Подведены итоги социально-экономического развития Шумилинского района за 2019 год

Главное Новости Экономика

Развіваць прыватны бізнес, шукаць інвестараў
Развіваць прыватны сектар эканомікі, шукаць інвестараў запатрабаваў старшыня райвыканкама Віктар Гутараў на сумесным пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта 20 снежня, на якім абмяркоўваліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2019 годзе і прагнозе на 2020 год, а таксама выкананне раённага бюджэту за 11 месяцаў бягучага года і праект бюджэту на наступны год.


На пасяджэнне былі запрошаны старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, кіраўнікі арганізацый раёна.
Адкрываючы пасяджэнне, Віктар Гутараў адзначыў, што год набліжаецца да завяршэння, але нявырашаных пытанняў засталося шмат. Наступны год будзе завяршальным годам пяцігодкі. Планавыя заданні раёнам выкананы ў цэлым на 45%, таму 2020 год будзе вельмі напружаным і складаным. Трэба выявіць недахопы, якія нам перашкаджаюць эфектыўна працаваць. Выклікае насцярожанасць, што павялічылася колькасць прадпрымальнікаў, якія спыняюць сваю дзейнасць. Кіраўнік раёна заўважыў, што расце ўклад прыватнага сектара эканомікі, таму неабходна ўсяляк падтрымліваць і развіваць прыватную ініцыятыву.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка паведаміла, што за 11 месяцаў раён з пяці паказчыкаў матрыцы задач выканаў адзін (зніжэнне затрат за 9 месяцаў склала мінус 5% пры заданні мінус 2). З 12 асноўных прагнозных паказчыкаў – тры: тэмп рознічнага тавараабароту – 107,2% (заданне 105%), тэмп росту тавараабароту склаў 122,8% (104%), зніжэнне ўзроўню выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі.
За 11 месяцаў не забяспечана вытворчасць прамысловай прадукцыі (103% пры заданні 105%), вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі (97,7% пры неабходных 109,6%), рэнтабельнасць продажаў – мінус 1,1% (8%), аб’ём будаўніча-мантажных работ – 99,8% (112%), экспарт тавараў – 92,8% (105,2%), экспарт паслуг – 72,7% (105,3%), колькасць працаўладкаваных грамадзян на новыя працоўныя месцы – 56 (70), не выканана заданне па прыцягненні прамых замежных інвестыцый. Па выніках года плануецца выканаць 2 ключавых паказчыкі матрыцы задач і 5 з 12 рэйтынгавых паказчыкаў – да выкананых за 11 месяцаў дададуцца колькасць новых створаных арганізацый – 6 (заданне 5) і працаўладкаваных грамадзян – 85 (заданне 70).
З іншых паказчыкаў выканана заданне па ўводзе агульных плошчаў жылых дамоў (102% да задання), рост сярэднемесячнай заработнай платы – 738,5 рубля (712 руб.).
Няпростая сітуацыя склалася ў сельскай гаспадарцы: вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі 97,7%. Прырост вытворчасці забяспечылі толькі УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» (106,1), ААТ «Ляжні» (106,3%), ТАА «Вітконпрадукт» (101,1%). Знізіліся ў параўнанні з мінулым года пагалоўе, прывагі буйной рагатай жывёлы, надой малака на карову, таварнасць малака. Павялічылася вытворчасць прадукцыі раслінаводства: валавая вытворчасць збожжа склала 19,46 тыс. тон (133,1% да 2018 года) пры ўраджайнасці 19,5 ц/га; насення рапсу – 2238 тон (142,6%) пры ўраджайнасці 9,6 ц/га.
Закладзены пэўныя плошчы пад ураджай наступнага года: пасеяна азімых зерневых 5882 га, крыжакветных – 2414 га, узнята зябліва 6663 га.
У ліку праблем, якія не дазволілі забяспечыць выкананне планавых паказчыкаў, дакладчык назвала недахоп мінеральных угнаенняў і кармоў, зношанасць машынна-трактарнага парку, складаную фінансавую сітуацыю ў большасці сельскагаспадарчых арганізацый.
У прамысловасці забяспечана стабільная работа Обальскага керамічнага завода, які працуе на 100% магутнасцей, высокая доля інавацыйнай прадукцыі – 51,9%. Невыкананне паказчыка ў цэлым звязана са зніжэннем квот на выраб алкагольнай прадукцыі. Стабільна працавала жыллёва-камунальная гаспадарка, вядзецца аптымізацыя цеплавых сетак (абноўлена 3 км), замена катлоў і воданагравальнікаў на энергаэфектыўныя. Доля мясцовых відаў паліва складае 58,5%. Уведзены ў эксплуатацыю чатыры станцыі абезжалезвання.
У прадпрымальніцкім сектары на падатковым уліку стаіць 107 арганізацый малога і сярэдняга бізнесу, 180 індывідуальных прадпрымальнікаў. За 2019 год зарэгістравана 6 новых арганізацый. Пры гэтым у працэсе ліквідацыі знаходзіцца 30 юрыдычных асоб, 45 ІП. Недзяржаўны сектар уносіць значны ўклад у эканоміку раёна, забяспечвае 62,7 экспарту тавараў, 43,3% паступленняў у кансалідаваны бюджэт, 30% занятых у эканоміцы.
Дакладчык адзначыла, што зараз стаіць задача ўцягнуць у гаспадарчы абарот будынкі і памяшканні, якія не выкарыстоўваюцца.
У эканоміцы раёна заняты 7,4 тысячы чалавек (на 117 менш, чым у мінулым годзе). Сярэдняя зарплата склала 738,5 рубля (ад 590,6 рубля ў сельскай і лясной гаспадарцы да 933,2 рубля ў будаўніцтве). У 7 арганізацыях зарплата складае менш за 500 рублёў.
Святлана Цімашэнка агучыла і задачы, якія стаяць перад арганізацыямі раёна на наступны год. Яны вельмі высокія і патрабуюць значных намаганняў, каб іх паспяхова рэалізаваць.
У ходзе абмеркавання кіраўнік раёна падкрэсліваў, што трэба актыўна працаваць усім у пошуках інвестараў, прапаноўваць пляцоўкі для развіцця аграэкатурызму, для стварэння новых прадпрыемстваў. Справаздачы трымалі кіраўнікі асобных прадпрыемстваў, якія не забяспечылі выкананне планавых паказчыкаў.

Бюджэт
З інфармацыяй аб выніках выканання бюджэту раёна за мінулы перыяд і аб раённым бюджэце на 2020 год выступіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Алена Сідарэнка. З улікам работы рэальнага сектара эканомікі, падатковай базы на 2019 год, дадатковых паступленняў за студзень-лістапад 2019 года забяспечана выкананне гадавога плана бюджэту Шумілінскага раёна на 92,5% пры сярэднеабласным 88,7% і сярэднім сярод сельскіх раёнаў 90,1%. План 11 месяцаў выкананы на 101,6%. У бюджэт усіх узроўняў паступіла 15,54 мільёна рублёў, у тым ліку ў рэспубліканскі 5,016 мільёна, у бюджэт раёна 11,48 мільёна рублёў. У цэлым захавалася і структура даходнай часткі бюджэту: 47,7% паступленняў – падаходны падатак з фізічных асоб, 16,1% – падатак на дабаўленую вартасць, 11,5% – падаткі на ўласнасць, 4,9% — падаткі, якія плацяцца пры асаблівых рэжымах падаткаабкладання, 6,4% – кампенсацыі выдаткаў дзяржавы, 2,4% — падаткі на прыбытак.
Асноўнымі плацельшчыкамі ў бюджэт раёна з’яўляліся УП «Славянскі прадукт» (8,8%), УП «Шумілінская ПМК-70» (8,6%), ДЛГУ «Шумілінскі лясгас» (6,7%), СТАА «Вітконпрадукт» (5,3%), УП ЖКГ (3,1%), ААТ «Обальскі керамічны завод» (3,0%). Адмоўна ўплываюць на напаўняльнасць бюджэту даўгі па падатковых плацяжах, якія склалі 351,8 тысячы рублёў.
Як паведаміла начальнік фінаддзела, выдаткі бюджэту за 11 месяцаў бягучага года склаліся ў суме 30,0 мільёна рублёў. За кошт уласных сродкаў прафінансавана 38,3% усіх расходаў, за кошт паступленняў з абласнога бюджэту – 61,7%. Асноўныя сумы расходаў склаліся па галінах: адукацыя (43%), ахова здароўя (18,6%), жыллёва-камунальная гаспадарка і жыллёвае будаўніцтва (14,2%), фізкультура, культура і СМІ (6,3%), агульнадзяржаўная дзейнасць (9,9%) і сацыяльная абарона (5,2%). Дэфіцыт бюджэту на 1 снежня склаў 216,8 тысячы рублёў.
У агульных выдатках 57,3% займае заработная плата з налічэннямі, 9,8% – аплата паслуг ЖКГ, 14,2% – субсідыі, у тым ліку арганізацыям ЖКГ за паслугі насельніцтву. Больш за мільён рублёў выплачаны на сацыяльныя дапамогі насельніцтву.
Алена Сідарэнка прадставіла і план бюджэту раёна на 2020 год. Агульная сума даходаў прагназуецца ў аб’ёме 13,42 мільёна рублёў і вырасце на 6% у параўнанні з 2019 годам. Расходы бюджэту складуць 38,96 мільёна рублёў (на 16% больш за 2019 год). Бюджэт захавае сацыяльную накіраванасць. Прадугледжана фінансаванне падрыхтоўчых мерапрыемстваў да правядзення «Дажынак-2021» – 1,0 мільёна рублёў і столькі ж на добраўпарадкаванне г. п. Обаль.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №100 ад 24.12.2019 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *