі ён пройдзе непрыкметна — грош вам цана», — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў з’езда.
«Унясіце свае канкрэтныя прапановы, рэалізуйце масу мерапрыемстваў, карысных для нашага грамадства, каб гэты год запомніўся многім пакаленням», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
«Вы, маладыя людзі, гатовыя любыя сцены разбурыць, зламаць усё, што перашкаджае нашаму жыццю, павінны былі гэта спланаваць, а калі не зрабілі — зрабіце цяпер, каб правесці гэта ў Год моладзі. Я гатовы ісці з вамі ў першай шарэнзе», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што юнацтва і маладосць у грамадстве заўсёды ўспрымаліся і ўспрымаюцца як час паўнаты жаданняў і мноства магчымасцей. «Сёння ваш лепшы час. Увасабляйце свае мары, укладвайцеся ў тое, што вы робіце. Усе свае сілы ўкладвайце ў гэту справу — душу, энергію і волю», — заклікаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка лічыць нездавальняючы ўзровень кадравага забеспячэння маладзёжнай палітыкі сур’ёзнай праблемай
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адна з важных задач БРСМ — знаходзіць і выхоўваць такіх лідараў, якія змогуць павесці беларускую моладзь да важных для ўсяго грамадства і дзяржавы спраў. Кампетэнтнасць, ініцыятыўнасць, самастойнасць і, галоўнае, сацыяльная адказнасць за будучае краіны — менавіта гэтыя якасці трэба фарміраваць у маладых грамадзян.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, ключавое значэнне ў гэтым працэсе належыць настаўнікам, куратарскай дзейнасці, да якой павінны прыцягвацца лепшыя вучоныя і практыкі. Аднак у Беларусі гэты інстытут незаслужана забыты органамі дзяржкіравання і арганізацыямі, хоць менавіта настаўніцтва з’яўляецца ўнікальным метадам аказання падтрымкі ў працэсе вучобы і службовага росту работніка. Настаўніцтва ў большай ступені паскарае прафесійнае станаўленне маладых работнікаў, садзейнічае іх прафесійнай адаптацыі, фарміруе з’яднаны калектыў.
«Нездавальняючы ўзровень кадравага забеспячэння дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі з’яўляецца даволі сур’ёзнай праблемай. У нас дагэтуль няма выразнай сістэмы каардынацыі маладзёжнай палітыкі з іншымі сферамі дзяржаўнай дзейнасці, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Нягледзячы на шматлікія праграмы, асобныя рэзервісты з перспектыўнага кадравага рэзерву не атрымліваюць рэальнага росту па дзяржаўнай службе». Напрыклад, дзяржслужачыя ў Беларусі ва ўзросце да 29 гадоў у 2013 годзе складалі менш як 16 працэнтаў. У заканадаўчых органах працуюць толькі 3 працэнты маладых спецыялістаў, а ў мясцовых органах выканаўчай улады — крыху больш за 11 працэнтаў.
Прэзідэнт заявіў, што стаўка на амаладжэнне кадраў — гэта не проста словы, а сучасная палітыка, якая павінна ахапіць усе сферы дзейнасці.
Прэзідэнт: студатрады з’яўляюцца сур’ёзным кадравым рэзервам будучых кіраўнікоў
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Ужо не першы раз мы з вамі ўзнімаем тэму студатрадаў, і маю пазіцыю ў гэтым пытанні вы ведаеце. Я заўсёды буду падтрымліваць гэты напрамак, таму што студатрады — гэта не толькі добрая школа для моладзі, але і сур’ёзны кадравы рэзерв».
Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час была пастаўлена задача аднавіць студатрадаўскі рух, і сумесна ўдалося гэта зрабіць. За тры гады студатрадаўскі рух ахапіў сотні тысяч юнакоў і дзяўчат у Беларусі.
«Зразумела, што прымаць студатрады ў рэгіёне — справа клапатлівая, магчыма, лішні галаўны боль і турбота для мясцовых улад, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба аддаць належнае БРСМ, і губернатарам, і работадаўцам за тое, што дапамагаюць моладзі, прадастаўляюць магчымасць зарабіць, павышаюць прэстыж рабочых прафесій».
На думку кіраўніка дзяржавы, у студатрадах фарміруюцца будучыя кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Студатрады павінны працаваць у кожным раёне Беларусі. І для студатрадаў БРСМ наймальнікі, кіраўнікі рэгіёнаў павінны ствараць неабходныя ўмовы. Прыклад для пераймання ёсць — работа атрадаў на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Прэзідэнт падтрымаў прапанову моладзі, каб у гэтым годзе ў кожным рэгіёне сфарміраваць студатрадаўскі рух і стварыць хаця б адзін студэнцкі атрад.
Лукашэнка: праблему спайсаў трэба вырашыць што б там ні было
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на розныя шкодныя прывычкі і пагрозы здароўю моладзі. «Кожны дзень медыкі вяртаюць да жыцця маладых, юных грамадзян, якія атруціліся так званымі спайсамі і іншай заразай. І гэта самае страшнае, што адбываецца ў маладзёжным асяроддзі. Страшней няма куды, калі мы з-за дурасці імкліва страчваем маладое жыццё. Гэта на самай справе падстава прызадумацца аб нашым будучым. І вырашыць гэту праблему трэба ўсім светам праз актыўны лад жыцця, праз спорт. Любымі лёсамі гэту праблему трэба вырашыць!» — падкрэсліў Прэзідэнт.
На думку кіраўніка дзяржавы, трэба выкарыстоўваць усе магчымасці, каб вывесці падлеткаў і моладзь з вуліц і загрузіць іх карыснымі справамі, каб не было свабоднай хвіліны думаць пра гэту атруту. «А галоўная ж задача БРСМ менавіта ў гэтым. І работа саюза будзе мець сэнс толькі тады, калі арганізацыя пачне вырашаць праблемы моладзі сіламі самой моладзі. У гэтым заключаецца яе прызванне і асноўнае прызначэнне», — адзначыў Прэзідэнт.
«Мы жывём у новы час, у канкурэнтным асяроддзі, на фоне ўзрастаючага патоку інфармацыі, выклікаў як унутры нашага грамадства, так і звонку. Калі збоку навязваецца незразумелы лад жыцця, культывуецца і пазіцыянуецца зло, насілле, разбурэнне», — сказаў кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што ў сувязі з гэтым пагрозы здароўю моладзі выклікаюць сур’ёзную трывогу. «І кадры, і студатрады, і праекты, і тэхналогіі, і пасады, і званні, аб якіх мы толькі што разважалі, — усё гэта будзе, калі ў нас будзе здаровая ва ўсіх сэнсах гэтага паняцця моладзь», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Здаровая моладзь — гэта аснова дабрабыту грамадства не толькі сёння, але перш за ўсё заўтра. Чалавек тады будзе паспяховым, калі ён будзе весці ў поўным сэнсе гэтага слова здаровы лад жыцця», — сказаў ён.
Лукашэнка лічыць відавочнай вядучую ролю БРСМ у стварэнні беларускай інфармпрасторы
«Неабходна і далей працаваць у віртуальнай прасторы для развіцця маладзёжнага руху ў рэспубліцы, фарміравання грамадзянскай і патрыятычнай пазіцыі юных грамадзян», — сказаў Прэзідэнт.
Як лічыць кіраўнік дзяржавы, у многім такія рысы сучаснай моладзі ўсяго свету, як адкрытасць, камунікабельнасць, аператыўнасць, задае глабальная камп’ютарная сетка. Жыццё многіх маладых людзей праходзіць у сетцы інтэрнэт. Можна гаварыць аб існаванні асаблівай групы моладзі, якая светапоглядна фарміруецца ў інтэрнэце і пры дапамозе яго.
На думку Прэзідэнта, дзейнасць БРСМ павінна мець папераджальны характар па ўсіх напрамках: самаўдасканаленне, генерацыя новых ідэй, інавацыйная актыўнасць, выхаванне высокай грамадзянскай пазіцыі.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем адзначыў, што колькасць інфармацыі не заўсёды пераходзіць у якасць. На яго думку, сусветная павуціна ператварылася ў арэну інфармацыйных войнаў, дзе вельмі складана, а часам немагчыма, адрозніць праўду ад хлусні, шчырае выказванне — ад правакацый. Назіраецца актыўная канкурэнцыя за меркаванне інтэрнэт-супольнасці, асабліва яе лідараў. У тым ліку маюць месца спробы падштурхнуць інтэрнэт-карыстальнікаў да дэструктыўных дзеянняў.
Звяртаючыся да моладзі, Прэзідэнт падкрэсліў: «Мне хацелася б, каб вы заўсёды маглі адшукаць ісціну ў бясконцай лавіне інфармацыі. Вучыцеся яе правяраць, не прымайце ўсё слепа на веру, думайце над тым, што чытаеце або бачыце ў сетцы. Вучыцеся процідзейнічаць маніпуляцыям, адрозніваць праўду ад няпраўды. Вы можаце дакладна арыентавацца ў патоках інфармацыі, але ў той жа час абавязаны не страціць духоўныя каштоўнасці, прынцыпы маралі нашага народа. Вы павінны заставацца грамадзянамі сваёй краіны. І не ўспрымайце інтэрнэт як прастору стасункаў. Гэта важная яго функцыя, але не галоўная. Яго асноўная каштоўнасць у тым, што ён стаў тэхналагічнай платформай для ўсіх сфер жыцця, перш за ўсё вытворчай. Гэта для нашай краіны прынцыпова».
Лукашэнка: лакаматывам беларускай эканомікі ў бліжэйшыя гады павінны стаць навукаёмістыя галіны
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ад паспяховага развіцця гэтых галін будзе залежаць дабрабыт нашых грамадзян і аўтарытэт дзяржавы. Ён адзначыў, што ўжо стала прывычным хваліць нашых праграмістаў, якія з зайздросным пастаянствам ствараюць інавацыйныя распрацоўкі, запатрабаваныя на міжнародным рынку. Літаральна за некалькі гадоў у Беларусі створана індустрыя праграмнага забеспячэння, узровень развіцця якой не ўступае вядучым краінам Еўропы і Азіі. Напрыклад, доля прадукцыі кампаній — рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, якая ідзе на экспарт, набліжаецца да 90 працэнтаў. За гэтымі ўражальнымі лічбамі — талент і настойлівасць маладых распрацоўшчыкаў, якія поўныя ідэй і гатовы працаваць дзеля іх рэалізацыі.
Як падкрэсліў Прэзідэнт, будучае ў руках высакакласных спецыялістаў, неабыякавых да лёсу Беларусі. «Менавіта на вас разлічаны новыя высокатэхналагічныя рабочыя месцы, якія мы ствараем з удзелам нашых замежных партнёраў на АЭС у Астраўцы, у індустрыяльным парку «Вялікі камень», на новым заводзе электрапаяздоў, іншых вытворчых аб’ектах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, энергетыкі. Ужо сёння ў рэгіён можна ісці за работай, знаходзіць справу даспадобы і з высокім заработкам у сваёй краіне», — сказаў Прэзідэнт.


1 комментарий по теме “Тэма тыдня: Моладзь Беларусі: адкрыты дыялог

  1. Самые худшие ледовые катки — в Шумилино!!!
    Нужно не с улиц молодежь выводить, а на улицу, на спортивные площадки, стадионы, ледовые катки. А катки у нас просто отвратительные (и на стадионе, и возле школы). Видимо, воды пожалели, а как кататься на коньках по асфальту — не ясно. Снег с «катка» не очищается, а под снегом скрываются ямки, пробоины и асфальт; возле школы вообще вечером не покатаешься — освещения нет.
    Желание есть прийти с семьей покататься, коньки всем членам семьи приобрели, а объехав все шумилинские катки, понимаешь, что не получиться получить от зимних видов спорта удовольствие.
    Выход один — ехать кататься в Витебск.
    Хотя не понятно, почему нельзя нормально залить хоть один каток в Шумилино? Может Редакция поможет разобраться пока зима не закончилась?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *