Доска Почёта Шумилинского района: Александр Гаврилов

Актуалии Общество Экономика

Дарогі  Аляксандра  Гаўрылава
Вялікая гвардыя аўтамабілістаў і дарожнікаў адзначыць у гэтую нядзелю сваё прафесійнае свята. У гэтых пачэсных радах крочыць і Аляксандр Гаўрылаў – вадзіцель Шумілінскага дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення №204, чый партрэт можна ўбачыць на Дошцы гонару Шумілінскага раёна.
Аляксандр ніколі не стаяў на ростанях, не гадаў, куды пайсці, якую дарогу выбраць. З дзяцінства марыў толькі пра прафесію вадзіцеля.
– Гэта іншыя хлопчыкі пісалі ў школьных сачыненнях пра палёты ў космас, – кажа ён, – а я ўяўляў сябе толькі за рулём аўтамабіля. Але перш, як і многія вясковыя хлопцы, навучыўся кіраваць трактарам. Памятаю сваю бязмежную радасць, калі першы раз самастойна калясіў па полі на Т-40.
А правы вадзіцеля дапамог атрымаць ваенкамат, які пасля Гарадоцкага СПТВ-48 накіраваў хлопца вучыцца аўтасправе. Прафесія спатрэбілася ў паветрана-дэсантных войсках, а потым і ў грамадзянскім жыцці.
– З парашутам удалося скокнуць? – не стрымліваюся спытаць у былога дэсантніка.
–  Была справа, – вяртаючыся ў думках да часоў маладосці, адказвае Аляксандр. – Віцебская часць тады была ў Афганістане, і мы праходзілі каранцін у Пскове. Там і скакалі.
– А ў Афганістан не баяліся, што адправяць?
– Наадварот, сам прасіўся. Мы ж тады геройствам жылі, маладыя былі, гарачыя, што мы разумелі. Але мяне не адправілі.
Пасля арміі Аляксандр пайшоў “шафярыць” на аўтабазу “Віцебск-водбуда”, працаваў на адсыпцы дарог каля меліярацыйных каналаў. Работа падабалася, зарплата была нядрэннай, калектыў – моцным і дружным. Можа, і да гэтага часу працаваў бы, калі б не накіравалі ў камандзіроўку ў Шу-міліна.
Тая камандзіроўка стала шчаслівай падзеяй у яго жыцці. У Шумілінскім ПМК-25, куды прыехаў камандзіраваны Аляксандр, майстрам працавала Таццяна Сцепаненка. І ён чамусьці адразу зразумеў, што гэта яго лёс. Гэтае знаёмства паставіла кропку на халасцяцкім жыцці, чаму ён быў толькі рады.
Перайшоў працаваць у Шумілінскае ДРБУ-204. Падлічыў і  здзівіўся, што ўжо 22 гады працуе тут.
Па-мужыцку грунтоўны, гаспадарлівы, ён умее рабіць справу якасна і надзейна. Да спецыфікі работы прывык. І пра тое, што зімой, калі мяце снег, трэба выязджаць, як сам кажа, у ноч-паўноч, чапляць лапату, раскідвальнік пяску і чысціць дарогу для аўтобусаў і аўталавак, ён расказвае з доляй гонару і рамантыкі ў голасе.
Зараз А. С. Гаўрылаў возіць на сваім МАЗе пясок і гравій, рамантуе разам з калегамі дарогу Бешанковічы–Крывое Сяло–Улазавічы (участак ад Гаравых да Полькавіч).
Будаваць і даглядаць дарогі – варты занятак для мужчыны, лічыць Аляксандр Сямёнавіч. Як і будаваць дом. Сам ён вельмі марыў пабудаваць дом з прасторнымі пакоямі, вялікай кухняй, з усімі зручнасцямі, каб любімай жонцы было ўтульна і зручна, каб сыну было дзе пабегаць. Пабудаваў. Яшчэ цесць, былы архітэктар Уладзімір Іларыёнавіч дапамагаў праектаваць. Цесця (на жаль, яго ўжо няма) і цешчу Кацярыну Анісімаўну Аляксандр лічыць залатымі людзьмі, вялікім падарункам у сваім жыцці.
Бягуць дарогі, ляцяць гады. Сёлета Аляксандр і Таццяна Гаўрылавы адзначылі 30-годдзе сумеснага жыцця. І сёлета ж яны сталі дзедам і бабуляй – сын з нявесткай падарылі ім унучку Сафію.
– Жыву, як усе, што тут пра мяне пісаць, – адбіваецца ад журналісцкай увагі Аляксандр.
Няхай сабе і так. Няхай усе жывуць у міры з сабой і людзьмі, у павазе калег, у клопатах пра сваю сям’ю, у мацаванні свайго сямейнага гнязда. Нічога геройскага. Але не так ужо і мала.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №84 ад 25.10.2019 г.