Почему в лесном краю дрова в дефиците?

Актуалии Общество

Калі дровы на вагу золата
Да тэмы забеспячэння дрывамі, наогул палівам радавога спажыўца вяртаемся ў каторы ўжо раз. Магчыма, з таго часу, калі дзяржава ўзялася наводзіць парадак з нарыхтоўкай і вывазкай дроў з лясных масіваў. Лю-дзей  такая рэзкая перамена не задавальняла. Асабліва тых, што жылі побач з лесам, а не маглі, як раней, без усякіх дазволаў узяць пілу з сякерай і насекчы сабе дроў, якіх пажадае душа.
Сёння такога разгулу няма. Таму і зараз ідзе прыцірка да новай сістэмы, і сёння гучаць падчас сустрэч з вяскоўцамі абуральныя думкі, маўляў, як так, жывём у лесе, а без дроў. Трэба адразу прызнацца, не ўсё так гладка і ў самім механізме забеспячэння дрывамі па новых правілах. Ёсць шурпатасці, пра якія не замоўчым, пра якія распавядзём. Але перш за ўсё гаворка пойдзе пра тое, як яно ёсць з мясцовымі відамі паліва і як трэба, каб было. Каб дамагчыся калі не бездакорнай работы “механізма”, то прынамсі бесперабойнай, каб чалавек мог за свае грошы набыць паліва і ў так званы мёртвы сезон (сакавік — май), і ў гадзіны пік, што перажываем зараз. Аднак паўторым думку, якую даводзілі не раз:  сапраўдны гаспадар нарыхтоўвае дровы на аблетак, іншымі словамі, з тым разлікам, каб яны, папілаваныя і паколатыя, паляжалі-высахлі на падворку. Тады яны зімою гаспадыні проста на ўцеху.
Многія ж, даруйце, праспалі, а можа і не ўвайшло ім яшчэ ў звычку паклапаціцца пра запасы загадзя або не атрымалася: ці мала якія жыццёвыя абставіны. Каб адрэгуляваць рынкавы механізм з забеспячэннем палівам спажыўца, і было арганізавана пасяджэнне прэзідыума райсавета, якое вяла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Пра чэргі і “ката ў мяшку”
Даклад па азначанай тэме рабіў дырэктар Шумілінскага філіяла АУП “Віцебскаблпаліў” У. М. Кійко. Яму, як кажуць, і карты ў рукі, бо менавіта райпаліўзбыт — тая арганізацыя, якая па абавязку службы дастаўляе паліва спажыўцу па фіксаваных цэнах. Раённы бюджэт кожны год вы-дзяляе сродкі на падзешаўленне для насельніцтва кошту дроў або торфабрыкету. За 9 месяцаў 2011 года на рахунак райпаліўзбыту паступіла 312,5 мільёна рублёў. За гэты перыяд адсюль рэалізавана 2458 метраў кубічных дроў (для 469 домаўладанняў) і 1553 тоны брыкету, у тым ліку насельніцтву 1268 тон — для 363 уласнікаў, якія маюць права на пастаўкі па фіксаваных цэнах.  Падлічана: дзяржава кампенсуе  з бюджэту 245 тысяч для тых, хто бярэ, як і належыць па норме, 5 кубоў дроў і 985 тысяч для тых, хто заказвае 4,5 тоны брыкету. Такая статыстыка будзе да месца, каб адказаць на пытанні, якія часта задаюць: “Але ж тых 5 кубоў дроў для гаспадара, у якога і вялікая хата, і лазня з істопкай, — проста слёзы. Як быць?” Адказваем: акрамя 5 кубоў (па фіксаванай цане) любы гаспадар можа выпісаць праз лясніцтва ці ў тым жа райпаліўзбыце дровы ці брыкет па свабодных цэнах.  Дарэчы, па свабоднай цане прадалі з пачатку года тут 20 кубаметраў дроў і 2,5 тоны брыкету.
Без праблем у райпаліўзбыце, аднак, не абышлося. Асабліва не вяжацца з выкананнем дагавораў па пастаўках дроў з Шумілінскага лясгасу. З пачатку года на склад паліўзбыту паступіла дроў на 575 кубоў менш, чым было па дамоўленасці. Зараз на пляцоўцы для адпраўкі спажыўцу ляжыць крыху больш за 40 кубоў. Гэта мізар. Адсюль і напружанне з выкананнем заявак, адсюль і чэргі. Сёння гаспадару, які спазніўся ў пару заказаць дровы, купіць іх па фіксаваных цэнах даволі праблематычна. Такога не павінна быць, таму і абавязалі Шумілінскі лясгас  паставіць паліўзбыту ў бліжэйшы тыдзень не менш як 100 кубаметраў дроў. Калі не хапае сваёй тэхнікі, можна арандаваць “Урал” ва УП ЖКГ і вывозіць. І не толькі на бліжэйшы час, а пастаянна. Нягледзячы на тое, што нарыхтоўка і продаж дроў для лясгасу — справа даволі стратная.
Нельга не сказаць і пра нараканні на якасць тавару, што паступае з райпаліўзбыту. Некаторыя абураюцца: шмат гнілых дроў, адны хваёвыя ці асінавыя, хочацца бярозавых. А якасць дроў (гнілыя ці не, а таксама пароду) чалавек часцей за ўсё бачыць пасля таго, як згрузілі дровы на падворку. Купляе, так сказаць, ката ў мяшку.
І яшчэ. І. М. Новікава, адзначыўшы станоўчае ў рабоце райпаліўзбыту, нацэльвае кіраўніцтва прадпрыемства на больш напружаны рэжым у рабоце. Маючы неблагую рэнтабельнасць і прыбыткі за 9 месяцаў 2011 года 73 мільёны рублёў, мала ўвагі надаецца ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы. На балансе прадпрыемства ўсяго адзін трактар, а чаму б не закупіць яшчэ з тым, каб можна было самім выязджаць у лес і вывозіць дровы. А чаму не ўзяла прадпрыемства ніводнага рубля банкаўскіх крэдытаў? Гэта таксама рэзерв для пашырэння вытворчых магчымасцей. Пра такую схему нагадаў дырэктар УП ЖКГ В. А. Коўзан, бо і сам камунгас некалі стаяў перад такой праблемай, а сёння тут дзве брыгады па нарыхтоўках драўніны. Прасцей за ўсё, вобразна кажучы, “сядзець на бюджэтнай іголцы”.
Лес — не толькі “зялёнае” золата…
Выступіў дырэктар ДЛГУ “Шумілінскі лясгас” І. Я. Папок, які патлумачыў прычыны недапаставак дроў у райпаліўзбыт. Ён адзначыў, што дровы — не асноўны від дзейнасці лясгасу, для прадпрыемства больш важная нарыхтоўка дзелавой драўніны, якая ідзе на экспарт. Тым не менш — пра дровы. Іх у лесе нарыхтавана 13 тысяч кубічных метраў. Здавалася б, толькі спраўляйся вывозіць. Але тут ёсць адна закавыка: вывезці сёння з лесу магчыма не 13, а толькі 6 тысяч кубоў. Больш рэальна забраць дровы з-пад Мішневіч, у раёне Обалі, вёсак Сіроціна і Слабада, да астатніх “кубікаў”, асабліва ў раёне Каўлякоўшчыны, тэхніка не дойдзе, трэба чакаць маразоў і цвёрдай падэшвы. Гэта арыенцір для тых, хто застаўся без дроў і разлічвае выпісаць іх праз лясніцтвы.
Вызначым адразу, што існуюць па лініі лясгасу тры віды дроў для спажыўца: нарыхтаваныя і вывезеныя ўласным транспартам; дровы на пні; гатовыя, прывезеныя транспартам лясгасу. Вядома, яны адрозніваюцца і па цане. Вядома, больш выгадна браць дровы на ўмовах  саманарыхтовак. У лясніцтве адводзяць дзялянку, плаціш з разліку за кубічны метр ад 80 да 200 рублёў і — уперад. Адно трэба — пакінуць пасля сябе парадак. Такім чынам выпісана ў гэтым годзе амаль 8 тысяч кубаметраў дроў. Гэта прыватнікі, у якіх свая тэхніка і свае бензапілы. Яны, калі папраўдзе, збіраюць у людзей  некалькі пашпартоў і афармляюць парубачныя білеты, потым прадаюць іншым па цэнах прыкладна такіх жа, як і ў райпаліўзбыце. І бяруць людзі, і заказваюць. У самім жа лясгасе тэхнікі на вывазцы дроў хранічна не хапае. Затое ўпарадкаваць схему выпіскі дроў, прыблізіўшы паслугу да спажыўца, лясгасу пад сілу. На гэта і нацэліў прэзідыум райсавета (змяшчаем парадак водпуску насельніцтву гатовых дроў і дроў на пні).
І. Я. Папок адзначыў: калі дзялянкі для саманарыхтовак можна адвесці і паблізу нейкай пэўнай вёскі, то гатовыя дровы такую “прапіску” маюць далёка не заўсёды. Гэта спецыфічныя асаблівасці ў рабоце лясгасу. Да 1 лістапада абноўленая інфармацыя аб кварталах будзе даведзена да сельскіх Саветаў, старэйшын вёсак.
І нарэшце — нюансы, без якіх не  абысціся
Спачатку дададзім, што існуюць яшчэ варыянты нарыхтоўкі дроў: а)на землях сельгаспрадпрыемстваў, парослых драўнінай і хмызнякамі; б)на землях сельсаветаў у межах населеных пунктаў. Перавагі такіх спосабаў нарыхтоўкі ў тым, што наводзіцца адначасова і парадак у вёсках, з поспехам выконваецца праграма “Чыстыя палеткі”. Гэта як варыянты, якія нярэдка людзі і выкарыстоўваюць. Як вось выкарысталі, напрыклад, 15 чалавек у Пабедзе Лаўжанскага сельсавета, дзе ўзяліся за драўніну і хмызы ў межах вёскі. І наогул вёскі, у якіх засталіся адны старыя людзі, “заціскаюць” хмызнякі і драбналессе, і з такой “блакады” трэба выходзіць.
Калі вясковец аддае перавагу першаму варыянту (нарыхтоўка ў лясах сельгаспрадпрыемстваў), ён павінен звярнуцца ў мясцовую гаспадарку, калі другому — у сельсавет, які не толькі выдае дазвол на спілоўванне дрэў, а і патрабуе, каб пасля сябе чалавек пакінуў парадак.
Яшчэ адзін нюанс: у райпаліўзбыце трэба больш настойліва прапагандаваць выпіску дроў і кавалкавага торфу, а не брыкету, які паступае ў раён з Лідскага раёна, што на Гродзеншчыне. Вялікае транспартнае плячо цяжарам кладзецца на раённы бюджэт. Тым не менш цяжка пераканаць чалавека перайсці на дровы, калі ў хаце — паравы кацёл. Сёння ж прапорцыя наступная: 57%  чаргавікоў у райпаліўзбыце займаюць тыя, хто заказвае дровы, 26% — торфабрыкет.
Каб выключыць сітуацыю, калі чалавек, які жыве ў гарадской кватэры, але мае і дачу, двойчы не карыстаўся дзяржаўнымі льготамі, вырашана ў першую чаргу ў Шуміліне і Обалі ўнікліва падысці да рэвізіі ўсяго жылля і рэгістрацыі жыльцоў.
На наступны год Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь плануе вызначыць адзіныя нормы водпуску мясцовага паліва па фіксаваных цэнах: 3,5 тоны торфабрыкету або 4,9 кубаметра дроў. Дададзім: у спіс паліва па рэгулюемых цэнах трапляе і кавалкавы торф, запасы якога ляжаць на обальскіх радовішчах.
Прэзідыум раённага Савета дэпутатаў прыняў па азначаным пытанні разгорнутую пастанову. У ёй, у прыватнасці, знайшлі месца, рэкамендацыі для ўсіх суб’ектаў гаспадарання  ўнесці ў калектыўныя дагаворы на 2012 год палажэнні, якія прадугледжваюць ільготы па дастаўцы вяскоўцам цвёрдых відаў паліва.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №84 ад 01.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *