Творчество наших змляков. С нами так не бывает?

Культура Общество

Жанчыны мяне зразумеюць
Калі чытала пра такое ў часопісах, я толькі пасмейвалася і асабліва не верыла ў такі жахлівы для кожнай жанчыны збег абставін. А менавіта: ідзеш ты ўся такая на хвіліначку неахайная-непрычэсаная, а насустрач Ён — твой былы, з кагорты “калі-небудзь я адпомшчу гэтаму гаду сваім шчаслівым выглядам за тое, што ён ад мяне адмовіўся”. Карацей, са мной такога здарыцца не магло. Па-першае, я заўсёды імкнулася быць на вышыні, па-другое, мой былы з такой кагорты пераехаў у іншы горад. Цяпер па сутнасці.
Пяць гадзін вечара. Я радасна завяршаю свой працоўны дзень, дабіраюся дадому і ўжо там успамінаю пра бялізну, якую не забрала з пральні. Але яна працуе да шасці, я яшчэ паспяваю забраць, балазе, гэта недалёка, у двары. Хуценька накідваю першае, што трапілася, перацягваю валасы старэнькай плюшавай стужкай, хапаю сумку і — уперад!
Задаволеная сваёй спрытнасцю, з двума бауламі спрабую праціснуцца праз дзверы пральні, на шляху самааддана пачэсваючы вока. У імгненне разумею, што раніцай я рабіла старанны макіяж, спрабую адцерці яго ўжо ад сваёй рукі, паварочваюся, каб папрасіць люстэрка, але натыкаюся на суровы вокрык “Мы зачыняемся!” і рэціруюся.
Яшчэ здалёк я ўбачыла ідучага насустрач мужчыну, асабліва, зрэшты, не ўяўляючы маштабы сваёй трагедыі. Мне кінулася ў вочы беласнежная сарочка, яму — старая джынсавая спадніца, паласаты світэр з кішэняй “кенгуру”, хаваючы ўсялякі намёк на талію, адцягнутыя цяжарам бялізны рукі і абы-як скручаныя валасы. Ягоны позірк лёгкага здзіўлення быў бачны нават у змроку, кульмінацыяй жа гэтага жаху была песня “Одиночество — сволочь”, якая зараўла з кенгурушнай кішэні, калі мы параўняліся. Сяброўка. Дарагая. Скінула мне сваю любімую песню на тэлефон для выкліку сябе ж…
Лёгкае здзіўленне ў ягоных вачах, якое змянілася на спагадлівасць, дапамагло майму твару размалявацца ва ўсе колеры вясёлкі. Падпарадкоўваючыся толькі жанчынам зразумелай сіле прыцягнення носіка ўверх, я усё ж горда ўскінула твар. І ўсё. Мы размінуліся.
Можа, я яшчэ і нічога, пранасілася ў галаве на шляху да люстэрка, якое, зразумела ж, зараз было важней за ўсё. Ад убачанага з рук выпалі баулы і, здаецца, правалілася падлога. Пад левым вокам, змяшаўшыся ў дзікім колеры, цёмным сіняком красавалася мая расцёртая касметыка. Усё.
Анастасія МАТУСЕВІЧ, няштатны карэспандэнт газеты “Герой працы”.
Надрукавана ў №78 ад 11.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *