Уборка зерновых заканчивается. Все силы — на лён и картофель.

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Лён
З пасеяных сёлета 800 гектараў лёну засталося выцерабіць крыху больш як сто гектараў. “Даўно б справіліся з церабленнем, калі б не дажджы, – тлумачыць намеснік дырэктара ААТ “Шумілінскі льнозавод” Т. А. Баброва. – Засталіся ўчасткі ля Федзькава і ля Чаронкі. Большая частка палеткаў стаіць у вадзе. Разам з льнокамбайнамі адпраўляем на поле цягач, інакш працаваць немагчыма”. Вельмі шкада, што не паспелі ўбраць высокапрадукцыйны гатунак “алізэ”, сярэдні нумар якога дасягае 1,5.
Механізатарам льнозавода прыходзіцца працаваць у нялёгкіх умовах. Некалькі дзён з-за дажджоў увогуле не выязджалі на палеткі. Тэхнікі на заводзе хапае – восем льнокамбайнаў, узбівальнікі, паварочвальнікі.
Амаль два тыдні вядзецца нарыхтоўка трасты. На 24 жніўня яе нарыхтавана 305 тон. Сярэдні нумар сёлетняга ўраджаю – 1,0.
Нарыхтоўваюць і льносемя, яго засыпана ўжо 95 тон – гэтага хопіць на насенне для будучага года.
На льнозаводзе ёсць 14 прэспадборшчыкаў. Пры добрым надвор’і ўборка была б толькі механізаванай. Але на сённяшні дзень сітуацыя застаецца складанай: лён, які месцамі пачынае ўрастаць у зямлю, трэба ратаваць. “Без памочнікаў не абыдземся, – лічыць Тамара Аляксандраўна. – Думаю, дзесьці праз тыдзень яны ўжо нам спатрэбяцца. Для прасушкі трэба ставіць лён у конусы. На дапамогу будзем запрашаць памочнікаў з Віцебска і з шумілінскіх арганізацый”.
Бульба
У раёне сёлета пасаджана 279 гектараў бульбы, у тым ліку 203 гектары расце на палетках СФГ “Крыніца”. У сялянска-фермерскай гаспадарцы прыступілі да ўборкі сярэдняранняга гатунку “Няптун”.
“Нашы бульбакамбайны працуюць ва ўрочышчы Лабейкі, – расказаў аграном П. А. Рыжанкоў. – Ураджайнасць добрая – 300 цэнтнераў з гектара. Пакуль капаем пад заказ – ёсць заяўкі з Віцебска і Гарадка”.
На 24 жніўня ў “Крыніцы” ўбралі сем гектараў бульбы. Масавая ўборка пачнецца з канца жніўня. Па падліках спецыялістаў, на трох камбайнах рэальна выкапаць бульбу крыху больш як за месяц.
Як расказала галоўны аграном СФГ “Крыніца” Л. М. Прыгун, бульбу плануюць выкапаць механізавана нават на нізкіх участках. За кожным камбайнам будзе замацавана па трактару, якія пры неабходнасці возьмуць на буксір. А вось пераборка не абыдзецца без ручной працы. Як і летась, тут змогуць зарабіць беспрацоўныя, хто стаіць на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Бульбасховішча ў Макаўі гатова прыняць новы ўраджай. Заканчваюцца работы па рамонце вентыляцыі ў бульбасховішчы ў Галях.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №65 ад 26.08.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *