Кволае суцяшэнне

Духоўнае Общество

Кволае суцяшэнне

Ведаю не адну сям’ю, дзе жывуць без дзяцей. І звякуюць без іх, а той-сёй яшчэ і казырае, маўляў, без іх спакайней. Хоць пажывеш сабе на забаву і ўцеху.

Што ж, як кажуць, кожнаму сваё. У кожнага свая клёпка ў галаве. Аднак жа як без іх, без тых, дзеля каго ўсё-такі жыве чалавек? Не таму ж ён жыве, каб панесці з сабой у дамавіну ўсё нажытае – і скарбы, і думкі, і бацькоўскі наказ, і апошнюю волю, якую ўсё-такі мусяць выканаць тыя, хто застаўся пасля цябе на зямлі нашай грэшнай. Не таму ж, каб толькі есці, піць, забаўляцца. Ведаю, аднак, і тых, хто з гэтай кагорты сямейнікаў захапіўся вандроўкамі, ездзіць па свеце. Кажучы словамі з песні “старасць іх дома не заспее, яны ўсё ў дарозе, яны ўсё ў вандроўках”. Недзе так. Аднак жа, згадзіцеся, у нас не той менталітэт, каб зароблены рубель укласці ў пазнавальнае падарожжа, скажам, на Байкал, у Грэцыю ці ў Парыж. Калі у Парыж, то абавязкова за “модай”, пашопіць, пашнырыць па крамах, а не з’ездзіць на вядомыя могілкі  ў прадмесце Парыжа, на Сент-Жэнеў-дэ-Буа, дзе пахаваны вядомыя эмігранты з Расіі, не зазірнуць у Луўр…
Кожнаму, аднак жа, сваё. Як казаў мой знаёмы, хто на што вучыўся.  Але ж і трактарысты розныя бываюць, і яны не ўсе мяшчане ды зачахлыя вяскоўцы, а інтэлігентны з выгляду (і па адукацыі) чалавек можа ні разу не з’ездзіць у Полацк або ў Бярэсце, каб акунуцца ў даўніну, пажыць тым жыццём, якім жылі нашы далёкія продкі. Адзін так і пражыве – ва ўцехах, бязбедна, есць чырвоную рыбу, намазвае на лусту хлеба чорную ікру, але не мае дзяцей і не бярэ іх ні з дзіцячых дамоў, ні ад сваякоў, якія загінулі ў аварыях. Іншы перабіваецца з хлеба на квас, але ён мае самае дарагое, што цешыць яго сэрца, – дзетак. І няхай ён недасыпае ночы, непакоіцца за сваё дзіця, затое пасля, калі яно вырасце, стане на ногі, – будзе помач, будзе каму, як кажуць, падаць кубак з вадою.
Вядома ж, не ўсё тут гладка, не ўсё ад ідыліі: нямала дзетак, якія вырастаюць чэрствымі, б’юць, бяруць бацькоў за глотку, патрабуючы апошні рубель з пенсіі. Але гэта ўжо з іншай “оперы”, гэта ўжо ад тых жа бацькоў усё і залежыць. Такіх не поле насеяна, хаця і сустракаюцца. І не заўсёды з самых, як зараз кажуць,  сацыяльна небяспечных сямей.
Не шкодзіла б пераканаць тых, хто, свайго не меўшы (па розных прычынах – ці спазніліся, ці хворыя), мог бы ўзяць дзіця з дзіцячага дому. Хацелася б – паглядзіце, колькі іх забіраюць ад розных дэгенератаў і няўдзячных бацькоў?! Забіраюць у дамы сямейнага тыпу, у кагал, дзе дамагчыся нейкага выхаваўчага эфекту цяжка. Іншае, калі бярэ сям’я адно ці двое дзетак. Бярэ, калі яны яшчэ зусім малыя і так званых бацькоў, тых, хто пусціў іх на свет божы, не помняць…
Не мае дзяцей і мой добра знаёмы. Калі быў малады, сарваўся ў Расію, на заробкі, а пасля, калі прыспеў час падумаць пра сваіх спадкаемцаў, зразумеў – позна. Ды і жонка раскідала, як кажуць, сваіх дзетак па розных бальніцах, робячы аборты. Усё хацелася жыць для сябе. Сёння ў іх пенсія добрая, чарка-скварка, і ў яго, і ў яе. Вось так і жывуць “чаркаскварачнікі”, грошы копяць (каму – цяжка сказаць?!). Ён куркуль. Колькі помняць яго там, у вёсцы, ён ні разу не купіў сабе новы веласіпед. Усё збірае з “чэрмету”, дзясяткі разоў клеіць камеру, велапакрышку, недзе падбярэ вобад, вымаліць у некага раму. Так і едзе: то ланцуг спадзе, то камера лопне, то карэтка “паляціць”. Вечна цягне свой веласіпед назад у руках. Няўжо не лічыў ён, колькі грошай ідзе на гарэлку, ды за іх можна было набыць два ці тры новенькія ровары.
Гэта дыягназ. А яшчэ расказваў неяк сусед таго Антося Кубышкіна (так назавём чаркаскварачніка), што і могільнік за вёскай яны, гэтыя куркулі, даўно падзялілі. Сват-брат-пляменніца-ўнучка-дваюрадны брат, яшчэ нехта са сваякоўскага пантэона. І гаварыў той Антось: “Няхай побач ляжа са мной пляменніца, яе дзеці, сваякі… ну, каб калі на Вялік-дзень ці Радаўніцу прыйдуць да іх памянуць, то і мяне не забудуць”.
Кволае суцяшэнне. Тым больш, што ні брату, які жыве за мяжой і ў дапамозе не мае патрэбу, а прыязджае на радзіму гады ў рады, ні пляменнікам ён нічым не памог.
Адкуль жа такая надзея? Можа, гэта і ёсць тая ратавальная саломінка, за якую чапляецца чалавек напрыканцы свайго жыцця? Жыцця, пражытага як на голым полі – без дзяцей, без унукаў, без той дзіцячай усмешкі, якая цешыць і якая заўсёды малодзіць, заўсёды скрадвае маркоту, адпрэчвае хваробы на старасці.
М. КРЫНІЧНЫ.
Надрукавана ў  №88 ад 13.11.2018 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *