Как Шумилино отпраздновало День Независимости

Актуалии

Шуміліна адсвяткавала Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
3 ліпеня Шуміліна ва ўнісон з усёй краінай адзначыла Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Традыцыйнае свята горада “Родная зямля” прапанавала дзецям і дарослым шмат цікавых выстаў, выступленняў, конкурсаў і іншых мерапрыемстваў, якія працягваліся да самай ночы.

І няхай на нашай вялікай планеце
Танцуюць дзеці і сонца свеціць
Упрыгожаныя да свята вуліцы, святочна апранутыя дарослыя і дзеці – горад з самай раніцы быў гатовы адзначыць галоўнае дзяржаўнае свята. А стартавала яно з падняцця над горадам сцяга Рэспублікі Беларусь як галоўнага сімвала нашай дзяржаўнасці.
А чым вымяраецца незалежнасць цэлага народа? Усё вельмі проста. Незалежнасць – гэта магчымасць жыць і працаваць, кахаць і марыць, гэта ўпэўненасць у будучым і спадзяванні на лепшае. Шчаслівыя дзіцячыя ўсмешкі – вось галоўная прыкмета свабоднай дзяржавы. Здаровыя, радасныя, бесклапотныя дзеці – дзеля іх не шкада нічога, дзеля іх стабільнага будучага кожны дарослы гатовы на многае: старанна працаваць, дасягаць пастаўленых мэт, рабіць рэчаіснасць лепшай.
І галоўная плошча горада трапіла ў дзіцячы палон. Дзеці пелі і танцавалі, каталіся на веласіпедах і роліках, спявалі песні пра дзяцінства і радзіму. Атрымалася надзвычай жыццесцвярджальнае дзейства, якое само па сабе стала сімвалам свята.

І толькі мацнее з гадамі ўдзячнасць
Мы заўжды святкуем разам… Хіба можна ў поўную сілу весяліцца ў такі дзень, не схіліўшы галаву перад памяццю людзей, якія падарылі незалежнасць нашай Радзіме, адваяваўшы яе цаной уласнага жыцця. На брацкіх могілках прайшоў мітынг “Беларусь – мой гонар і слава”.
“Гэтае свята прасякнута пачуццём гонару за сваю краіну і велізарнай удзячнасцю да ўсіх, хто на працягу гістарычнага шляху мужна адстойваў незалежнасць нашай радзімы, – гаварыла, выступаючы перад удзельнікамі мітынгу, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. – Дакладную лічбу чалавечых страт нават праз 73 гады пасля вызвалення назваць немагчыма. Зразумела адно: вайна прынесла смерць, гора і слёзы кожнай беларускай сям’і”.

За гады суверэнітэту наша краіна дабілася важкіх вынікаў, заўважыла Ірына Мікалаеўна. Сёння Беларусь – куток бяспекі і міралюбства, дзе грамадзяне маюць рэальную магчымасць атрымаць адукацыю, медыцынскую дапамогу, спакойна жыць і працаваць, гадаваць сваіх дзяцей. У няпростых эканамічных умовах сённяшняга дня наш раён разам з усёй краінай вырашае пастаўленыя задачы па павышэнні якасці жыцця лю-дзей, стабілізацыі і развіццю эканомікі, захаванню культурных і духоўных здабыткаў, гаварыла І. М. Новікава.
Тое, што кожны з нас уносіць свой уклад у незалежнасць краіны, заўважыў у сваім выступленні выконваючы абавязкі начальніка адасобленай групы Шумілінскага раёна аб’яднанага раённага ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Ігар Аляксееў. Ён выказаў упэўненасць у высокай абароннай здольнасці нашай дзяржавы, у тым, што наш народ цэніць мір і свабоду як найвышэйшую каштоўнасць.
Рабіць усё дзеля стабільнасці сваёй радзімы ад імя маладога пакалення паабяцала тэхнік па сувязі раённага вузла электрасувязі, лаўрэат звання “Жанчына года Шуміліншчыны” Алена Гур’ева.
Неба страсянулася ад ганаровых залпаў, гучней застукалі сэрцы лю-дзей у хвіліну маўчання, вечны агонь абрамілі чырвоныя гваздзікі. Мы заўжды святкуем разам…

Майстры з «бульвара творчасці»
Склалася добрая традыцыя прэзентаваць выставы народных майстроў падчас свята горада “Родная зямля”. Вось і сёлета ў гарадскім парку разгарнуўся “Бульвар творчасці”, дзе магчымасць прэзентаваць сваю творчасць і прыняць удзел у розных выставах скарысталі не толькі розныя арганізацыі, але і індывідуальныя майстры з усяго раёна. Саламяныя, папяровыя, лазовыя вырабы радавалі вока. Уражвалі калекцыі вырабаў у вышыўцы, вязанні і бісерапляценні.
Багатыя выставы прадставілі работнікі Дома рамёстваў і іх філіялы з Мішневіч і Мікіціхі, прадстаўнікі школы мастацтваў, цэнтра дзяцей і моладзі.
Раённае таварыства інвалідаў разам з народным клубам беларускай нацыянальнай кухні ”Разынка” Дома рамёстваў  падрыхтавалі да свята  смачную выставу печаных вырабаў.  У гарадскім парку працавала міні-пякарня “Бабкі-аладкі” – гарачыя бліны прама з агню так і прасіліся ў рот.
Ля музея былі фотавыставы, прысвечаныя нашым землякам-вучоным, гісторыі Шуміліншчыны, выстава работ, прадстаўленых на конкурс  “Мой горад – маё Шуміліна”.
Ля раённай бібліятэкі працаваў “Літаратурны дворык”, дзе цікава было паглядзець на “Выставу самаробнай кнігі”. Восем лепшых кніг, напісаных ад рукі, работнікі бібліятэкі прадставяць на абласны конкурс, які прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Для дзяцей работнікі бібліятэкі прапанавалі літаратурны пікнік: прысесці на лавачку і пачытаць любімыя часопісы ці кнігі.
Побач праходзіла акцыя “Букросінг” – аматары кнігаабмену прапаноўвалі ўзяць пачытаць кнігу, а ўзамен ці проста так прынесці іншую кнігу.
Вельмі цікавай была выстава “Рэтра-лаўка”, дзе можна было пабачыць старыя кнігі, грамафон, музычныя пласцінкі,  гадзіннік, газавую лямпу і яшчэ шмат чаго цікавага. Запрашалі на выставу свамі вясёлымі песнямі ўдзельнікі народнай літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца”.

Багата асілкаў на нашай зямлі
Адметнай рысай сёлетніх святочных мерапрыемстваў сталі спартыўныя спаборніцтвы пад назвай “Сілавы экстрым”. Наогул, спаборніцтвы асілкаў заўжды прыцягваюць увагу гледачоў, тым больш, калі гэта сапраўдны прадстаўнічы конкурс, ды яшчэ ў такіх відовішчных  спаборніцтвах як штурханне гіры, жым штангі, сцягванне аўтамабіля, кулянне трактарнай шыны, кіданне бервяна. Нават надакучлівы дождж, які час ад часу паліваў усіх, хто гуляў у шумілінскім парку, не пужаў балельшчыкаў, што сабраліся ля фізкультурна-аздараўленчага цэнтра.
Трэба адзначыць, што падтрымка “сваіх” хутка перарасла ў падтрымку наогул усіх спартсменаў. Кожны кілаграм, які дабаўляўся на штангу, кожны ўздым гіры горача падтрымліваўся пахвальнымі воклікамі балельшчыкаў, што шчыльным колам акружалі пляцоўкі “Сілавога экстрыму”.
І трэба адзначыць, што 170 кг, якія выжаў дырэктар КУП “Шумілінская ПМК-70” Аляксей Крыўко, сталі тым рэкордам, да якога будуць імкнуцца шумілінскія атлеты. А слаба пабіць 110 кг, якія выжаў сын Аляксея Крыўко 15-гадовы Кірыл, ужо вядомы ў нашым раёне барэц. Дарэчы, гэтая вага не скарылася многім дарослым спартсменам. А хто дагоніць Івана Маскалькова з РАНС, які за хвіліну падняў 24-кілаграмовую гіру 45 разоў?…
Камандныя спаборніцтвы завяршыліся агульнай перамогай спартсменаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Другое месца заваявалі атлеты з ПМК-70, трэцяе месца – у каманды клуба “Асілак”.

Пазнаю свой край  па звонкіх песнях
Канцэрт “Зорны шлях”, які падарылі ўдзельнікам свята работнікі культуры, увабраў усё самае лепшае. На сцэну выходзілі пераможцы разнастайных творчых конкурсаў для таго, каб сваім талентам расквеціць галоўнае свята краіны.

Спартыўны гарадок
Немагчыма ўявіць галоўнае свята Беларусі без спартыўных спаборніцтваў. Беларусь – спартыўная краіна. Вось і на гарадскім стадыёне Шуміліна разгарнуліся сапраўдныя спартыўныя баталіі. Бескампраміснае высвятленне адносінаў ішло на футбольным полі. ФК “Шуміліна” выйграў спаборніцтвы па міні-футболе, у прызавой тройцы – ФК “Форвард” і каманда Обальскага керамічнага завода.
А колькі азарту і барацьбы было ў спаборніцтвах па пляжным валейболе! За перамогу змагаліся шэсць каманд. Лепшы вынік у каманды раённага вузла электрасувязі, другімі сталі валейбалісты з Шумілінскага раёна газазабеспячэння, трэцімі – з Обальскага керамічнага завода.

Уладар сяла-2017
Стала добрай традыцыяй праводзіць на Шуміліншчыне раённы конкурс сярод вясковых маладых сямей “Уладар сяла”.  Сёлета конкурс прайшоў у райцэнтры ў рамках святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.  За званне “Уладар сяла-2017” змагаліся восем сем’яў з усіх сельсаветаў раёна.
Канкурсантам трэба было прадставіць візітку сям’і і малую архітэктурную форму, аформіць свой падворак і  прыгатаваныя стравы. Усе восем сямей да заданняў падышлі творча, толькі ўхвальных слоў заслужылі і мясцовыя клубныя работнікі, які дапамагалі сем’ям  у конкурсах.
Візітная картка сям’і стала своеасаблівым гімнам сям’і. Узаемапавага, каханне, разуменне адзін аднаго – тое, на чым трымаецца кожная сям’я. Пра гэтыя сямейныя каштоўнасці нагадалі  маладыя людзі. А песня “Погода в доме”, якую выканалі адны з канкурсантаў пад моцным ліўнем, цудоўна падышла да антуражу свята. А якія гаспадыні  жывуць на вёсцы! На суд журы было прадстаўлена безліч розных прысмакаў.
Сем’ям-канкурсантам ўдалося спалучыць народныя традыцыі і сучаснасць, і ад гэтага відавочнасць конкурсу толькі выйграла.
Андрэй і Вольга Далецкія з дачкамі Аляксандрай і Валянцінай і сынам Мікітам (аграгарадок Башні Светласельскага сельсавета) заўсёды разам. Яны выйгралі абласны конкурс “Самая футбольная сям’я”, бралі ўдзел у раённым конкурсе шматдзетных сем’яў. І ў барацьбе за званне “Уладар сяла”  Далецкія паўсталі адзінай дружнай сям’ёй, таму намінацыя “Самая дружная сям’я” была прысуджана менавіта ім.
Нягледзячы на тое, што  Іван і Юлія Казелькі (вёска Сіроціна Сіроцінскага сельсавета)  былі самыя маладыя сярод удзельнікаў,  яны змаглі здзівіць рознабаковасцю сваіх інтарэсаў. Іх талісманам стаў трус Саша, якога яны прывезлі з сабой. Бацькам ва ўсім дапамагаюць  сын Мікалай і дачка Ульяна, захапленні бацькоў становяцца захапленнямі дзяцей і наадварот. Адным словам, “Майстры на ўсе рукі”.
Найбольшую колькасць страў на суд журы прапанавалі Уладзімір і Вольга Белавусавы з сынам Аляксандрам і дачкой Марыяй (вёска Мікалаёва Мікалаёўскга сельсавета). Над афармленнем сям’я пастаралася. Белавусавы сталі “Самай гасціннай сям’ёй”.
Дзмітрый і Раіса Сёмкі з сынам Раманам і дачкой Кацярынай (аграгарадок Амбросавічы Дабейскага сельсавета) у раённым конкурсе “Уладар сяла” ўдзельнічаюць не першы раз. Сёмкі абаранялі гонар Шуміліншчыны і на абласным свяце-конкурсе. І на гэты раз яны годна падрыхтаваліся: іх падворак быў прызнаны лепшым.
Сапраўдную гумарыстычную феерыю прапанавалі падчас сваёй візіткі Васіль і Святлана Сямёнавы  (аграгарадок Мішневічы Мішневіцкага сельсавета). Імправізаваны бусел, які прынёс бацькам сыноў Уладзіслава і Мікіту і дачку Ганну, стаў сапраўднай творчай знаходкай. Менавіта Сямёнавых прызналі “Самай творчай сям’ёй”.
Крэатыўна падышлі да свайго выступлення Аляксандр Лысанаў і Вольга Храмцова з сынамі Аляксандрам і Віктарам і дочкамі Вікторыяй і Карынай (г.п. Обаль Обальскага сельсавета) і атрымалі перамогу ў намінацыі “Самая арыгінальная сям’я”. Яны змаглі спалучыць традыцыі і сучаснасць, спорт і актыўны адпачынак. Напачатку ўсіх запрасілі танчыць, затым старэйшая дачка прадставіла сваё хобі, старэйшы сын, які займаецца грэка-рымскай барацьбой, паказаў акрабатычныя нумары.
Сям’я Новікавых з аграгарадка Мікіціха Лаўжанскага сельсавета – бацька Мікалай, маці Алена,  сын Арцём і дочкі Ганна і Анастасія – была расчаравана сваім другім месцам у мінулым годзе, таму сёлета ехала толькі за перамогай. Сваю візітку Новікавы прадставілі на беларускай мове, у беларускіх вышыванках, дзе жартам, а дзе ўсур’ёз расказалі пра сваю сям’ю. Яны і атрымалі перамогу ў конкурсе і званне “Уладар сяла-2017”.

Надрукавана ў №51 ад 05.07.2017 г.



2 комментария по теме “Как Шумилино отпраздновало День Независимости

  1. Так уж получилось ехал проездом мимо, задержался у вас на площади во время праздника. Был шокирован…. Красивые, юные, девчёнки и мальчишки в белом танцуют на фоне страшного,черного, обос….го птицами Ленина.
    У вас же стадион красивый что там мешало такого рода праздник провести???

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *