Шуміліна і Караноўск цяпер – рэгіёны-пабрацімы

Актуалии Общество

Шуміліна і Караноўск – рэгіёны-пабрацімы
На IV Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які праходзіў у канцы чэрвеня ў Маскве, кіраўніцтва Віцебскай вобласці падпісала пагадненні аб супрацоўніцтве Віцебшчыны са Стаўрапольскім краем і Саратаўскай вобласцю, план мерапрыемстваў па актывізацыі супрацоўніцтва з Бранскай вобласцю. Раней былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве Віцебскай вобласці з Пскоўскай, Цвярской, Смаленскай абласцямі. Такое пагадненне было падпісана і з Краснадарскім краем. Гэтыя дагаворы становяцца падставай для ўсталявання стасункаў на ўзроўні гарадоў і раёнаў. Шумілінскі раён таксама нала-джвае сувязі з рэгіёнамі Расіі і іншых краін дзеля развіцця гандлёва-эканамічных, культурных і іншых адносін.
Днямі Шуміліншчыну наведала афіцыйная дэлегацыя Караноўскага раёна Краснадарскага краю Расійскай Федэрацыі. Госці з Кубані пазнаёміліся з вытворчым патэнцыялам нашага раёна, сустрэліся з кіраўніцтвам раёна, прамысловых прадпрыемстваў.
15 ліпеня ў Шуміліне было падпісана пагадненне аб усебаковым супрацоўніцтве Шумілінскага раёна з Караноўскім раёнам Краснадарскага краю.

Падчас цырымоніі падпісання, у якой бралі ўдзел члены райвыканкама, кіраўнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, арганізацый і прадпрыемстваў раёна, члены дэлегацыі расійскага рэгіёна, былі прадстаўлены прэзентацыі Шумілінскага і Караноўскага раёнаў, якія паказвалі эканамічны патэнцыял раёнаў, расказвалі пра сацыяльную сферу абодвух рэгіёнаў.
Старшыня Шумілінскага райвыканкама Аляксандр Снараў шчыра вітаў расійскіх гасцей на шумілінскай зямлі, адзначыў роднасць беларускага і рускага народаў, падкрэсліў важнасць рэгіянальнага супрацоўніцтва.
Кіраўнік дэлегацыі расійскага рэ-гіёна намеснік кіраўніка адміністрацыі муніцыпальнага ўтварэння “Караноўскі раён” Краснадарскага краю Аляксандр Манько шчыра дзякаваў за гасцінны прыём, заўважыў агульны гістарычны лёс нашых краін, блізкі менталітэт народаў, сказаў пра ўзаемную карысць эканамічных і культурных стасункаў паміж дзвюма раёнамі. Няма ніякіх сумненняў, што пабрацімскія адносіны, супрацоўніцтва будуць карыснымі для нашых рэгіёнаў, што яны будуць спрыяць усталяванню сувязяў паміж прадпрыемствамі і паміж людзьмі.
Напрыканцы цырымоніі Аляксандр Снараў і  Аляксандр Манько падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Падпісанае пагадненне прадугледжвае супрацоўніцтва рэгіёнаў ў эканамічнай, гандлёвай галінах, сферы культуры, адукацыі, спорту і турызму.
Дарэчы, візіт дэлегацыі Караноўскага раёна на Шуміліншчыну быў прымеркаваны да Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. У складзе дэлегацыі з Кубані завітаў на шумілінскую зямлю і народны ансамбль “Дзядзькаўчаначка” са станіцы Дзядзькаўская, які даў канцэрт у Шуміліне і з поспехам выступіў на адной з канцэртных пляцовак фестывалю.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

Духмяным пышным караваем сваіх гасцей мы сустракаем

Выступленне Кубанскага народнага вакальнага ансамбля “Дзядзькаўчаначка” сабраў у пятніцу ў раённым цэнтры культуры поўную глядацкую залу. Не дзіўна: не так часта на Шуміліншчыну прыяз-джаюць сапраўдныя казакі.
Мерапрыемства пачалося ўрачыстым вітаннем старшыні Шумілінскага райвыканкама Аляксандра Снарава і намесніка кіраўніка адміністрацыі муніцыпальнага ўтварэння “Караноўскі раён” Аляксандра Манько. Кіраўнікі выказалі спадзяванне на добрыя перспектывы супрацоўніцтва паміж Караноўскім і Шумілінскім раёнамі. “Сімвалічна, што наша сяброўства пачынаецца са знаёмства з нацыянальнай культурай Кубані, – заўважыў Аляксандр Снараў. – Сумесная творчасць згуртоўвае людзей, напаўняючы ўсіх пазітыўнымі эмоцыямі. Я шчыра спадзяюся, што сённяшняя цёплая сустрэча перарасце ў моцнае сяброўства, устойлівыя вытворчыя і гандлёвыя сувязі, перспектыўнае супрацоўніцтва і абмен вопытам у розных галінах”.
“Нам ёсць чаму адзін у аднаго павучыцца, – сказаў у адказ Аляксандр Манько. – Раён у нас таксама сельскагаспадарчы, ёсць шмат цікавага, а самае асноўнае – гэта людзі, гэта узаемаадносіны. І спадзяюся, мы,  пачаўшы з творчасці, будзем працягваць узаемадзеянне ў сацыяльнай, эканамічнай і іншых сферах”. Міру, дабра, працвітання і кахання пажадаў усім шумілінцам шаноўны госць.
А потым сцэна перайшла ў распараджэнне кубанскіх спявачак, і яны зрабілі ўсё магчымае, каб у канцы выступлення зала апладзіравала ім стоячы. Народныя кубанскія матывы, яркія касцюмы, шчырыя песні і сакавітыя жарты нікога не пакінулі раўнадушным. Акрылены цёплым шчырым прыёмам у Шуміліне, народны вакальны ансамбль “Дзядзькаўчаначка” паехаў скараць “Славянскі базар”.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

Надрукавана ў №55 ад 18.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *